Дзень пісьменства прайшоў у Заслаўi

Усе фарбы свята

Заслаўе на два дні стаў літаратурным цэнтрам Беларусі...
Заслаўе на два дні стаў літаратурным цэнтрам Беларусі. Гістарычны горад прымаў свята духоўнасці, друкаванага слова і нацыянальнай культуры — ХХI Дзень беларускага пісьменства


Дзень пісьменства — гэта не толькі свята Заслаўя,  а і ўсіх беларусаў. Каб сустрэць гасцей, горад добра падрыхтаваўся. Бачым зусім новы аб’ект на Цэнтральнай плошчы — падобны да старажытнага амфітэатра. Урачыста адкрыўся помнік заснавальніку горада — князю Ізяславу. Дзяцей, а таксама  іх бацькоў парадаваў новы дзіцячы парк. 


Галоўная гарадская вуліца перанеслася на два дні ў эпоху Асветы. Старажытную атмасферу святу задалі «жывыя скульптуры» ў выглядзе летапісцаў, пісьменнікаў і герояў літаратурных твораў. Рыцары ў даспехах разыгрывалі бітвы на мячах пад акампанемент старадаўняй музыкі. Побач — майстар-класы па сярэдневяковых танцах. Танцуюць усе, нават бабулькі.


На вуліцах, якія на гэты час сталі пешаходнымі,  працуе «Горад майстроў». З’ехаліся ўмельцы з усёй краіны. Вочы разбягаюцца: паясы, лялькі, прыгожыя тканіны, карціны, шкатулкі з лазы. Вось прама на вачах у гледачоў вяжуць пруткамі дзіцячыя шкарпэткі. Звяртаем увагу на ганчара Мікалая Стрэльчанку, які чытае газету: выдалася свабодная хвілінка. Пакупнікі тут увесь дзень: майстар з Лагойска прывёз на свята сваю калекцыю вырабаў з керамікі. Мікалай раз-пораз загортвае гаспадыням гліняныя збаны для малака, дзецям — свістулькі. Кошт, дарэчы, таксама радуе, сувенір можна купіць за 10 тысяч рублёў. 


А на Цэнтральнай плошчы разгарнуўся фестываль кнігі і прэсы. Тут працаваў выставачны павільён «Кнігі і прэса Беларусі», на экспазіцыі рэспубліканскіх друкаваных СМІ можна было бясплатна набыць перыядычныя выданні і пагаварыць з журналістамі. Асабліва цікавіліся наведвальнікі кнігамі, прысвечанымі 70-годдзю вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


Галоўнай зоркай фестывалю стаў князь Ізяслаў — заснавальнік горада. Каля помніка — натоўп жадаючых сфатаграфавацца. Не менш людзей і  ў адкрытым пасля рэканструкцыі дзіцячым парку культуры і адпачынку.


Вабілі і атракцыёны. Толькі падумаць: пратрымайся на турніку дзве хвіліны — і атрымай прыз у 300 тысяч рублёў. Тут нават сур’ёзны чалавек азарту паддасца! Спрабавалі многія, ды выйгралі адзінкі. Ідзеш далей — а тут лесвіца з дзевяці прыступак, якая вісіць на ланцугах. Уздыміся і атрымай прыз у паўмільёна. Тым больш што гаспадар атракцыёна сам гатовы паказаць, як лёгка гэта зрабіць. Дэфі-люе па лесвіцы, што хістаецца ў бакі, і кажа: галоўнае — трымаць раўнавагу, не больш. Спрабавалі нават жанчыны і дзеці, атрымалася не ў кожнага, затое каардынацыю сваю ўсе дакладна развілі.


Па традыцыі завяршылася свята перадачай сімвалічнага вымпела гораду Шчучыну – сталіцы наступнага Дня беларускага пісьменства.


Іна ГАРБАЦЕНКА, Юлія ПАПКО




Літаральна пра літаратуру



Пісьменнікам трэба глыбей пранікаць у жыццё, важны культ пісьменніка, якому давяраюць людзі. Такое меркаванне першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандра Радзькова прагучала ў суботу на міжнародным круглым стале «Сугучча: літаратура як люстэрка эпохі». 


На мерапрыемстве сабраліся вядомыя пісьменнікі і навукоўцы з Беларусі, Расіі, Азербайджана, Казахстана, Таджыкістана і іншых краін СНД. Удзельнікі абмеркавалі актуальныя тэмы міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, праблемы перакладу нацыянальных літаратур, пытанні сучаснага кнігавыдання і перыёдыкі. 


Літаратары заўсёды падказвалі, маглі прадбачыць, перасцерагчы ад вайны, разбурэння маральнасці. «У час паездкі пісьменнікаў па рэгіёнах нашай краіны было відаць, як людзі чакаюць кантакту з вамі, таму што нават вельмі разумнаму чалавеку трэба зверыць свае думкі: ці правільна я разважаю, ці правільна раблю», — заўважыў Аляксандр Радзькоў. 


