Подороск и Краски: как в Волковыском районе восстанавливают две знаменитые усадьбы

Усе краскі даўніны

У Падароску Ваўкавыскага раёна рыхтуецца да здачы першы пускавы комплекс рэканструкцыі старадаўняй сядзібы. У бліжэйшы час тут пачнуць працаваць кафэ і сувенірная крама. А літаральна за пяць кіламетраў ад іх аднаўляецца сядзібны комплекс Краскі. Тут актыўна працуюць над фасадамі і ўнутраным убраннем галоўнага дома. Актыўнасць гаспадароў вельмі дарэчы: з нядаўняга часу Ваўкавыскі раён стаў бязвізавым, і менавіта гэтыя гістарычныя аб'екты могуць стаць пунктамі прыцягнення для турыстаў з дзясяткаў краін свету.

Сядзiба ў вёсцы Краскi — на завяршальным этапе рэканструкцыi.

Пад пастаянным кантролем

Паглядзець, як вядуцца работы на двух знакавых аб'ектах, мы едзем разам з загадчыкам сектара культуры і па справах моладзі Ваўкавыскага райвыканкама Ігарам Салаўём. Па дарозе ён апісвае сітуацыю:

— На тэрыторыі Ваўкавыскага раёна размешчана некалькі дзясяткаў аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. У іх ліку чатыры сядзібы. Самыя яркія — гэта сядзібныя комплексы ў аграгарадку Падароск і вёсцы Краскі. Старадаўнія асабнякі з мноствам гаспадарчых пабудоў знаходзяцца ў прыватнай уласнасці.


У Красках рэканструкцыя выходзіць на фінішную прамую, хоць будаўнікі прызнаюць: на заканчэнне ўсіх работ цалкам можа сысці яшчэ некалькі гадоў. Гаспадар — дастаткова забяспечаны чалавек. Ён усё робіць вельмі ўдумліва, каб не дапусціць ніякіх памылак і пралікаў.

— Асабіста бываю там раз на два тыдні і кожны раз бачу новае. Сам гаспадар прымае актыўны ўдзел ва ўсіх работах, — тлумачыць Ігар Салавей. — Спачатку ён хацеў у самім сядзібным доме пакінуць некалькі пакояў для пражывання. Але пасля поўнасцю перагледзеў канцэпцыю і вырашыў аддаць усю галоўную сядзібу пад турыстычныя паслугі. У будучым яна стане своеасаблівым ціхім кутком для расслабляючага адпачынку на ўлонні беларускай прыроды, разлічаным на патрабавальнага кліента. У хуткім часе ў галоўным доме пачне працаваць добры рэстаран, будзе абсталявана канферэнц-зала, з'явяцца VIP-нумары.

Работы ў Красках вядуцца пастаянна. Перапынкі абумоўлены альбо чаканнем адзінкавых элементаў для будаўніцтва, альбо ўзгадненнем тых ці іншых змяненняў праекта ў Міністэрстве культуры. У галоўным доме заменены дах, робіцца фасад, цалкам завершана адна квадратная вежа, праведзены ўнутраныя работы, умацаваны перакрыцці, зроблены лесвічныя маршы, каміны, падведзены ўсе камунікацыі. Флігель, аранжарэя і лазня ўжо маюць акты прыёмкі.

На думку Ігара Салаўя, абедзве сядзібы, і ў Красках, і ў Падароску, знаходзяцца ў добрай ступені гатоўнасці. Адрозніваюцца яны падыходамі да аднаўленчых работ. Калі ў Красках упор зроблены на аднаўленне гістарычных рэалій, то ў Падароску — на аказанне турысцка-забаўляльных паслуг для школьнікаў, студэнтаў, арганізаваных груп.

Краскі сталі ярчэй

Уладальніка сядзібы ў Красках заспелі за рамонтам старога трактара. Вадзім Селіхаў у рабочай вопратцы перабірае ключы і, знайшоўшы патрэбны, зацягвае гайку. Знаёмімся.

— Мясцовыя жыхары вам не дапамагаюць? — цікаўлюся ў яго.

— А каго вы маеце на ўвазе? — дзівіцца гаспадар Красак. — Паўтара мужыка ў вёсцы засталося. Усе жыхары раз'ехаліся хто куды, і вёска, на жаль, памірае.

— Праца праведзена немалая, — звяртаю ўвагу на парадак, які пануе вакол. — З якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца? Ці можна сказаць, што грошы вырашаюць усё?

— Па-рознаму, — усміхаецца суразмоўца. — Бывае, што «жывых» фінансаў няма ў наяўнасці, часам надвор'е падводзіць. Некаторыя віды работ зараз, да прыкладу, весці нельга. Фасад аднаўляем практычна ўручную, таму чакаем сонца і цяпла. Цяжкасцей хапае. А людзі толькі прыязджаюць і пытаюцца: «Ну што, хутка?» На самай справе асаблівых затрымак не адчуваем. Трэба проста разумець, што такія аб'екты, як старадаўняя сядзіба, не адраджаюцца з руін хутка. Многія дэталі даводзіцца доўга шукаць і заказваць у адзіным экзэмпляры, адшукваць адзінкавых спецыялістаў, тэхніку.

Сядзіба Краскі была прададзена з аўкцыёна ў 2009 годзе. За дзесяць гадоў тут зроблена шмат. Перш за ўсё, расчышчаны ад зараснікаў парк, праведзена інвентарызацыя дрэў. Вадзім Селіхаў вельмі беражліва ставіцца да кожнай расліны. Калі ёсць хоць найменшая магчымасць вылечыць дрэва, якое захварэла, яе імкнуцца не ўпусціць. У Красках першымі аднавілі аб'екты, якія не з'яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі. Адбудаваны лазня, аранжарэя, невялікі домік для персаналу. Усе работы вядуцца з удзелам навуковага кіраўніка ад Міністэрства культуры. Знешняе і ўнутранае аблічча самой сядзібы распрацоўвалася вельмі скрупулёзна. Цяпер тут пануе прыемная атмасфера. А галоўнае, ёсць упэўненасць, што да завяршальнай стадыі засталося зусім няшмат.

Музей шляхты ў Падароску

Аграгарадок Падароск знаходзіцца за 25 кіламетраў ад Ваўкавыска. Маёнтак захоўвае памяць аб мностве ўладальнікаў. Ён неаднаразова руйнаваўся, гарэў і паўставаў з попелу. Апошні раз сядзібу практычна зноўку адбудаваў апошні ўладальнік Ян Ота Бохвіц. Сёння сядзіба ўключае ў сябе «Белы дом» з класічным порцікам з драўляным флігелем. Дажылі да нашага часу руіны магільнага склепа, некалькі мураваных і драўляных гаспадарчых пабудоў, фрагменты мураванай агароджы і манументальная брама. Часткова захаваўся парк.

— Падароск першапачаткова прададзены як турысцка-рэкрэацыйны аб'ект, — уводзіць у курс спраў Ігар Салавей. — У 2014 годзе створана прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Маёнтак Падароск», дырэктарам якога прызначылі Андрэя Коласа. Фактычна ён кіруе ўсім, што адбываецца на сядзібе.

Дырэктар ПУП «Маёнтак Падароск» Андрэй КОЛАС.
А вось і сам кіраўнік сядзібы, як назвалі яго ў часы росквіту цяперашняга комплексу. Высокі малады чалавек у чырвонай куртцы ветліва ўсміхаецца і сам пачынае размову:

— Сядзіба ва ўласнасці ў грамадзяніна Расіі Паўла Падкарытава, які і фінансуе аднаўленчыя работы. На ўсё, што вы тут бачыце, патрачана ўжо каля мільёна долараў. Плануецца ўкласці яшчэ 3—4 мільёны. Рэалізацыя праекта разбіта на тры пускавыя комплексы. Першы ўжо практычна гатовы. Засталося вырашыць праблему з электразабеспячэннем. Літаральна праз месяц плануем урачыста адкрыць тут кафэ (24 месцы ўнутры і больш за сотню — на тэрасе) і магазін сувенірнай прадукцыі. Пасля завяршэння другога этапу рэканструкцыі ў Падароску будуць адкрыты гасцініца і рэстаран, пасля завяршэння трэцяга — сама сядзіба, у якой з'явіцца Музей шляхты. Як бачыце, у нас ужыты спецыяльныя тэхналогіі — дом у доме. Звонку пакідаем старадаўнія сцены, апрацаваныя спецыяльным насычэннем, а ўнутры ўсталёўваем сучасны каркас. Гэта новы еўрапейскі падыход да аднаўлення гістарычных помнікаў. Гэта значыць старыя будынкі пачынаюць выконваць новыя функцыі. Кузня і стайня цяпер не патрэбны, а вось кавярня і сувенірная крама будуць запатрабаваны. Хоць многія кажуць: «Зрабіце так, як было». Не атрымаецца. Але для тых, хто не ў тэме, адзначу: усе нашы дзеянні адобраны Міністэрствам культуры. Гэта толькі з першага погляду можа здацца, што за пяць гадоў зроблена не так ужо і шмат. Магу сказаць, што ўсе асноўныя работы вядуцца пад зямлёй. Сёння ў нас ёсць святло, вада, каналізацыя. І мы можам больш актыўна прасоўвацца далей.

Пры сядзібным комплексе працуе аграсядзіба, дзе можна пераначаваць. Па дарозе ад Ваўкавыска да Ружан няма пунктаў, дзе можна спыніцца і выпіць кубак кавы. У найбліжэйшы час з'явіцца рэклама, якая заклікае тых, хто праязджае па трасе, зазірнуць на агеньчык.

На аб'екце працуе мінская фірма, у якой ёсць дазвол на рэканструкцыю помнікаў гісторыі. Галоўная сядзіба ўяўляе сабой будаўнічую пляцоўку, пагружаную ў паўзмрок. Святла пакуль няма, хоць ёсць на што паглядзець. 

— Сама сядзіба выкуплена для стварэння музея беларускай шляхты. У многіх у свядомасці да гэтага часу не ўкладваецца, што беларусы не толькі сялянская нацыя. Чамусьці шляхта асацыіруецца менавіта з палякамі. Але ж у нас было сваё элітнае саслоўе, свае балі, свае Наташы Растовы. У сядзібным доме будуць абсталяваны нумары, бібліятэка, канферэнц-зала. Ужо сёння тут праходзяць экскурсіі, падчас якіх можна ўбачыць макет маёнтка ў маштабе 1:250, фота знакамітых беларускіх сямействаў, іх гербы. Пакуль гэта часовая экспазіцыя. Зараз экскурсія пачынаецца з пясочнага гадзінніка, які сімвалізуе час. Далей ідзе расповед аб уладальніку сядзібы, які быў арыштаваны ў 1939 годзе як класавы вораг. Нейкі час ён сядзеў у турме, а потым яго расстралялі ў Гродне. Вельмі важна расказаць аб тым, як фарміравалася беларуская шляхта і як яна была знішчана. Нягледзячы на тое, што мы толькі збіраемся адкрываць кафэ і магазін, наша турыстычная дзейнасць даўно арганізавалася сама сабой. Праўда, адчуваецца ярка выяўленая сезоннасць. У летні час прымаем па 5—6 аўтобусаў на тыдзень. Прыязджайце і самі ўсё ўбачыце!

kondratsieva@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...