Услед за Благадатным Агнём

Сёння раніцай рушыла ў дарогу рэспубліканская навукова-асветная экспедыцыя

Як расказала першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч, сёлета маршрут экспедыцыі з Благадатным Агнём ад Труны Гасподняй, якая традыцыйна праводзіцца да Дня беларускага пісьменства, пачнецца з горада Мінска ад Свята-Духава кафедральнага сабора і пройдзе па тэрыторыі Мінскай, Брэсцкай і Магілёўскай абласцей: праз Святое Поле каля вёскі Загор’е Баранавіцкага раёна, гарады Клецк і Любань, Глуск і Кіраўск, аграгарадкі Мышкавічы Кіраўскага раёна, горад Быхаў Магілёўскай вобласці, Святую Крыніцу Захаранка каля вёскі Гамарня, вёскі Баркалабава і Мокрае Быхаўскага раёна, горад Магілёў. Завершыцца экспедыцыя ў Шклове ўрачыстай літургіяй, якую правядзе Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Пасля літургіі ў храме ў гонар Праабражэння Гасподняга Непагасная Лампада Духоўнасці з Благадатным Агнём будзе перададзена на вечнае захаванне храму.
Шлях “Дарогі да Святыняў”, кіраўніком якой з’яўляецца лаўрэат нацыянальнай прэміі “За духоўнае адраджэнне” пісьменніца Ніна Загорская, пройдзе праз манастыры, храмы, капліцы, універсітэты, школы, дамы сацыяльнага сіроцтва, дзіцячыя, а таксама дамы ветэранаў, працоўныя калектывы. На маршруце экспедыцыі будуць асвячацца помнікі славы і мужнасці нашага гераічнага народа, запланавана правядзенне ўрокаў беларускага пісьменства ў школах, гімназіях, каледжах. У экспедыцыі прымаюць удзел вядомыя пісьменнікі, вучоныя, артысты тэатра, прадстаўнікі міністэрстваў, духавенства.
“Гэта экспедыцыя знітоўвае духоўнасцю славутыя мясціны нашай краіны”, — адзначыла Лілія Ананіч.
У Шклове будзе шырока прадстаўлена творчасць май-строў культуры Магілёўскай вобласці. На “Вуліцы духоўнасці, асветы і культуры” размесцяцца тэматычныя пляцоўкі: “Тэатральны фальварак”, “Магілёўшчына музейная”, “Магілёўшчына бібліятэчная”, “Магілёўшчына літаратурная”, “Газетныя выданні Магі-лёўшчыны” і іншыя. У гарадскім парку на працягу ўсяго дня будуць праходзіць літаратурна-музычныя мерапрыемствы праграмы “Свята дзяцін-ства”. У Александрыйскім дзіцячым садзе, сярэдняй агульнаадукацыйнай школе і сярэдняй школе № 1 горада Шклова па ініцыятыве Грамадскага прэс-цэнтра Дома прэсы адбудзецца акцыя “Моладзь за здароўе і развіццё”, партнёрамі якой з’яўляюцца прадстаўнікі Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ), члены Саюза пісьменнікаў Беларусі.
У наступным годзе, як паведаміла Лілія Ананіч, “сталіцай” Дня беларускага пісьменства стане старажытны горад Барысаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter