Как накануне учебного года проверяют школьные спортивные площадки

Усiм трэба падцягнуцца

Вучні з асалодай адзначаюць, што да пачатку заняткаў у школах застаўся яшчэ цэлы месяц, а ў калектываў устаноў адука­цыі зараз самая гарачая пара — падрыхтоўка да новага навучальнага года. Ужо створаны спецыяльныя камісіі, якія правяраюць стан спартыўных аб’ектаў, а таксама кансультуюць педагогаў па пытаннях бяспекі. Карэспандэнт «Р» далучылася да спецыялістаў, каб даведацца, ці трэба турбавацца бацькам, калі іх дзеці займаюцца на школьных пляцоўках.

Фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА

Ад чаго залежыць бяспека

Сустракаемся каля будынка камітэта па адукацыі і адразу ж садзімся ў машыну. Марнаваць час нельга, члены камісіі напружана працуюць кожны дзень. Школ у горадзе шмат, спартыўных аб’ектаў на іх тэрыторыі яшчэ больш — у сістэме адукацыі Мінска налічваецца 142 спартыўныя ядры (так называюць шматфункцыянальныя пляцоўкі) і 879 плоскасных спартыўных збудаванняў. Кожную канструкцыю неабходна агледзець, памацаць, праверыць на трываласць ды яшчэ азнаёміцца з дакументацыяй, якая яе тычыцца. Туды, дзе заўважаны недахопы, давядзецца вярнуцца праз дзень-другі, каб упэўніцца, што яны ліквідаваны. 

Спартыўныя пляцоўкі школ Маскоўскага і Фрунзенскага раёнаў Мінска ўжо правераны. Па словах Святланы Макрыцкай, дырэктара Мінскага гарадскога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнскай моладзі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, камісія звяртае ўвагу перш за ўсё на рэчы, ад якіх залежыць бяспека дзяцей:

— Неабходна, каб усе канструк­цыі, малыя архітэктурныя формы, трэнажоры былі трывала замацаваны, пафарбаваны. Яны не павінны мець частак, якія выступаюць, аб якія можна параніцца. Пакрыццё стадыёнаў, бегавых дарожак павінна быць бездакорным, інакш на іх можна спатыкнуцца і атрымаць траўму. 

Усе школьныя спартыўныя аб’екты будуць уважліва даследаваны з пункта гледжання бяспекі.

Па словах Святланы Станіс­лаваўны, дробныя недахопы знаходзяцца ў трэці школ:

— Як правіла, нічога сур’ёзнага: яшчэ не пафарбаваны ўсе канс­трукцыі, невыразная разметка. Мы рэкамендуем ліквідаваць іх, а праз некалькі дзён прыедзем і праверым зноў. 

Турнiк вытрымае ўсё

Зараз мы накіроўваемся ў Цэнтральны раён Мінска. 

32-я школа ў мікрараёне Лябяжы на вуліцы Камайскай — адна з самых новых у горадзе, ёй усяго толькі чатыры гады. Магчыма, таму праектавалася яна з улікам усіх спартыўных патрэб і пажаданняў. Чаго тут толькі няма — шматпрофільная пляцоўка плошчай аж чатыры соткі, валейбольна-баскетбольная пляцоўка з назіральным пунктам для суддзі, якую можна пры неабходнасці пераабсталяваць для тэніса, хакейная каробка, спартыўная зала, харэаграфічны клас, трэнажорная зала, лыжная база і нават цір. Амаль усе гэтыя аб’екты забяспечаны раздзявальнямі з асабістымі шафамі, душавымі пакоямі. Дарэчы, карыстацца спартыўнымі пляцоўкамі школ могуць не толькі вучні, але і іх бацькі, ды і наогул усе, хто мае жаданне.

— Менавіта ў нас праходзілі IV Малыя алімпійскія гульні — дзіцячыя спартыўныя спаборніцтвы, — Зінаіда Міхайлава, дырэктар школы, яўна ганарыцца сваёй спартыўнай інфраструктурай.

З павагай ставяцца да яе і госці. Тым не менш Святлана Макрыцкая, Аксана Свадкоўская, начальнік аддзела спартыўна-масавай і аздараўленчай работы цэнтра, і Анатоль Максімюк, дырэктар ДУА «Фізкультурна-спартыўны цэнтр дзяцей і моладзі Цэнтральнага раёна Мінска», асабіста правяраюць кожны аб’ект. Спрабуюць на трываласць вароты і слупы для баскетбольных і валейбольных сетак, турнікі, брусы і шведскія сценкі, уважліва аглядаюць пакрыццё падлогі зал і пляцовак, правяраюць акты іх гатоўнасці. Прыходзяць да высновы, што тут усё ў поўным парадку. 

Анатоль МАКСІМЮК: «Цір школы № 32 абсталяваны рухомымі мішэнямі».

Наступная на нашым маршруце школа № 180 на вуліцы Радужнай. Выглядае яна больш сціпла, чым папярэдняя, але і ўзростам старэйшая — па словах дырэктара Ірыны Даніловіч, школе каля 30 гадоў. Тым не менш ёй належыць вельмі прыстойны стадыён з бегавымі дарожкамі, полем для гульні ў футбол, пляцоўкай для баскетбола. Якраз зараз на стадыёне размінаюцца хлопчыкі, якія потым зоймуцца тэнісам на корце, размешчаным побач. На стадыёне ў Святланы Станіславаўны з’явілася невялікая заўвага: металічныя штангі варот неабходна пафарбаваць. Здаецца, дробязь, але што, калі лускавінка адстаўшай фарбы трапіць у вока? Пераходзім у спартыўную залу. Доўгае прамавугольнае памяшканне падзелена сеткай на дзве часткі. Тут адначасова могуць займацца, не перашкаджаючы адна адной, дзве групы. 

— Звярніце ўвагу на гэты шост для лажання, — Святлана Станіс­лаваўна аглядае спартыўную прыладу. — Вельмі зручны, са спецыяльным пакрыццём, якое не дазволіць абпаліць далоні пры слізганні ўніз. 

Здрыгануўшыся, успамінаю канат з вялізным вузлом знізу ў сваёй школе. Ніводнага разу мне не ўдалося пераадолець па ім хоць колькі-небудзь прыстойную адлегласць. А вось далоні пасля незлічоных спроб сапраўды гарэлі…

Тым часам пад моцнай рукой Анатоля Максімюка нечакана пачынае бразгатаць верхняя гарызантальная перакладзіна варот:

— Неабходна тут гайкі падцягнуць!

Падобны недахоп — падстава вярнуцца ў школу праз дзень-другі, каб упэўніцца, што рэкамендацыі выкананы.

Было б жаданне

У гімназіі № 16, што на вуліцы Лесі Украінкі, шчыра шкадую, што жыву далёка ад яе. Прычына таму — шыкоўны басейн, глыбіня якога вар’іруецца ад 120 сантыметраў да 5 метраў. Праўда, пакуль што вады ў ім няма, але лёгка ўявіць, як яна, празрыста-блакітная, калышацца ў плітцы, пускаючы блікі па сценах. 

— Чаша вымыта, пятнаццатага жніўня напоўнім вадой і дададзім спецыяльныя хімічныя сродкі для абеззаражвання, і з першага верасня басейн пачне працаваць, — запэўнівае Юрый Конюх, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце. 

Размешчаны басейн у асобным будынку, які злучаны галерэяй з вучэбным корпусам — каб дзеці не застудзіліся пасля заняткаў плаваннем. Душавыя пакоі, фены — усё арганізавана як мае быць. 

З пачаткам навучальнага года басейн гімназіі № 16 прыме вучняў многіх школ Цэнтральнага раёна Мінска.

У басейне праводзяць заняткі па плаванні для вучняў не толькі гімназіі, але і многіх іншых школ Цэнтральнага раёна. 

У гэтым жа збудаванні — тэнісныя корты і трэнажорная зала.

Школьны стадыён карыстаецца вялікай папулярнасцю. Зараз на ім спартыўнага выгляду дзядуля гуляе ў футбол з двума ўнукамі. Юрый Уладзіміравіч паказвае месцы, дзе ўжо давялося латаць спецыяльнае пакрыццё, — напрыклад, у футбольных варотах. Відаць, галкіперы тут актыўныя. 

Узімку ж да многіх відаў спорту, якімі займаюцца вучні, далучаецца лыжная падрыхтоўка, таму ў кожнай з трох школ ёсць добрая лыжная база. Адным словам, было б жаданне, а магчымасцей для бяспечных трэніровак у нашых дзяцей хапае.

nevmer@sb.by

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
ГОРЯЧАЯ ТЕМА: