Белорусский писатель Владимир Липский отметит 75-летний юбилей

Усе мы радня

Ад роднай вёскі Шоўкавічы збірае агульнае спадчыннае багацце пісьменнік Уладзімір Ліпскі
З РОЗНЫХ куткоў Беларусі, і нават замежжа, атрымлівае віншаванні з 75-гадовым юбілеем пісьменнік, галоўны рэдактар дзіцячага часопіса “Вясёлка”, старшыня Беларускага дзіцячага фонду Уладзімір Сцяпанавіч ЛІПСКІ, ганаровы грамадзянін Калінкавіцкага раёна.


СВАІМ радаводам Уладзімір Ліпскі зацікавіўся яшчэ школьнікам. Напісаў лісты ў розныя куткі Беларусі з пытаннем, ці жывуць там Ліпскія, і кожны адказ занатоўваў у тоўстым агульным сшытку, а на геаграфічнай карце адзначаў мясціны пражывання аднафамільцаў. Але найперш цікавіў дапытлівага хлопчыка сямейны радавод. Даведаўся, што на пачатку мінулага стагоддзя збяднелы шляхціц Янка Ліпскі прыйшоў у прымы з-пад Парычаў у глыбінную вёску Шоўкавічы да багатай на зямельны пасаг засценкавай шляхцянкі Пракседы Старжынскай. Моцнае каханне падарыла ім дванаццаць сыноў і дачок. Адзін са старэйшых дзяцей Сцяпан ажаніўся ў Шоўкавічах, завёў гаспадарку. Падрасталі шасцёра дзетак. Старэйшы сын Пятро закончыў школу бухгалтараў у суседніх Шацілках і збіраўся ў панядзелак выйсці на працу, а ў нядзелю пачалася вайна. Яго забралі ў войска і ў адным з першых баёў ён быў цяжка паранены ў галаву. Бацькам прыслалі пахаванку на сына. Як потым высветлілася, яго падабралі з поля бою і адправілі на лячэнне ў тыл. Пасля шпіталя Пятро вярнуўся дамоў. Суседзі цугам ішлі ў хату, каб сваімі вачамі ўбачыць франтавіка. Так і пражыў Пятро ўсё жыццё з асколкамі ў целе.

— Па архіўных дакументах усё глыбей акунаўся ў свае вытокі, — адзначае пісьменнік Уладзімір Ліпскі. — Дайшоў да 17 калена нашага шляхетнага роду, у якім ёсць свой герб — граблі на зялёнай мураве. Мае продкі спрадвечныя земляробы. Адкапаў у архівах, што мы параднёныя з Якубам Коласам. Маёй бабкі Пракседы Старжынскай стрыечны брат ажаніўся на сястры вядомага акадэміка Некрашэвіча. Нарадзілі дачку, і яна выйшла замуж за нашага сваяка Кулеўскага. Дачка іх Зарына выйшла замуж за старэйшага сына Якуба Коласа Данілу. Паведаміў пра гэта сыну Коласа Міхасю Канстанцінавічу. Увесь сабраны матэрыял абагульніў у кнізе “Усе мы радня”. І на самой справе — усе мы радня.

— Уладзімір Сцяпанавіч, што больш помніцца з абпаленага вайной дзяцінства?

— Па небе ляціць нешта чорнае і рыкае, як карова. Маці ўхапіла мяне, і мы кінуліся ў жыта. Над галовамі прагудзеў нямецкі самалёт. Было страшна. Такім у маёй памяці засталося першае ўражанне ад вайны. Нашу вёску акупанты спалілі. У хаце згарэлі калгасная пячатка і дакументы, якія ў першыя дні вайны перадаў бацьку на сховань старшыня калгаса. Мы жылі ў норах, зямлянках, куранях.

Як вёску акупавалі, у людзей спыталі, хто старэйшы? Паказалі на бацьку, і яму загадалі быць старастам. Месяцы два давялося існаваць у гэтай скуры. Акупанты загадвалі збіраць зерне, і бацька даваў сігнал у атрад, які ўжо дзейнічаў у лясах, што вязе зерне, і партызаны забіралі ўсё. Потым удалося пераканаць, што хворы, і з яго знялі гэтыя абавязкі. 

Бацька наладзіў сувязь з партызанскім атрадам імя Катоўскага. Перадаваў народным мсціўцам звесткі пра знаходжанне варожых фарміраванняў. Брата Колю пасылаў адносіць ежу ў вызначаныя месцы для партызан.

Пасля вайны знайшліся “добразычліўцы”, з-за якіх бацька трапіў у мазырскую турму. Былы камандзір партызанскага атрада Трусноў, будучы сакратаром Жлобінскага райкама партыі, калі даведаўся пра гэта, паехаў у Мазыр, пацвердзіў супрацоўніцтва бацькі з партызанскім атрадам, і яго адпусцілі. У дзяржаўным архіве знайшоў дакумент, які пацвердзіў, што Сцяпан Іванавіч Ліпскі — сувязны партызанскага атрада імя Катоўскага. 

Дзве мае сястры, Люба і Клава, санітаркамі палявога шпіталя дайшлі да Польшчы.

Нашу вёску спалілі фашысты, і ў першыя пасляваенныя гады бацька збудаваў маленькую хатку. Карова цялілася ў зімовыя маразы і таксама начавала ў хаце. Было цесна, але ўтульна. Цялятка я гладзіў. Летам маці ўхутвала мяне ў хустачку ад гнусу, і я пасвіў карову. А ўвосень у сялянскай хаце настаўніца Аляксандра Лявонаўна Радкевіч вучыла нас усіх разам з першага па чацвёрты клас. Хадзіў у школу ў лапцях. Нашу сям’ю вяскоўцы называлі лапцяшамі, таму што бедна жылі і бацька лапці плёў. З раёна прыехалі інспектары, і я саромеўся ім паказацца ў такім абутку.

З першага класа прызвычаіўся да кніг, якія браў у настаўніцы. Памятаю жоўценькую кніжачку “Васількі” Эдзі Агняцвет, якую хуценька прачытаў.  Праз гады атрымалася, што я пазнаёміўся з паэткай, і нават яна рэкамендавала мяне ў Саюз пісьменнікаў.

У старэйшыя класы хадзілі за пяць кіламетраў вучыцца ў Вузнажскую дзесяцігодку, дзе мяне абралі сакратаром камсамольскай арганізацыі. 

— Калі вас захапіла літаратура?

— З маленства прагнуў да кніг. У сярэдняй школе рэдагаваў насценную газету. Да пазна заставаўся і адзін па лесе апоўначы вяртаўся дамоў. Пісаў заметкі ў раённую газету пра аднавяскоўцаў. Расказваў пра тое, як касілі сена, аралі поле, пра нашага паштальёна.  Ганарыўся, маіх землякоў увесь раён ведае. 

Сярэднюю школу мог закончыць з медалём, але падводзіла руская мова, па якой меў чацвёрку.  Бацька збіў чамаданчык з фанеры, куды я паклаў кніжкі, шматок сала і бохан хлеба. Прадалі цялятка за 50 рублёў і палову мне на паступленне аддалі. Паехаў у Мінск падаваць дакументы на вучобу. Знайшоў універсітэт, і мне стала страшна ад таго, што ўсе там хораша апрануты. На мне былі бацькавыя штаны, кашуля суседа, брызентавы плашч. Мой зямляк, які вучыўся ў тэхнікуме харчовай прамысловасці, прапанаваў туды падаваць дакументы. Там у асноўным дзяўчаты вучыліся і юнакам лягчэй паступіць. Так я стаў навучэнцам тэхнікума па спецыяльнасці тэхнік тэхналогіі цукрыстых вырабаў. Рыхтавалі спецыялістаў для цукровых заводаў, якія ў Беларусі будаваліся. Палову нашай групы адправілі на працу на Гарадзейскі цукровы завод. Мяне аформілі слесарам, перавялі ў брагадзіры, а потым тэхнолагам і інжынерам па рацыяналізацыі. У 22 гады мяне абралі вызваленым старшынёю прафсаюзнага камітэта. Тысяча рабочых працавала ў калектыве. 

Душа імкнулася да журналістыкі. Паступіў на завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі БДУ. Мяне запрасілі ў Нясвіжскую раённую газету, а неўзабаве першы сакратар райкама партыі Кім Фёдаравіч Сінічкін прапанаваў узначаліць раённую камсамольскую арганізацыю. Звяртаўся ў абкам партыі, каб пакінулі ў газеце. Але там пераканалі, і стаў камсамольскім важаком. Ледзьве Нясвіж не спаліў, калі ўстроіў факельнае шэсце моладзі да палаца Радзівілаў. Хадзіў па вёсках і цікавіўся справамі маладых. Напісаў першую сваю кніжку “Райкамаўскія будні”, прысвечаную камсамольцам-ударнікам. 

— Вас захлынулі камсамольскія справы, літаратурная дзейнасць, а ці ставала часу на асабістае жыццё?

— Паспяваў на працу, вучобу і на спатканні. У тэхнікуме сэрца запаланіла сімпатычная, у моднай сукенцы ў клетачку дзяўчына, што прынесла заметку ў насценгазету з подпісам Ніна Радзюкевіч. Пачалася дружба. Мне ўжо споўнілася 20 гадоў. Напісаў дамоў, што задумаў жаніцца. Малапісьменны бацька пакуль па літары пісаў мне ў пісьме, каб не спяшаўся, мы распісаліся ў Гарадзеі. З сябрамі ў інтэрнаце адзначылі вяселле. Ніна закончыла Маскоўскі інстытут харчовай прамысловасці і дарасла да начальніка ўпраўлення Міністэрства харчовай прамысловасці рэспублікі. У Гарадзеі нарадзіўся сын Ігар, а дачка Марына — у Мінску, калі я працаваў у ЦК камсамола. Друкаваўся ў рэспубліканскіх выданнях. Пасля дзесяці гадоў працы ў камсамольскім апараце адзін з кіраўнікоў рэспубліканскай пісьменніцкай арганізацыі Іван Пятровіч Шамякін прапанаваў пасаду адказнага сакратара Саюза пісьменнікаў. Вялікімі вачамі глядзеў на стаўпоў беларускай літаратуры МаксімаТанка, Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Ніла Гілевіча, Пятра Макаля, Барыса Сачанку, Анатоля Вярцінскага. Раніцай першым адчыняў дзверы новага будынка Саюза пісьменнікаў і пазней за ўсіх пакідаў яго. Пачаў і сам пісаць. Адчуваў падтрымку літаратараў. Цікавыя моманты сустрэч з вядомымі асобамі занатоўваў. Аднойчы Іван Шамякін выказаўся Андрэю Макаёнку, што Дзюма-старэйшы жыццё прысвяціў дон-жуанству і яшчэ паспеў столькі раманаў напісаць. А колкі на слова Андрэй  Макаёнак трапна дадаў, таму што столькі ў прэзідыуме, як Шамякін, не сядзеў.

Я палаў працай у Саюзе пісьменнікаў.

— Сувязі з роднымі падтрымлівалі?

— Наведвалі сваякоў. Дзеці лета праводзілі ў іх. Мая і жончына вёскі маленькія, але духоўна яны нас падпітвалі. Там мае лепшыя жыццёвыя ўніверсітэты. Калі ў родных Шоўкавічах засталося некалькі жыхароў, напісаў кніжку “Адпяванне жывых”. 

На бацькоўскім падворку расце векавы дуб, і каля яго мы збудавалі альтанку і пасадзілі ліпавую алею памяці. Агарадзілі ўсё. Усталявалі герб з граблямі, на якіх у рамачцы вывесілі спіс вяскоўцаў. Кожны, хто прыязджае ў Шоўкавічы, наведвае гэты куточак. Побач з дубам сядзіба былога суседа Міколкі, з якім з дзяцінства сябрую. Часта ўзгадваю яго братоў Шуру, Барыса, нашых вяскоўцаў Яўгеню Новікаву, Эну Ліпскую, Паўліка Мілюту. 

— Калі б у вас была магчымасць у Бога нешта папрасіць, што б прасілі?

— Сустрэцца з маці. Якія шчаслівыя людзі, у каго ёсць маці. Прыедзьце да яе, паслухайце яе голас. Дзецям кажу, завядзіце сшытак і падпішыце “Маці” і ў ім запісвайце выказванні, словы, пажаданні, прыпеўкі, паданні, усё, што распавядае маці. Праз нейкі час будзе ўнікальны дакумент. Пра свае вытокі, што пачынаюцца ад маці, не варта забываць. Яна заводзіць гадзіннік нашага жыцця. 

— Пра бацьку мы чамусьці ў жыцці менш гаворым.

— На прэзентацыі кнігі пра маці пісьменнікі параілі напісаць пра бацьку. Тады падумаў, а што пра яго пісаць? Селянін, залатыя рукі. Умеў распісацца. Курыў самакруткі, ад чаркі не адхіляўся. А калі глыбей задумаўся, то гэта волат, які прысвяціў жыццё шасцярым дзецям. Хацеў, каб не галадалі, былі апрануты, вывучыліся і выйшлі ў людзі. У кніжцы “Бацька. Пісьмы на неба” спавядаюся перад ім. Атрымалася даволі эмацыянальна.

— Працяг сваіх вытокаў адчуваеце ў дзецях, унуках?

— У гэтым і ёсць сэнс жыцця — захаваць і перадаць наступным пакаленням нашу духоўную спадчыну. Сына і дачку мы з жонкай выхавалі. Маем траіх унукаў. Пра кожнага напісаў кніжку. Пра самага меншага ўнука, дочкінага сына Толіка, напісаў у форме пісьма, калі ён нарадзіўся: “Мы, Ліпскія, перадаем табе ў спадчыну нашы вытокі, наша багацце. Сярод нас няма канакрадаў, здраднікаў. Мы сумленна пражылі жыццё. Такое наша агульнае спадчыннае багацце. Ганарыся тым, што ты — Ліпскі.”

— Што зычыце нашчадкам Ліпскіх?

— Каб яны годна прадоўжылі род і не забывалі пра вытокі. Гэтага я ўсім жадаю. У кніжцы “Я. Праўдзівы аповед пра мой і твой радавод” па цаліку прайшоў і атрымаў Дзяржаўную прэмію. Цяпер многія збіраюць свае радаводы.

— Уладзімір Сцяпанавіч, творчую дзейнасць вы больш як чвэрць стагоддзя паспяхова сумяшчаеце з грамадскай работай у Беларускім дзіцячым фондзе. Ці не стаміліся?

— Каб стаміўся, то адпачываў бы. Нядаўна падлічыў, што мне ўжо 100 гадоў: 37 гадоў працую ў часопісе “Вясёлка” і 26 — у дзіцячым фондзе. У школьныя гады кожнае лета быў звеннявым па вырошчванні кукурузы і лічу, што гэта павінна ў стаж уваходзіць. А яшчэ абпаленыя вайной гады, і ўсё разам складае век. Па пашпарце маю 75 гадоў, а па стане душы набліжаюся і хачу быць для чытачоў “Вясёлкай”.

— Літаратурныя прэміі вам прысуджалі за творчасць, а за што адзначаны прэстыжнымі міжнароднымі ўзнагародамі?

— Як запісана ў пратаколах — за міласэрнасць. Сярод дзяцей, да якіх  дачарпнулася мая душа за чвэрць стагоддзя грамадскай дзейнасці ў дзіцячым фондзе, многа хрэснікаў, якім дапамог стаць на ногі. Калі хто мяне крыўдзіць, то думаю, хоць бы раз ты заплакаў па чужым горы. 

Аднаго такога хрэсніка маці немаўляткам кінула ў Полацку на вакзале. Рабочыя яго падабралі, і побач стаяў чамаданчык з пялюшкамі. Імя далі хлопчыку таго рабочага, што падняў скрутак. Было гэта асеннім часам, таму прозвішча адразу запісалі Акцябрскі. Прынеслі знаходку да міліцыянера, таму па бацьку стаў Сцяпанавіч. Мне давялося ўбачыць хлапчука ў Віцебскім дзіцячым доме, і напісаў матэрыял “Падкідыш”, які быў надрукаваны са здымкам у газеце “Знамя юности”. Спадзяваліся, што адгукнецца маці. Мяхі пісьмаў прыйшлі ў рэдакцыю, а маці маўчала. Многія хацелі ўсынавіць хлопчыка. Камісія вырашыла аддаць салігорскай сям’і настаўніка Артамонава. Стаў Герман Артамонавым, з адзнакаю закончыў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка і працуе намеснікам начальніка ўпраўлення міжнароднага аддзела Міністэрства адукацыі Беларусі. Мы з ім моцна сябруем, як і з мінчанкай Алесяй Гушча, з якой пазнаёміўся, калі дзяўчынцы быў толькі гадок. Ледзьве жывую яе маці выхапіла з пажару. Амаль 70 працэнтаў цела абгарэла. Доктар, як убачыў абпаленую дзяўчынку, сказаў, што калі выратуем, то яна пракляне нас з вамі за гэта. Самастойна жыць яна не зможа. Маці ў гэта не хацела верыць. Яна звярнулася ў наш фонд за дапамогай, і пачалі разам змагацца. Звярнуліся да дырэктара Расійскага дзіцячага фонда Альберта Ліханава. Сабралі сродкі, і Алесі ў Амерыцы зрабілі больш за 30 аперацый. Куксамі яна намялавала карціну і падарыла нашаму дзіцячаму фонду. Дзяўчынка паспяхова закончыла Беларускі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і працуе ў мінскай прэстыжнай кампаніі. Збіраеццца замуж. Цудоўна ведае некалькі замежных моў, танцуе і спявае. 

— Уладзімір Сцяпанавіч, з дзяцінства вы жылі марамі, спадзяваннямі на здзяйсненне. Многага дасягнулі. Напісалі і падарылі чытачам больш за 60 сваіх кніжак. А колькі цудоўных спраў на вашым рахунку ў Беларускім дзіцячым фондзе! У вас прыстойная сям’я. І ўсё ж аб чым марыцца ў 75?

— Я ўдзячны лёсу, што многае ўдалося зрабіць для роднай Беларусі. Прыемна асэнсоўваць, што пасля выхаду маёй кнігі “Аўцюкоўцы” калінкавіцкая вёска Аўцюкі стала цэнтрам рэспубліканскіх фестываляў народнага гумару. А як прыемна, што самыя маленькія жыхары Беларусі займелі свой прыгожа аздоблены часопіс “Буся”. 

Хвалюе мяне тэма дзяцей вайны. Выступаў на калегіі Міністэрства інфармацыі з прапановай, пакуль жывыя дзеці вайны, запісаць іх успаміны і падрыхтаваць па кожнай вобласці асобны том успамінаў, накшталт кнігі Уладзіміра Калесніка,  Алеся Адамовіча і Янкі Брыля “Я з вогненнай вёскі”.

Сёлета пачаў штодня пісаць у дзённіку так званыя “ўліпкі”, кожная з іх прысвячаецца пэўнай тэме. Гэта няпроста, але трымаюся.

Ёсць і задумка. Па гараскопу ў былым жыцці я нарадзіўся ў Новай Зеландыі і быў мараком. Мару пабываць там, вуду закінуць у прыбярэжнае мора. А пакуль любуюся, як усё навокал абуджаецца. Вось бы так чалавеку, як і прыродзе, абнаўляцца!

Улалзiмiр СУБАТ

Фота з сямейнага архіва Уладзіміра ЛІПСКАГА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter