Усе тэатры едуць у Мінск

Усяго некалькі дзён засталося да адкрыцця III міжнароднага тэатральнага фестывалю “Панарама”, які збярэ на сталічнай беларускай сцэне тэатральных дзеячаў з Расіі, Украіны, Казахстана, Эстоніі, Літвы, Ізраіля, Германіі, Швецыі.

Фестываль, які пройдзе пад дэвізам “Тэатр без межаў”, ужо мяркуючы толькі па анонсе яму адпавядае. У ім прымуць удзел больш за 400 чалавек. У дні “Панарамы” будзе паказана 18 спектакляў, шэсць з якіх, дарэчы, — работы беларускіх тэатраў. Калектывы-госці прадставяць пастаноўкі твораў сусветна вядомых драматургаў, беларускія тэатры пакажуць пяць спектакляў нацыянальнай драматургіі.
Фестываль ахопіць адразу некалькі тэатральных пляцовак Мінска: Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Рэспубліканскі тэатр юнага гледача, Беларускі дзяржаўны музычны тэатр, Драматычны тэатр Беларускай арміі. Сярод удзельнікаў “Панарамы” — Маскоўскі мастацкі тэатр імя А.П.Чэхава пад кіраўніцтвам Алега Табакова, Студыя тэатральнага мастацтва пад кіраўніцтвам Сяргея Жэнавача, Вільнюскі гарадскі тэатр, Торуньскі драматычны тэатр імя Уільяма Хожыцы з Польшчы, Бонскі тэатр “Das Euro Theater Central” з Германіі, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Івана Франка з Украіны, Эстонскі драматычны тэатр, Карагандзінскі абласны казахскі тэатр з Казахстана, Маскоўскі яўрэйскі тэатр “Шалом”. Падрабязна з праграмай фестывалю можна пазнаёміцца на сайце www.festival-panorama.by.
Асаблівасцю сёлетняга фестывалю стане арыгінальны праект “Тэатр On-line”, у фармаце якога беларускі глядач убачыць сем пастановак-імправізацый, працаваць над якімі творчыя калектывы з розных краін свету будуць непасрэдна на фестывалі. Ці не складана будзе ім разумець адно аднаго?
Адметным стане фестываль і дзякуючы міжнароднаму клубу крытыкаў, які будзе працаваць штодзень, творчым сустрэчам з вядомымі артыстамі, “круглым сталам” на тэмы “Тэатр ХІХ стагоддзя: праблемы развіцця” і “Рэжысёр і драматург: праблемы сумеснай творчасці”, а таксама майстар-класам сусветна вядомых драматургаў, рэжысёраў. Народны артыст Расіі Алег Табакоў, народны артыст СССР і Украіны Багдан Ступка, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Сяргей Жэнавач, намеснік старшыні Канфедэрацыі Саюза тэатральных дзеячаў СНД Валерый Шадрын падзеляцца са студэнтамі тэатральных навучальных устаноў Беларусі сакрэтамі свайго прафесійнага майстэрства. Гэтыя заняткі павінны ўмацаваць падмурак самаўдасканалення маладых беларускіх акцёраў і будуць вельмі карыснымі перад з’яўленнем прэміі ў галіне тэатральнага мастацтва “Беларускі тэатральны Алімп”, пра якую “Народная газета” нядаўна расказвала падрабязна.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter