«Усiх, хто крычаў за перадзел, сабраў i павез у Расiю»

У дироектора ООО "Прудинки" Василия Красника свои методы воспитания

У дырэктара верхнядзвінскага ААТ «Прудзінкі» Васіля Красніка свае, не зусім звычайныя, але вельмі эфектыўныя метады выхавання
КАЛЯ трыццаці гадоў таму Васіль КРАСНІК пакінуў «цёплае месца» намесніка начальніка Верхнядзвінскага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і пайшоў кіраўніком у самы адстаючы калгас раёна. Ён і сёння ўзначальвае тую ж гаспадарку, але цяпер адкрытае акцыянернае таварыства «Прудзінкі» адно з самых перадавых і эканамічна моцных сельгаспрадпрыемстваў Віцебшчыны. За вопытам туды едуць з вобласці, рэспублікі і нават з замежжа.


09-1 500.jpg

Дырэктар заўсёды ставіць для сябе і калектыву самую высокую планку, не прызнае ніякіх месцаў, акрамя першага. Вырасціў цэлую пляяду маладых кіраўнікоў, дапамагае простым людзям.
Васіль Краснік узнагароджаны медалём «За працоўную доблесць», называўся «Чалавекам года Віцебшчыны». Прэмію за гэта званне ахвяраваў дзіцячаму прытулку.

Сёння Васілю Аляксеевічу 60 гадоў. Ён — госць «Сельской газеты».

— Васіль Аляксеевіч, дзе тая Тураўшчына і дзе Верхнядзвінскі раён. Як атрымалася, што вы аказаліся на Віцебшчыне?

— Я хацеў стаць урачом-стаматолагам. Мара была паступіць у медыцынскі інстытут. Старэйшы брат Мікалай, які быў мараком далёкага плавання, агітаваў мяне ў мараходнае вучылішча. І я ўжо схіляўся да апошняга, але запратэставала маці: хопіць у сям’і аднаго ваеннага! І тут сваё важкае і апошняе слова сказаў бацька: «Я трыццаць пяць гадоў адпрацаваў у калгасе ветэрынарам. Хтосьці з пяцярых сыноў падменіць?» Гонар выпаў мне. Закончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут і па размеркаванні быў якраз накіраваны ў сваю Гомельскую вобласць. Але, калі прыехаў на месца, мяне агарошылі: «Табе работа будзе, а вось жонцы — няма». 

Трэба адзначыць, што са сваёй спадарожніцай жыцця Ганнай Іванаўнай я пазнаёміўся яшчэ падчас вучобы ў інстытуце. Сама яна родам з Міёрскага раёна, які суседнічае з Верхнядзвінскім. Вось і прыйшлося падавацца ў яе мясціны. Зайшоў у Верхнядзвінскае ўпраўленне сельскай гаспадаркі. Начальнік Віктар Віктаравіч Драгун прапанаваў на выбар дзве гаспадаркі: калгас «Новы шлях» (цяперашняе  ААТ «Шайцерава». — Аўт.), які займаўся свінагадоўляй, і калгас імя Ільіча (сёння ААТ «Нурава». — Аўт.), дзе вырошчвалі бычкоў.

Праблем і тады больш было са свіннямі: розныя хваробы, падзеж. Я адказаў: «Пайду туды, дзе цяжэй». Віктар Віктаравіч абняў мяне: «Я таксама па спецыяльнасці ветурач і пачынаў у свінаводстве. Зраблю ўсё, каб ты застаўся ў раёне». З той пары я 37 гадоў тут. З іх 29 — у Прудзінках.

— Аднак у гэтыя самыя Прудзінкі вы прыехалі з  упраўлення сельскай гаспадаркі, дзе займалі высокую пасаду?

— Сапраўды, два гады працаваў намеснікам начальніка Верхнядзвінскага ўпраўлення сельскай гаспадаркі  па жывёдагадоўлі. Там было някепска. Але хацелася самастойнасці, паглядзець, на што сам здатны. А тут добры выпадак: у гаспадарках раёна адразу мянялася шэсць кіраўнікоў. Вось  і пайшоў дабравольцам у Прудзінкі, тады называўся калгас «Кастрычнік», які па ўсіх паказчыках быў апошнім. 

Збіралі па 17—18 цэнтнераў зерневых з гектара, даілі ад каровы за год па 1800 кілаграмаў малака. Сёння маем па 40—44 цэнтнеры зерня на круг, прадуктыўнасць дойнага статка — 6200 кілаграмаў, нарыхтоўваем 30 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, ураджайнасць лёну давялі да 16 цэнтнераў ільновалакна з гектара. 

— Але ж усё гэта не прыйшло само сабой?

— Найбольш яскрава мне прыгадваецца пачатак. Тады па ініцыятыве журналіста Леаніда Екеля тут быў створаны камсамольскі атрад. Працаваць  механізатарамі, даяркамі, цялятніцамі ў гаспадарку з розных куткоў краіны па камсамольскіх пуцёўках прыехала моладзь. Усяго чалавек пятнаццаць. Яны былі не толькі перадавікамі вытворчасці, але і арганізоўвалі цікавыя вечарыны, канцэрты. Многія з тых камсамольцаў засталіся ў калгасе. Цяпер эстафету падхапілі іх дзеці. 

— Васіль Аляксеевіч, вас тут называюць яшчэ і будаўніком. Кажуць, што ўвесь час вы нешта будуеце?

(Краснік кладзе на стол фотаздымкі, на якіх сцены ад нейкіх разбураных будынкаў, паросшых быльнікам.)

— Гэта рэшткі свінагадоўчага комплексу калгаса імя Калініна, які далучылі да нас. Дзяржава давала нам 40 мільёнаў рублёў на знос гэтых сцен, але я падаўся да старшыні райвыканкама Ігара Іванавіча Марковіча з прапановай аднавіць будынкі. Матываваў тым, што калі будаваць новыя, адна праектная дакументацыя пацягне на мільярд. А рэканструяваць іх гаспадарчым спосабам значна танней. Ён пагадзіўся. На першы будынак разам з матэрыяламі і зарплатай пайшло паўтара мільярда рублёў. Такім жа чынам вярнулі да жыцця і другі. Цяпер узяліся за трэці. У адноўленых цэхах утрымліваецца каля 800 цялушак. 

Дзесяць гадоў таму, аднымі з першых, мы на новай малочна-таварнай ферме «Валынцы» зрабілі даільную залу. Ферма стала візітнай карткай раёна. На яе базе праходзяць раённыя, абласныя і рэспубліканскія семінары. Прыязджалі нават прадстаўнікі з Бельгіі, Германіі, Польшчы, калі давалі Верхнядзвінскаму масласырзаводу сертыфікат на Еўропу. Яны заключылі, што ўмовы працы на ферме і яе прадукцыя адпавядаюць усім еўрапейскім патрабаванням. Цяпер заканчваем рэканструкцыю цэнтральнай малочна-таварнай фермы «Прудзінкі» на 900 галоў з другой даільнай залай. Гэта дазволіць павялічыць дойны статак у паўтара разы. А вось дадатковай колькасці людзей не спатрэбіцца. 

Увядзенне ў строй сучаснага ачышчальнага зернекомплексу дазволіла давесці ўсходжасць насення да 99,9 працэнта. Мы з’яўляемся элітгасам і забяспечваем элітным насеннем не толькі сябе, але і гаспадаркі раёна. Таму гаварыў і гаварыць буду: чым хутчэй мы пяройдзем на новыя тэхналогіі, адыдзем ад даільнага вядра, тым большымі стануць здабыткі. А будзе прадукцыі больш, будуць і зарплата адпаведная, і выхадныя. І вёска будзе жыць!

— Але ж быў у вашай біяграфіі і калгаснікаў момант, калі на карту быў сапраўды пастаўлены лёс гаспадаркі?

— Калі разваліўся Савецкі Саюз, некаторыя члены нашага калектыву прапаноўвалі падзяліць і калгас, раздаць яго па долях. Сабралі сход, пачалі выступаць тыя, хто за падзел. Слухаў я іх, слухаў, а потым падняўся і кажу: «Паважаныя! Я гэты калгас не ствараў і дзяліць яго на долі не буду. А калі вы хочаце гэта зрабіць, то ў першую чаргу трэба вярнуць даўгі тым, хто тут пачынаў, хто аддаў гэтай зямельцы сілы і каго цяпер няма з намі. Трэба на іх магілках замест драўляных крыжоў паставіць добрыя помнікі. А тым, хто яшчэ працуе, неабходна дамы пабудаваць. Ну а што застанецца пасля ўсяго гэтага — будзем дзяліць. Як толькі сказаў такое, у зале заапладыравалі, а ў мяне пасля гэтага другое дыханне з’явілася.

— І як развіваліся падзеі далей. Няўжо адным сходам абышлося?

— Потым што было? Сабраў людзей, якія найбольш крычалі за перадзел, і павёз у Расію. Заехалі там у адзін з калгасаў, які раздзялілі. Гутарым з пайшчыкам, былым механізатарам. «Мне 45 гадоў, — кажа.— Далі зямлю за сорак кіламетраў і гусенічны трактар. Ён стаіць, бо няма запчастак. І ці наезджуся я за тыя сорак кіламетраў?  Жыву я і двое дзяцей на пенсію, што атрымлівае мая маці...» І ад нікога мы не пачулі, што стала лепш пасля падзелу. На тым пытанне было закрыта.

— Чуў, што за тры дзясяткі гадоў «папрасілі» з гаспадаркі  толькі аднаго чалавека. Гэта праўда?

— Маці некалі наказвала мне, каб, калі будуць людзі звяртацца, дапамагаў ім. І мне іх шкада, якія б яны ні былі: беспрацоўныя, п’яніцы, дэбашыры... І я думаю, што не толькі яны вінаватыя ў тым, што сталі такімі. Можа, і я дзесьці не даглядзеў як кіраўнік. Таму, калі да мяне звяртаюцца, я заўсёды імкнуся аказаць дапамогу. 

— А як гэта «абавязаны» аказаўся на Дошцы гонару гаспадаркі?

— А што тут такога, калі чалавек выдатна адпрацаваў год у жывёлагадоўлі, дабіўся высокіх прываг у цялят, добра паводзіў сябе. Дык што, яго ўвесь час крытыкаваць? Вярнулі яму дзяцей, а яго каляровы партрэт — на Дошку гонару. Няхай іншыя бяруць прыклад, глядзяць, як чалавек можа змяніцца і адносіны да яго, калі ён становіцца на правільную сцяжыну.

— Ваша роля ў выхаванні людзей, адказнасць жа за іх немалая...

— Кіраўнік, на маю думку, заўсёды павінен быць на перадавой. 

— Мы ўсё пра работу ды пра работу. А калі апошні раз хадзілі ў адпачынак?

— Чвэрць стагоддзя таму ездзіў у адзін з кіславодскіх санаторыяў. Пасля гэтага ў водпуску не быў і нават не браў кампенсацыю за яго. Для мяне лепшы адпачынак — праца. Калі яна добра ідзе, для мяне — задавальненне. Ёсць прывагі ў жывёлагадоўлі, малако ёсць, хлеб расце на палях — гэта маленькія радасці. Я тады адпачываю і душой, і целам. 

— Другі тэрмін запар вас абіраюць дэпутатам абласнога Савета. На гэтым «полі» праблем, мабыць, не менш?

— Тое, з чым людзі звяртаюццца, вырашаем. Хачу, каб усе вёскі гэтай зоны — Шайцерава, Прудзінкі, Валынцы, Антонавічы. Боркавічы, Нурава і іншыя — былі газіфікаваны. Яны даюць больш паловы сельгаспрадукцыі раёна. Тым самым мы захаваем у вёсцы моладзь.

— Васіль Аляксеевіч, вам прапаноўвалі высокія пасады і ў раённых цэнтрах, і ў абласным, і нават у Расіі. Вы ж засталіся верныя Прудзінкам. Чаму?

— Усё пачалося з вёскі Рычаў на Гомельшчыне, дзе я нарадзіўся. У маіх бацькоў, Аляксея Дзмітрыевіча і Ганны Мікалаеўны, было сямёра дзяцей: пяцёра сыноў і дзве дачкі. Рана спазналі сялянскую працу. У восьмым класе я ўжо сам настройваў касу, накошваў для каровы сена... Лічу, што знайшоў сябе ў жыцці. У мяне дзве дачкі, трое ўнукаў. І лепшае месца на зямлі — Прудзінкі.

Гутарыў Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

saulich@bk.ru

Калектыў «Сельской газеты» віншуе нашага даўняга сябра і прапагандыста са знамянальнай датай у яго жыцці. Здароўя, шчасця, дабрабыту Вам, шаноўны Васіль Аляксеевіч! І плённай працы – на карысць родных «Прудзінак» і ўсёй нашай Беларусі!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?