Завтра в Глубоком пройдет «Вишневый фестиваль»

Усе па ягады

«Вішнёвы фестываль» праводзіцца ў Глыбокім з 2013 года. За гэты час ён стаў любімым святам не толькі беларусаў, але і замежных гасцей — у 2017 годзе атрымаў статус міжнароднага. Звычайна фестываль доўжыцца некалькі дзён, але пандэмія вымусіла арганізатараў змяніць фармат. Сёлета фэст вішань пройдзе за адзін дзень. Але якім насычаным ён будзе!

Заўтра ў Глыбокім пройдзе «Вішнёвы фестываль».
Фото  БЕЛТА

Па вуліцах горада пройдзе тэатралізаванае шэсце. На цэнтральнай плошчы цэлы дзень будуць выступаць музыканты, тут жа адбудзецца гашэнне паштовай маркі ў гонар фестывалю. На працягу свята будуць арганізаваны выставы фатаграфій і работ народных майстроў, спаборніцтвы па сілавым экстрыме і валейболе. Госці свята змогуць прыняць удзел у тэматычным квэсце, паназіраць за аўта- і моташоу, пачаставацца вішнёвымі прысмакамі на падворках, наведаць рэзідэнцыю «Вішнёвай каралевы», якая адкрылася два гады таму на беразе во­зера Кагальнае ў цэнтры горада. Па традыцыі ў гэты дзень адбу­дзецца рэгістрацыя «Вішнёвага вяселля». 

Чаму менавіта Глыбокае заслужыла званне вішнёвай сталіцы? Таму што вішні тут вырошчваюць ужо не адно стагоддзе. Ёсць некалькі версій таго, адкуль яны з'явіліся на Глыбоччыне. Згодна з першай, вішнёвыя сады ў рэгіёне заклаў мясцовы селекцыянер Баляслаў Лапыр, які прывёз са­джанцы з Польшчы. Згодна з другой, «вішнёвым» горад зрабілі манахі. На месцы сучаснай царквы Раства Найсвяцейшай Багародзіцы раней размяшчаўся манастыр кармелітаў босых — манахі гэтага ордэна заўсёды лічыліся добрымі садоўнікамі. Ёсць і версія-легенда. Некаторыя сцвярджаюць, што вішні ў Глыбокім з'явіліся дзякуючы Барону Мюнхгаўзену. Памятаеце гісторыю, як ён спрабаваў забіць аленя вішнёвай костачкай, а пасля ў таго між рагамі вырасла вішнёвае дрэва? Дык вось, ці алень той на гэтыя землі забягаў, ці барон цэліўся костачкамі менавіта тут, але некаторыя мясцовыя жыхары вераць, што якраз Мюнхгаўзен мае дачыненне да іх вішнёвых садоў. Легенда легендай, але на гарадскіх могілках стаіць стары двухметровы чыгунны крыж, на якім пазначана прозвішча фон Мюнхгаўзена. 

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter