Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Ушанавалі Песняроў

Беларуская грамада Малдовы сумесна з Беларускім культурным цэнтрам Малдовы правялі вечарыну, прысвечаную 135-м угодкам народных пісьменнікаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа

  Святочная імпрэза ў Кішынёве 

Ушаноўваць вялікіх суродзічаў — гэта добрая традыцыя беларусаў у Малдове. Праз такія імпрэзы ўмацоўваецца наша духоўная повязь з роднай Бацькаўшчынай. Падвышаецца станоўчы імідж і Беларусі, і народа, які рухаецца ў будучыню — з павагай да мінулага. На гэты раз, 26 траўня, сябры грамады й шаноўныя госці вечарыны спачатку паглядзелі фільм пра жыццё і творчасць класікаў беларускай літаратуры. Потым паэты з ліку сяброў грамады Вера Сугак і Сяргей Якімаў чыталі свае вершы — на беларускай мове. А старэйшына суполкі, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Вайцяховіч прачытаў некалькі вершаў Якуба Коласа.

Наша творчая імпрэза была дастасавана да святкавання Дзён славянскага пісьменства і культуры. І гэта не выпадкова: Песняры-юбіляры зрабілі важкі ўнёсак у скарбонку сусветнай культуры. На іх творах і па гэты час выхоўваюцца патрыёты Бацькаўшчыны, якія любяць родны кут, але й паважаюць традыцыі розных іншых народаў. Вось і ў нас на вечарыне выступілі й госці: рускія паэткі Святлана Вакарава і Святлана Гарнастай. А яшчэ на балгарскай мове чытаў вершы Юрый Дулгеру. Потым вядомы пушкініст Віктар Кушнярэнка распавёў пра сувязі творчасці Аляксандра Пушкіна з творчасцю Янкі Купалы і Якуба Коласа. Затым Любоў Бурлак праспявала душэўную ўкраінскую песню. І далей ужо ўсе прысутныя пад гітару праспявалі гімн “Мы — беларусы” ды вядомую песню Эдуарда Ханка на словы Ніла Гілевіча “Вы шуміце, бярозы”. Вось які прыгожы вянок славянскага братэрства мы разам змайстравалі!

У нашай цёплай, сяброўскай бяседзе паўдзельнічалі старшы саветнік Амбасады Беларусі ў Малдове Аляксандр Істомін, жонкі Амбасадараў Беларусі, Расіі ды Балгарыі, кіраўніца Рускай абшчыны Малдовы Людміла Лашчонава У канцы ж імпрэзы былі святочны торт і шампанскае.

Юры Статкевіч, кіраўнік Беларускай грамады Малдовы

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter