Да цэн на цукар будзе пільная ўвага ў бліжэйшыя тры месяцы

Усталюем салодкi парытэт

Пра гэта гаворыцца ў пастанове МАРГ ад 4 снежня мiнулага года № 60. Так, лімітавая мінімальная рознічная цана белага крышталічнага цукру, як імпартнага, так і вырабленага ў нас, у магазiнах павінна быць не ніжэй за 1,5 рубля — з улiкам падатку на дабаўленую вартасць. 

Пакупнiкi разважаюць: «Добра, што рэгуляваць цэны на цукар узялiся да лета — сезона варэння».
Пры гэтым надалей цэны на цукар не могуць быць ніжэй за гранічныя мінімальныя адпускныя і рознічныя нават з улікам распродажаў і скідак па дысконтных картах. Больш за тое, кошт рэшткаў салодкага прадукту, якія знаходзiлiся ў магазiне на ўчорашні дзень, павінны «падагнаць» пад нормы пастановы. Па гэтых жа правiлах будуць заключацца новыя дамовы. 

А абмежаванне лімітнай максімальнай гандлёвай надбаўкі — з улікам аптовай надбаўкі — у памеры 15% абавязковае на зноў паступіўшы асартымент з 17 студзеня. Каб правільна вызначыць цану, пры афармленні суправаджальных дакументаў вытворцы і аптавікі павінны ўказваць інфармацыю, неабходную для фарміравання кошту з захаваннем новых правілаў. Напрыклад, адпускную цану, працэнт аптовай надбаўкі ці скiдкі. 

У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю акцэнтавалі ўвагу і на іншых важных момантах. Так, напрыклад, патрабаванні дакумента не распаўсюджваюцца пры фарміраванні цэн на цукар у дробнай упакоўцы — у пакеціках па 20 грамаў і менш.

На такі крок у ведамстве пайшлі з-за некалькiх фактараў. Па-першае, з-за рэзкага росту імпарту, у асноўным — з Расіі. У суседзяў выдаўся ўраджайны год на цукровыя буракі, i гэта дазволiла знiзiць цэны. А пастаўкi салодкага прадукту да нас за студзень — кастрычнік мiнулага года ў параўнанні з такiм жа перыядам 2016-га выраслi амаль у восем разоў — да 30,3 млн долараў. 

Па-другое, нашы заводы зменшылi аб’ёмы вытворчасці. Паводле даных Белстата, у студзені — лістападзе яны вырабiлi крыху больше за 580 тысяч тон цукру. Гэта на два дзясяткi працэнтаў менш за аналагічны перыяд пазамiнулага года. Раней у канцэрне «Белдзяржхарчпрам» абяцалі: нават з улікам зніжэння цукрыстасці — год для аграрыяў выдаўся няпростым — агульныя аб’ёмы па выхадзе канчатковага прадукту не згубяцца. Прагназавалася, што вытворчасць цукру складзе не менш як 600 тысяч тон. Гэта павінна было забяспечыць і ўнутраны рынак, а таксама ўсе замежныя пастаўкі. 

У вынiку склалася сiтуацыя, што да нядаўняга часу прывазны прадукт быў на 20 капеек танней, чым наш. Дарэчы, цукар апынуўся ў ліку прадуктаў, на якія ў мінулым годзе больш за ўсё ўпалі цэны — на 8%. Што, вядома, уплывала на выбар пакупнікоў. Лагічна выказаць здагадку, што адбівалася ўсё гэта і на вытворцах. Але ніхто з іх не пагадзіўся пракаменціраваць становішча спраў. Адмову некаторыя тлумачылі тым, што ім трэба час, каб самім ва ўсім разабрацца.

Пастанова МАРГ будзе дзейнічаць на працягу 90 дзён, па 16 красавiка. Нормам Еўразійскага эканамічнага саюза такі крок не супярэчыць. Бо прадугледжана магчымасць увядзення на нацыянальным узроўні цэнавага рэгулявання на таварных рынках, што «не знаходзяцца ў стане натуральнай манаполіі, зыходзячы з меркаванняў нацыянальнай бяспекі». Цукар – менавiта такi стратэгiчны i сацыяльна значны тавар. 

druk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter