Лаўрэат Нацыянальнай літпрэміі Ігар Пракаповіч настаўнічае, піша краязнаўчыя і гістарычныя кнігі

Усе шляхі вядуць у Паставы

Статны мужчына ў вышыванцы — размова пра нашага героя, ганаровага сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтара звыш паўсотні кніг, большая частка якіх краязнаўчыя. Ігар ПРАКАПОВІЧ не ўяўляе сябе без родных мясцін, таму, скончыўшы Белдзяржуніверсітэт, працаваць імкнуўся бліжэй дадому, на мілую сэрцу Пастаўшчыну. 


Не завабіла ні сталіца, ні іншыя буйныя гарады тагачаснага Савецкага Саюза. Адправіўся ў вёску старавераў Апідамы на памежжы з Літвой. Там убачыў іншыя традыцыі, пачуў нязнаную дагэтуль гаворку. Разам з вучнямі хадзілі ў экспедыцыі і вывучалі мясцовасць. Адкрывалася многа новых фактаў, якія нават самі тутэйшыя жыхары не ведалі. Так географ стаў краязнаўцам. Вось што ён расказаў:

— Напрыклад, пачалі распытваць, адкуль назва вёскі Сухарышкі. Пачулі такую легенду: хадзіў па свеце Бог, а ў тых мясцінах усе былі на працы, застаўся толькі адзін чалавек і жаваў сухар. Валадар свету папрасіў есці, і вясковец падзяліўся, таму і Сухарышкі. Ды і наогул, цікавімся мясцовымі забудовамі, помнікамі — а пра іх, бывае, ніхто нічога не ведае. Але ж такія плямы ў гісторыі мясцовага народа недапушчальныя. У вандроўках нешта запішаш, сфатаграфуеш. Хоць часам пэўная інфармацыя ў кніжках не значыцца — дзякуй богу, ёсць жывыя сведкі: першы, другі не адкажа, а трэці нешта чуў і пачынае ўспамінаць.

А першыя спробы былі паэ­тычнымі. Ігар Пракаповіч захапіўся вершамі, будучы падлеткам, і праслыў вялікім лірыкам. Патрапіў на семінар маладых пісьменнікаў, які ладзіла рэдакцыя часопіса «Маладосць». У серыі гэтага часопіса выйшаў дэбютны зборнік маладога паэта «Рэха малітваў» і адразу ж, як лепшае выданне, атрымаў прэмію. Неўзабаве творцу, якому яшчэ не было і трыццаці, прынялі ў Саюз пісьменнікаў.

Настаўніцкія справы таксама ішлі ўгору — запрасілі выкладаць у горад, хутка і ў гімназію. З вучнямі ў Ігара Міхайлавіча асаблівае паразуменне. Падтрымліваюць ста­сункі ў пазаўрочны час, разам адпраўляюцца ў экспедыцыі, пішуць навуковыя работы, перамагаюць у алімпіядах, а шасцёра падлеткаў нават лаўрэаты спецыяльнай прэміі з фонду Прэзідэнта. Цягнуцца да свайго выхавацеля нават тады, калі становяцца выпускнікамі, тэлефануюць, сустракаюцца і нават супрацоўнічаюць. Напрыклад, Ірына Заяц, прыехаўшы ў водпуск летам, папрасілася напісаць разам чарговую кнігу.

— Побач была даволі цікавая вёска Задзеўе, але матэрыялаў па ёй не хапала. Ірына села на ровар, а назад прыехала з торбай мясцовых артэфактаў ад старажылаў. Потым зладзілі яшчэ пару вандровак — і атрымалася кніжка. Зрабілі і выданне пра беларускага савецкага паэта Уладзіміра Дубоўку, які дзіцячыя гады правёў на Пастаўшчыне: нарадзіўся ў Агародніках, жыў у Манькавічах. Ірына працавала з дакументамі ў мінскіх архівах, я збіраў мясцовую інфармацыю, — паказвае плён сумесных намаганняў Ігар Пракаповіч. — Мне падабаецца слова «настаўнік», і абазначае яно «настаўляць»… у жыцці, у справах, ва ўсім. І ў навуковай рабоце — нават даросламу ці студэнту складана яе напісаць, не тое што вучням. Між іншым мы са сваімі выхаванцамі зрабілі 13 кніг. 

На чале з краязнаўчай работай развівалася і творчасць. Другі зборнік паэта выйшаў у самым буйным выдавецтве «Мастацкая літаратура», за якую атрымаў нават неблагі ганарар. Выпускаць кнігі ва ўсе часы было складана, узгадвае пісьменнік, таму некаторыя выходзілі за свой кошт, з дапамогай сяброў, знаёмых, вучняў. Пасадзейнічалі райвыканкам і Міністэрства інфармацыі. Напрыклад, сучасная кніга «Пастаўшчына», за якую аўтар атрымаў Нацыянальную літаратурную прэмію, уключана ў шэраг сацыяльна значных выданняў і прафінансавана Міністэрствам ін­фар­мацыі, многа тыражу выкупіў раён для падарункаў. Выйшла ў выдавецтве «Беларусь», якое выпускае спецыяльную серыю «Падарожжа па родным краі».

— Рукапіс «Пастаўшчыны» зрабіў прыблізна ў 2006 годзе. Гэта своеасаблівая «Малая падарожная кніжыца». Ідэя — на выездзе з Пастаў апісаць геаграфічныя, гістарычныя і культурныя цікавосткі. Напрыклад, Ваўкалацкі шлях вядзе да груздаўскіх музыкаў, менавіта яны сталі вытокам Міжнароднага фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік». Лучайскі шлях — да парку храмаў і шляхецкіх сядзіб, Старамядзельскі праз Манькаўскую пушчу, асобным раздзелам Віленскі шлях. Раён выцягнуты на захад і ўсход, на поўнач працягваецца нізінай, на поўдзень рукой падаць да Мядзеля, — акрэслівае каардынаты літаратурны географ.

Чым славіцца Пастаўшчына. Нядаўна з вучнямі напісалі кнігу пра мясцовую арганную культуру, дзе ў цэнтры ўвагі чатыры касцёлы, дзве стараверскія царквы. Праз Паставы праходзіла лінія фронту Першай сусветнай вайны, і яны падзяляліся роўна на дзве часткі: з заходняга боку стаялі немцы, з усходняга — рускія, што наклала вялікі адбітак на гісторыю.

Чаму Паставы называюцца менавіта так? У перакладзе на літоўскую мову гэтае слова азначае замаруджанае цячэнне ракі. А тут рэчка Мядзелка якраз робіць вялікі загін, ад чаго, магчыма, запавольваецца. Ёсць і яшчэ некалькі версій, а ў Ігара Пракаповіча на гэты конт свая:

— Паставы да 1409 года былі вёскай Пасаднік, а потым уласнік рэзка папрасіў караля ці вялікага князя памяняць назву. Мяркую, уся справа ў пастаўскім замку, што ўпамінаецца ў германскіх летапісах. Крыжакі калісьці ў адказ тутэйшым жыхарам, якія не хацелі здавацца, падпалілі два караблі, іх прыбіла цячэннем да замка, той і згарэў. Абаронцы прасілі літасці, але загад крыжацкага кіраўніка быў непахісным. Цяпер звестак пра гэты будынак нідзе не сустракаецца, ды археолагі на тым месцы адшукалі вялікі слой попелу.

Як мы згадвалі вышэй, на поўдзень ад Пастаў да Мядзеля — рукой падаць. Самая аб’ёмная кніжка Ігара Пракаповіча менавіта пра Мядзельшчыну «Край беларускага сэрца». Гэта, як ён сам называе, другая парафія пісьменніка, спадчына, адтуль яго бацькі і дзяды. Каля 650 старонак і 700 фотаздымкаў, якія аўтар, дарэчы, зрабіў сам. Аб’ехаў усю Мядзельшчыну, сустракаўся з краязнаўцамі, бібліятэкарамі, культработнікамі, збіраў матэрыялы.

— У мяне нават вершы ёсць краязнаўчыя. Але цяпер паэзіяй займаюся рэдка. Шмат часу забіраюць гістарычныя кнігі. Каб напісаць нават невялічкую брашуру, спатрэбіцца паў­года. Скончылі нядаўна з выхаванцамі апісваць «Ва­дзяныя млыны Пастаўшчыны». Аб’ехаць, сабраць, знайсці, агледзець — карпатлівая справа, — заўважае Ігар Міхайлавіч.

Настаўнік з вялікім стажам многае паспявае, штодзень у раскладзе па сем урокаў, акрамя геаграфіі, вядзе астраномію і мас­тацтва:

— Некаторыя кажуць, што сучаснае пакаленне больш раўнадушнае, нічым не зацікаўленае. Не пагаджуся. Дваццаць гадоў таму і цяпер існасць вучня аднолькавая. Іншая справа — змяніліся ўмовы, у якіх дзеці выхоўваюцца. У мяне і ў самога дзве дачкі. Ганаруся, бо сапраўдныя беларусачкі. Старэйшая ў свой час па роднай мове на сто балаў здала тэсціраванне, а малодшая вызначылася на рэспубліканскай алімпіядзе.

ПАЧЭСНАЯ ўзнагарода прыйшла нечакана, разважае лаўрэат:

— Працую не дзеля пашаны, а для чыстага сумлення перад Айчынай. Летась Віцебскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі на Нацыянальную літаратурную прэмію вылучала мой зборнік вершаў «Астравы існасці». Але не перамог, думаў, што і сёлета правінцыяльнаму аўтару нічога не свеціць. Аднак старшыня віцебскай творчай арганізацыі Тамара Краснова-Гусачэнка паведаміла: кніжка прэтэндуе на першае месца. Канчатковым інфарматарам стаў сябар: на адным з інтэрнэт-парталаў прачытаў, што я ў лідарах. Рады творчаму плёну і сяброўству з сапраўднымі майстрамі пісьменніцкай справы — Міколам Шабовічам, Аляксандрам Быкавым, Алесем Жыгуновым, Уладзімірам Саулічам, Янусем Мальцам, якога з паэзіі крышку перацягнуў да краязнаўства. Янусь родам з вёскі Хрыстова, бадай адзінай з такой назвай. І па маіх прапановах у яго цяпер з’явілася і кніга «Таямніца Хрыстова».

basikirskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter