Источник: Знамя юности
Знамя юности

Школьников из Витебска объединил венский бал

Усе на баль

Сустрэчы ў духу еўрапейскіх сталіц пазамінулага стагоддзя праводзяць у гора­дзе над Дзвіной не першы раз. «Венскі баль у Віцебску», а менавіта так называюць дзейства яго арганізатары, звычайна калядны. «Сёлета мы прысвяцілі свята 100-годдзю сваёй навучальнай установы», – распавядае настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 2 Віцебска, ініцыятар і галоўны куратар балю Эла Каржыцкая. Жаданне навучыць танцаваць іншых узнікла ў яе не на роўным месцы: Эла ўзначальвае клуб гістарычнай рэканструкцыі «Паўночная вежа». Танцы Сярэднявечча, Адраджэння і XIX стагоддзя, рэканструкцыя касцюмаў – усё гэта ёсць у клубнай праграме. Калега Элы – Вольга Таранда, настаўнік англійскай мовы гімназіі № 2 – з цікавасцю далучылася да «авантуры». Першы баль быў выпрабаваннем, з усмешкай узгадвае Вольга:

Эла Каржыцкая і Вольга Таранда (у цэнтры) разам са сваімі вучнямі падчас святочнага балю

– Давялося спасцігаць усё разам з вучнямі. Першымі сталі на паркет школьнікі, у якіх мы былі класнымі кіраўнікамі.

У актавай зале гімназіі, што прадаставілі аматарам для рэпетыцый, асаблівая энергетыка. Усё ж такі баль – гэта вам не дыскатэкі, а элітарная культура, якая вучыць паводзiць і адчуваць сябе адпаведна. Большасць хлопцаў і дзяўчат ніколі раней не вальсавалі і нават не думалі, што гэта магчыма, дзеліцца Эла Каржыцкая:


– Калядны баль для еўрапейскіх сталіц – традыцыя. Для нас гэта пакуль рэдкасць, асабліва для школьнікаў. Але варта старшакласнікам акунуцца ў атмасферу полек, вальсаў, паланэзаў – і мяняецца ўсё: не толькі іх выпраўка, уменне рухацца, але і ўнутранае адчуванне, настрой. У гэтым годзе бальную праграму склалі 18 танцаў. Большасць з іх – прэм’еры, але ёсць «залатыя» хіты, накшталт іспанскага і французскага вальсаў, якія проста не дазваляюць прыбраць з «дэнс-чарта».

Школьны праект даўно прагне большага, падзялілася меркаваннем выпускніца гімназіі Дар’я Шчарбакова:

– Маёй любові да «Венскага балю» не перашкаджае нават тое, што я ўжо навучэнка медкаледжа. Праект дзіўны, чароўны, ён не толькі пра танцы, а яшчэ пра сяброўства, уменне камунікаваць з людзьмі. Да таго ж гэта дорыць мажлівасць пабыць прынцэсай, хай і ў пракатнай сукенцы з вясельнага салона.


Паказальныя выступленні праходзяць у абласной філармоніі. Яе бальная зала лепш за ўсё падыходзіць па планіроўцы і атмасферы. Калі як мінімум 40 пар пускаюцца ў скокі, важна, каб ніхто ім не замінаў, працягвае Вольга:

– Самыя ўдзячныя, шчодрыя на эмоцыі гледачы – бацькі і сябры. Нават жартуем: дарагія дзеці, танцуйце далей ад балконаў, каб вас не затапіла слязьмі мам.


Але хіба ёсць варыянт не расчуліцца, калі твой сын альбо дачка такія прыбраныя, элегантныя і, несумненна, шчаслівыя. І Эла, і Вольга ў адзін голас настойваюць: над школьнікамі не вісіць дамоклаў меч прафесіяналізму, галоўнае – даць зразумець ім, што танцаваць польку, вальс, кадрылю можа кожны. Невыпадкова першае, аб чым распавядаюць рабятам на рэпетыцыях: яны робяць тое, што сто гадоў таму ўмелі ўсе.

Фота аўтара і Ірыны ЛЕБЯДЗЕВIЧ
 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter