14 000 единиц растений: коллекция Центрального ботанического сада НАН вошла в число крупнейших в Европе

Усе колеры флоры

Цэнтральны батанічны сад НАН — навуковы аб’ект, нацыянальны набытак, помнік прыроды рэспубліканскага значэння і адзін з найбуйнейшых батанічных садоў Еўропы па плошчы: займае каля 92 гектараў зямлі ў цэнтры Мінска. А сёння гэта яшчэ і адзін з сусветных лідараў па складзе калекцый раслін.

Расліны зараз вырошчваюць у прабірках.

Супрацоўнікі Акадэміі навук сур’ёзна павялічылі ўнікальныя фонды. Як гэта атрымалася, «Р» расказаў намеснік дырэктара па навуковай рабоце ЦБС Іван Валадзько:

— Каб папаўняць калекцыю, мы доўгія гады супрацоўнічалі з батанічнымі садамі Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Германіі, Венгрыі, Балгарыі і інш. Днямі прыязджала дэлегацыя з Эстоніі — дамовіліся з імі ў далейшым больш плённа абменьвацца вопытам. Сувязь трымаем і з іншымі дзяржавамі.

Разнастайнасць калекцый — вынік карпатлівай работы супрацоўнікаў нашага батанічнага сада. Навінкі закупляюцца ў прыватнікаў, прывозяцца з экспедыцый і шматлікіх камандзіровак.

— Імкнёмся не толькі абзавесціся экзатычнымі навінкамі, але і запоўніць прабелы. Аднавіць тое, што згублена, — 10 працэнтаў раслін, якія папоўнілі фонд сада, у нас калісьці раслі, але па некаторых прычынах вымерлі, — тлумачыць Іван Валадзько.

Батанічны сад імкнецца захаваць сусветны генафонд раслін. Каб напрацаваць патрэбную колькасць пасадачнага матэрыялу, выкарыстоўваюць інавацыйныя спосабы. Так, цяпер у ЦБС у тэставым рэжыме працуе біятэхналагічны комплекс па мікракланальным размнажэнні раслін. Гэта пляцоўка для паскоранага вырошчвання новых ягадных, дэкаратыўных, драўняных і лекавых раслін. Груба кажучы, іх вырошчваюць у прабірках. Магутнасць комплексу разлічана на 1 млн саджанцаў у год.

Аляксандр Вееўнік: «Базавым эксперыментальным відам сталі дурніцы высакарослыя».

Намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Цэнтральнага батанічнага сада НАН Аляксандр Вееўнік праводзіць невялікую экскурсію па новым комплексе:

— У лабараторным корпусе, дзе мы зараз знаходзімся, нашы супрацоўнікі ў стэрыльных умовах займаюцца кланальным мікраразмнажэннем раслін. Пасля гэтага расліны праходзяць адаптацыю ў цяпліцы — ёсць аранжарэя на 12 сотак. Калі ўтвараюць карані і адчуваюць сябе нармальна ў знешніх умовах, яны перасаджваюцца ў вялікія вазоны і выносяцца ў гадавальнікі. Там за 1—2 гады іх дарошчваюць, затым рэалізуюць спажыўцам.

Акрамя гэтага, у комплексе працуе група сертыфікацыі, якая адбірае толькі якасную прадукцыю. Для гэтага ёсць спецыяльнае дарагое абсталяванне. Правяраюць, наколькі тое, што атрымалі на выхадзе, адпавядае стандарту. Калі ёсць парушэнні, бракуецца ўся партыя. Аляксандр Вееўнік тлумачыць:

— Мутацыйны працэс ніхто не адмяняў, ён у прыродзе ідзе пастаянна, незалежна ад знешніх уздзеянняў. Хай нават адна пупышка пачне развівацца па-іншаму: гэта паўплывае на ўсё яе патомства. У выніку можна атрымаць партыю саджанцаў, якія не адпавядаюць зыходнаму гатунку. Звычайна такія генетычныя змены пагаршаюць спажывецкія уласцівасці расліны. 

Часта ўбачыць і ўсвядоміць, што адбылася мутацыя, можна толькі сабраўшы першы ўраджай. І ягада па памеры не тая, і смак не той. Але зараз вучоныя могуць не чакаць 5 гадоў, а аналізаваць прадукцыю на адпаведнасць на вельмі ранніх стадыях.

Дзякуючы новаму інавацыйнаму біятэхналагічнаму комплексу, які пачаў працаваць у Батанічным садзе, у краіне паскоранымі тэмпамі будзе развівацца новая галіна сельгасвытворчасці — нетрадыцыйнае прамысловае ягадаводства. Базавым эксперыментальным відам сталі дурніцы высакарослыя. Калекцыя незвычайных сартоў знаходзіцца ля адміністрацыйнага будынка саду. Аляксандр Вееўнік запрашае на своеасаблівую плантацыю:

— Тут 17 сартоў, якія прайшлі шматгадовыя выпрабаванні летнімі замаразкамі, марознымі зімамі і іншымі неспрыяльнымі пагоднымі ўмовамі нашай краіны. Гэтыя дурніцы ўжо ўнесены ў Дзяржаўны рэестр сартоў Рэспублікі Беларусь, так што могуць вырошчвацца ў любым кутку краіны. Каштуйце: ягада надзвычайная! Як чарніца, але буйней і саладзей.



І сапраўды — ягада салодкая, без кіслінкі. Кандыдат біялагічных навук абыходзіць кожны рад калекцыйных насаджэнняў і звяртае ўвагу: кусты растуць без долі грунту — ёсць толькі дранка іглічных парод, торф, драўнянае пілавінне. Для росту раслін выкарыстоўваюць толькі адно ўгнаенне — сульфат амонія. І ніякіх арганічных угнаенняў жывёльнага паходжання!

Для масавага тыражавання ў прабірцы беларускім вучоным цікавыя і іншыя расліны. У першую чаргу тыя, якія патрэбныя нашай эканоміцы — пладовыя, дэкаратыўныя і ягадныя. Акрамя дурніц высакарослых, ушчыльную возьмуцца за бружмель, ажыну, парэчку, агрэст. Навошта гэта будуць вырошчваць такім прагрэсіўным метадам? Гэта хутка і выгадна. Аляксандр Вееўнік тлумачыць:

— Займаючыся размнажэннем раслін традыцыйным чаранкаваннем, вы можаце ўзяць з куста максімум 20—30 штук. Уявіце, колькі трэба кустоў, каб узяць 100 тысяч чаранкоў? Дзякуючы новаму паскоранаму метаду батанічны сад можа атрымаць за год-два да 1 млн штук саджанцаў, выкарыстаўшы для гэтага некалькі пупышак або чаранкоў расліны.

Метад такі: пупышку расліны апрацоўваюць і змяшчаюць у стэрыльнае пажыўнае асяроддзе — шкляную банку, колбу, прабірку. Калі парастак дасягае верху пасудзіны, яго разразаюць на некалькі частак. Працэс росту паміж дзяленнямі на часткі займае 1,5—2 месяца. Колькасць раслін з кожным разам расце ў геаметрычнай прагрэсіі, павялічваючыся шматкроць. Атрымліваем так, напрыклад, 10 раслін, потым 50, 250 і гэтак далей.

ypopko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter