Аграгарадок Дзiвiн знаходзiцца на самым поўднi Беларусi, амаль што на мяжы з Украiнай. Сёння тут жыве больш за 2800 чалавек. Зараз вяскоўцы рыхтуюцца да свята: у вераснi тут адгуляюць абласныя «Дажынкi». У аграгарадок з’едуцца госцi з усёй Брэсцкай вобласцi. Карэспандэнт «Р» адправiўся ў Кобрынскi раён i ўбачыў, як свята працаўнiкоў вёскi змяняе жыццё ў прыгранiчным Дзiвiне.
«Афіцыйная» гісторыя Дзівіна пачалася ў 1466 годзе. З 1940 года па 1959 ён быў нават раённым цэнтрам.
Аграгарадок са слаўнай гiсторыяй
Толькi заехалi ў аграгарадок — трапiлi ў пробку. На цэнтральнай вулiцы арганiзваны рэверсiўны рух. Дарожнiкi мяняюць асфальт, уладкоўваюць тратуары. Да часовых нязручнасцяў аўтамабiлiсты адносяцца з разуменнем:
— Некалькi хвiлiн можна пачакаць, нiчога страшнага, — гаворыць Вiктар Абрамчук. — Усё ж для людзей стараюцца, каб Дзiвiн стаў больш камфортным i ўтульным.
На цэнтральных вуліцах Дзівіна з’явіцца не толькі новы асфальт, але і тратуары
У цэнтры аграгардка таксама шчыруюць дарожнiкi i будаўнiкi. У скверы разбiваюць газоны, пракладваюць новыя дарожкi. Ужо зараз тут гуляюць мамы з каляскамi, катаюцца на веласiпедах падлеткi. Хутка у скверы з’явiцца вялiкая дзiцячая пляцоўка, i ён стане любiмым месцам адпачынку i сустрэч.
— Прыемна бачыць, як мяняецца родны Дзiвiн, — гаворыць пенсiянерка Вольга Лiтвiнчук. — Для нас гэта доўгачаканыя змены. Калiсьцi Дзiвiн меў Магдэбургскае права, быў раённым цэнтрам. У яго слаўная гiсторыя! Таму важна, каб i сёння ён выглядаў адпаведна.
Зараз аграгародок нагадвае адну будаўнічую пляцоўку
Прыемныя турботы
У мясцовых уладаў зараз турбот як нiколi шмат. Старшыня сельвыканкама Вера Пiкула расказвае, што «Дажынкi» зменяць Дзiвiн да непазнавальнасцi:
— Тут я жыву ўжо 30 гадоў i нiколi не бачыла такой «двiжухi». Зроблена вельмi шмат, трэба зрабiць не менш. Адрамантавалi бальнiцу, замянiлi вокны, дзверы. Зрабiлi добрыя ўмовы для iнвалiдаў-калясачнiкаў. Таксама рамонт зрабiлi ў дзiцячым садку. Уцяплiлi i абнавiлi спартыўную залу ў школе. Працягваецца капiтальны рамонт кафэ. Таксама адрамантуюць амаль што ўсе сацыяльныя аб’екты: банк, пошту, лазню, Дом культуры. Нарэшце ў нас з’явяцца тратуары. Хачу падзякаваць неабыякавым жыхарам Дзiвiна, якiя ўдзельнiчалi ў нашых шматлiкiх суботнiках.
Дзівінцаў радуюць тыя перамены, якія адбываюцца на іх малой радзіме.
Вера Пятроўна расказвае, што сёння ў Дзiвiне жыве 1540 чалавек працаздольнага узросту. 460 дзяцей i больш за 800 пенсiянераў. Найбуйнейшыя працадаўцы — Кобрынскi лясгас, прыватнае швейнае прадпрыемства «Лангхайнрых Канфекцыён Бел», ААТ «Любань», мясцовае спажывецкае таварыства...
Амаль што кожны дзень у Дзiвiн прыязжае намеснiк старшынi Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Мартынюк. Па яго словах, праблем з фiнансаваннем работ зараз няма:
— Галоўная крынiца фiнансавання — абласны бюджэт. На капiтальны рамонт бальнiцы, школы, дзiцячага садка, допраўпарадкаванне цэнтральнай часткi аграгарадка было выдаткавана 3,8 млн рублёў. У дарожнiкаў, энергетыкаў — свае крынiцы фiнансавання. З раённага бюджэту мы аплацiлi асфальцiраванне двух кiламетраў сельскiх дарог. Плюс зрабiлi адсыпку некалькiх вулiц жвiрам.
Якасцi работ — асаблiвая ўвага.
Сустрэнемся пад лiхтарамi
Перамен у Дзiвiне многа. У цэнтры аграгарадка з’явiлiся светладыёдныя лiхтары. Супрацоўнiкi электрасетак замянiлi старыя апоры. Камунальная служба пабудавала новы каналiзацыйны калектар. Яго даўжыня больш за кiламетр. Гэта дазволiла лiквiдаваць адно з двух ачышчальных збудаванняў, якiя ўжо адслужылi свой век. Да таго ж у мiнулым годзе ў Дзiвiне пабудавалi два рэзервуара для чыстай вады i новую насосную станцыю. Цiск у водаправодзе павысiўся i цяпер можна будаваць новыя веткi.
Рамонт школы — адзiн з найбольш значных праектаў.
Не забываюць дзiвiнцы i пра свае традыцыi. Нядаўна аграгарадок упрыгожыла кампазiцыя з васьмi разьбяных скульптур, якiя прысвечаны народнаму вясельнаму абраду «Лёлiкаўская свацця». Галоўную гераiню выразаў народны майстар Беларусi з Камянца Анатоль Туркоў.
На розных аб’ектах задзейнічаны дзясяткі будаўнікоў.
— У кожным кутку краiны вясельны абрад мае свае асаблiвасцi, — расказвае загадчык аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама Надзея Жук. — У Дзiвiнскiм рэгiёне галоўным персанажам з’яўляецца свацця з яе асаблiвым убраннем. Такога касцюма з рознакаляровым пер’ем пеўня на галаўным уборы, вышытым на кашулi, фартуху i спаднiцы ўсёвiдушчым вокам няма нiдзе ў Беларусi.
losich@sb.by
Фото БЕЛТА