Нацыянальная бібліятэка Беларусі — гэта не проста сховішча кніг і музей, а месца, дзе кіпіць жыццё

Усе ведаюць, як прайсці ў гэтую бібліятэку

Нацыянальная бібліятэка Беларусі — гэта не проста сховішча кніг і музей, а месца, дзе кіпіць жыццё



Першае, што бачыш, заязджаючы ў Мінск з боку Масквы, — “алмаз”, які зіхаціць усімі гранямі. Любы прахожы з гонарам скажа: “Гэта мая бібліятэка!” І гэта чыстая праўда.

“Нацыяналку” будавалі на народныя грошы — ладзілі суботнікі, праводзілі тэлемарафоны. Так у Беларусі з’явілася адно з лепшых кнігасховішчаў у Еўропе — больш за дзевяць мільёнаў кніг! У чытальных залах адначасова могуць размясціцца дзве тысячы чалавек.

Усё ў будынку па апошнім слове тэхнікі. Галоўнай фішцы могуць пазайздросціць нават самыя знакамітыя чытальні свету. “У нас аўтаматызаваныя пошук і дастаўка,” — адзначаюць бібліятэкары. На справе гэта складаная сістэма з камп’ютараў і спецыяльнага жолаба. Вы робіце заказ, у сховішча прыходзіць заяўка, там знаходзяць жаданае, упакоўваюць у спецыяльны бокс-шарык. Не паспееце і каву дапіць, як па спецыяльным жолабе кніга скачваецца прама ў рукі. Гэта вам не Парыж, дзе даводзіцца чакаць больш за гадзіну!

Для тых, хто не можа прыехаць асабіста, ёсць аддалены доступ да ўсіх рэсурсаў праз інтэрнэт. Для гэтага трэба зарэгістравацца на афіцыйным сайце nlb.by.

Тут можна ўзяць любую кнігу, выдадзеную пасля 1830 года. Нават прыжыццёвыя выданні Пушкіна і Гогаля.

Народ сюды прыходзіць не толькі пачытаць або старыя газеты пагартаць. Галоўная бібліятэка краіны — па сумяшчальніцтве яшчэ і музей сучаснага мастацтва — славіцца сваімі мастацкімі галерэямі.

— Якраз цяпер у галерэі “Лабірынт” праходзіць выстава скульптара Максіма Пятрулі, — расказала галоўны бібліятэкар аддзела абслугоўвання спецыяльных фондаў Людміла Клімава. — Асабліва шматлюдна па вечарах, калі на культурны праменад выбіраюцца хіпстары і дарослыя пасля працы.



І дзеткі тут сваволяць. І ніхто на іх за гэта не крычыць: “Паводзьце сябе ціха!” У дзіцячым пакоі выхавальнікі перахопліваюць у матуль і тат іх гарэзаў. Бацькі спакойна рыхтуюцца да экзаменаў і займаюцца навукай. А малыя глядзяць мультфільмы або заняты развіваючымі гульнямі.

На трэцім паверсе — “Музычная зала”. Захоўваць цішыню тут катэгарычна забараняецца. Для талентаў нават піяніна стаіць, іграць на ім можна з раніцы да вечара. Па суседстве райскі куток для меламанаў — зала нотных і аўдыявізуальных дакументаў. На стэла­жах — калекцыі з 17 тысяч вінілавых пласцінак, ад “Месяцавага святла” Дэбюсі да “залатых” дыскаў Майкла Джэксана.

Побач з музычным ёсць пакой з габеленам на ўсю сцяну. Пакой не раз ператвараўся ў перагаворную залу для высокіх гасцей.

Зрэшты, многія залы Нацыянальнай бібліятэкі ўвайшлі ў гісторыю. Тут праходзілі саміты краін — удзельніц СНД, пасяджэнні Міждзяржаўнага савета ЕўрАзЭС. Прэзідэнт Беларусі ладзіць прэс-канферэнцыі для замежных і беларускіх СМІ.

З агляднай пляцоўкі бібліятэкі — шыкоўны выгляд. Усе турысты падымаюцца сюды, каб зрабіць памятныя фота. Яна адкрыта з 12 да 23 гадзін. Цана білета — 30 тысяч рублёў. Адрас: праспект Незалежнасці, 116.

Таямніцы старажытнасці


А яшчэ Нацыянальная бібліятэка — самы сапраўдны музей кнігі.

— Дзе яшчэ ў краіне ўбачыш Біблію Францыска Скарыны, якую ён надрукаваў у Празе пяцьсот гадоў назад? Толькі ў нас, — гаворыць Людміла Клімава. — На рукі чытачу выдаюцца выданні не старэйшыя за 1830 год.

За сямю пячацямі захоўваюцца фаліянты з калекцый Радзівілаў, найбагацейшага роду Вялікага Княства Літоўскага. Магнаты не толькі прывозілі ў Нясвіж лепшыя ўзоры літаратуры, але і самі пісалі, даследавалі, малявалі. Іх літаратурная спадчына ўнесена ў Сусветны спіс спадчыны ЮНЕСКА “Памяць свету”.

У музеі, напрыклад, ёсць ноты оперы “Фаўст”, напісанай Антонам Генрыкам Радзівілам.

У раздзеле старажытных кніг — заўсёды стоўпатварэнне. Тут ёсць працы з вокладкамі з драўляных дошак, абцягнутых скурай. Евангеллі на муаравай тканіне ўпрыгожаны пазалочанымі клямарамі. Ёсць зборнікі песнапенняў старавераў, манускрыпты з арабскай вяззю. Некалькі паліц займае калекцыя мініяцюр. Самыя папулярныя — зборнік Пушкіна і творы Коласа, якія можна прачытаць пад лупай.

У залах пастаянна праходзяць важныя мерапрыемствы, у тым ліку міжнародныя. А ў звычайныя дні тут праводзяць час усе жадаючыя.

ФАКТЫ

  • У наступным годзе самая нацыянальная бібліятэка адзначыць юбілей — ёй будзе 95 гадоў.

  • Даўжыня кніжных паліц — 90 км.

  • Будынак можа трапіць у Кнігу рэкордаў Гінеса як самы вялікі ў свеце мнагаграннік.

  • Бібліятэку называюць алмазам або крышталём. На самай справе такую фігуру ў геаметрыі называюць ромбкубактаэдрам!

  • Бібліятэка трапіла ў ТОП-50 самых незвычайных будынкаў свету. Заняўшы 24-е месца, яна абышла нацыянальны стадыён у Пекіне, казіно ў Лас-Вегасе і самую высокую вежу ў Барселоне.

ДАРЭЧЫ

Як атрымаць чытацкі білет

Запаветныя корачкі выдаюць не толькі беларусам, але і расіянам. Трэба толькі прыхапіць з сабою пашпарт. Без доступу ў чытальныя залы ў бібліятэку дазваляецца прайсці па разавай картцы сацыякультурнага цэнтра. Аформіць білет або картку можна па дакуменце, які сведчыць асобу.

Крысціна Хілько
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter