Часопісу “Вясёлка” - 60 гадоў

Усе колеры дзяцінства

Шэсцьдзясят гадоў таму Янка Маўр вітаў з’яўленне першага нумара часопіса “Вясёлка”: “Дарагiя маленькiя сябры! Вось i да вас прыйшоў новы часопiс. Знаёмцеся з iм, чытайце i перачытвайце, пасябруйце з iм i вы ўбачыце, што ён можа быць вашым добрым, цiкавым i вясёлым таварышам”.

З той пары выйшла 720 нумароў, у якіх публікаваліся лепшыя дзіцячыя пісьменнікі, у тым ліку класікі Васіль Вітка, Уладзімір Караткевіч, Іван Шамякін, Сяргей Грахоўскі, Алесь Пальчэўскі, Артур Вольскі, Еўдакія Лось, Анатоль Грачанікаў. Вось ужо амаль тры дзесяцігоддзі часопіс узначальвае вядомы літаратар Уладзімір Ліпскі:

— Не бяруся пералiчваць усiх аўтараў “Вясёлкi”. Толькi скажу, што кожны год мы друкуем 70—80 твораў i старэйшых, i маладзейшых пiсьменнiкаў, а то i зусiм пачаткоўцаў, якiя трапляюць пад рубрыку “Упершыню ў “Вясёлцы”. Для рэдакцыi нязменным застаецца адзiны прынцып у падборы твораў для дзяцей: яны павiнны быць арыгiнальныя, цiкавыя i карысныя нашым чытачам.

Пяць гадоў таму ў “Вясёлкi” з’явіўся “спадарожнік” — часопіс для самых маленькіх “Буся”. Ажыццявілася і шмат арыгінальных праектаў — “Свет Вялiкага тэатра”, “Скарбы Нясвiжскага замка”, “Народны каляндар”, “Сямейнае чытанне”, “Грошык i таямнiчы кошык”.

20 красавіка на святкаванне юбілею ў Палацы прафсаюзаў з усіх канцоў краіны з’ехаліся юныя аўтары і чытачы, а таксама вядомыя пісьменнікі, мастакі, кампазітары, артысты. Адбыліся прэзентацыі зборніка лепшых твораў, апублікаваных на старонках “Вясёлкi”, а таксама яе новага красавіцкага нумара, для вокладкі якога была выкарыстана варыяцыя на тэму вядомай карціны мастака Антона Бархаткова “Першая песенька”.

— Мы былi, ёсць i будзем вернымi сябрамi дзяцей Беларусi, — упэўнены Уладзімір Ліпскі.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter