Успомнім нашых продкаў

Заўтра завершыцца фэст фальклорнага мастацтва «Берагіня»

Вялікім гала-канцэртам і ўзнагароджваннем пераможцаў у гарпасёлку Акцябрскі заўтра завершыцца VIII рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня». Удзельнічае ў нацыянальным фэсце захавальнікаў культурных традыцый каля 20 танцавальных калектываў, гуртоў і салістаў з усіх куткоў краіны. Спяваюць і танцуюць як 10-гадовыя, так і артысты пенсійнага ўзросту.

У праграме фестывалю — конкурсы танцавальных пар, дзіцячых калектываў, выступленні салістаў і інструментальных груп. Па словах першага намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вольгі Антоненка, унікальнасць «Берагіні» ў тым, што тут на суд гледачоў выносіцца аўтэнтычны матэрыял: калектывы-ўдзельнікі выконваюць песні і танцы без сучаснай апрацоўкі, «па лякалах» нашых далёкіх продкаў.            

Відовішчнае адкрыццё свята адбылося на сцэне маляўнічага гарадскога парку. Распачало вялікі музычны фэст выступленне групы сярэдневяковай беларускай музыкі «Стары Ольса», а на завяршэнні яго парадуюць жыхароў Акцябрскага і гасцей артысты фальклорна-этнаграфічнага гурта «Неруш» Белдзяржуніверсітэта. Культурным пралогам да цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў стане вялікае свята «Купалле ў Рудабелцы» — з пляценнем і пусканнем па возеры вянкоў, дэфіле народных строяў, шэсцем па вуліцах райцэнтра і купальскім карагодам каля кастра.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
3.13
Загрузка...
Новости