На думку міністра інфармацыі Ліліі Ананіч,  у Беларусі  для падтрымкі нацыянальнага кнігавыдання робіцца многае. Добра, што ў краіне існуе не толькі дзяржаўны, але і прэзідэнцкі патранат гэтай дзейнасці. 


Год кнігі даў новы імпульс, новае падсілкоўванне творчым праектам і задумам. І сёння жывуць такія з іх, як «Калядны дабрачынны баль кнігі», «Жывая класіка». У гэтым годзе пісьменнікі, бібліятэкары, выдаўцы вельмі актыўна ўдзельнічалі ў новым праекце «Лета з добрай кнігай». Пры дзяржаўнай пад-трымцы выйшла цэлая серыя выданняў па тэматыцы 70-годдзя вызвалення Беларусі, камплекты накіраваны ў бібліятэкі. 


Віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік пад-крэсліў, што правядзенне Дня пісьменства ў Год гасціннасці і 70-годдзя вызвалення падкрэслівае сувязь гісторыі і сучаснасці. 


У трэцім тысячагоддзі кніга дастойна канкурыруе з іншымі носьбітамі інфармацыі. Толькі ў мінулым годзе ў краіне выпушчана больш за 11 тысяч найменняў кніг і брашур тыражом 33 млн. 


Па словах старшыні Саюза пісьменнікаў Мікалая Чаргінца, увага людзей да Дня беларускага пісьменства гаворыць перш за ўсё пра іх любоў да літаратуры. 


Гэты год для літаратараў краіны мае асаблівае значэнне — Саюзу пісьменнікаў споўніцца 80 гадоў. У 1934-м арганізацыю стваралі аксакалы літаратуры — Янка Купала і Якуб Колас, іншыя вядомыя пісьменнікі. Іх эстафету падхапілі дзясяткі людзей, якія стварылі нацыянальную скарбніцу. І сённяшняе пакаленне літаратараў імкнецца служыць народу і любіць яго.


Рускі журналіст і пісьменнік Георгій Прахін лічыць сімвалічным тое, што круглы стол прайшоў у той зале, у якой напярэдадні засядалі кансультатыўныя групы па пытаннях урэгулявання канфлікту ва Украіне. Да Мінска сёння прыкавана вялікая ўвага і надзеі на мірны зыход. 


Трэба шукаць не тое, што нас раз’ядноўвае, а тое, што аб’ядноўвае,  неаднаразова паўтаралася ў час прамовы. 


Абмеркавалі ўдзельнікі круглага стала і пытанне, як пісьменніку выжываць ва ўмовах Інтэрнэту. Кіраўнік вядомага літаратурнага праекта «Раман-газета» Юрый Казлоў незадаволены тым, што мала які пісьменнік атрымлівае грошы за публікацыі сваіх твораў у Сусветным павуцінні. З другога боку, з дапамогай глабальнай сеткі пра цябе могуць даведацца чытачы. Таму пісьменнікі вымушаны згаджацца  з  тым, што іх творы выстаўляюцца практычна дарма. 


Трэба падымаць пытанне аб аднаўленні прэстыжу прафесіі пісьменніка, сказаў, што на рынку прадаецца камерцыйная літаратура, мэта якой толькі атрыманне прыбытку, а нармальную мастацкую прозу ніхто асэнсаваць не імкнецца. 


Узровень якасці перакладчыцкай школы рэзка ўпаў, таму атрымаць тэкст, які быў бы напісаны на нацыянальнай мове і якасна перакладзены, складана. Неабходна адраджаць школу перакладу. 


Адбылася таксама прэзентацыя альманаха «Сугучча», у якім прадстаўлены творы сучасных аўтараў з краін СНД. Удзельнікі круглага стала перадалі ў фонды Нацыянальнай бібліятэкі кнігі сваіх краін і дамовіліся і далей наладжваць сумесныя сустрэчы.

Іна ГАРБАЦЕНКА


gobatenko_inna@mail.ru



Аддам станок у добрыя друкі



«Апускаем сіта ў ваду, чэрпаем папяровую масу і вымаем. Устрэсваем, выдаляем лішнюю ваду, выкладваем ліст на лямец, потым сушыць будзем...» Так пачалося маё сапраўднае знаёмства са старадаўнім кнігадрукаваннем, а значыць, і з гісторыяй нашай культуры, адукацыі, навукі. 


Георгій Андралюк на Дні беларускага пісьменства спецыяльна запрошаны госць. Прыехаў ён з польскага Беластока з велізарным жаданнем паказаць беларусам, як і з чаго старадаўнім спосабам вырабляецца папера, ды навучыць нас самастойна ствараць лісты, такія, якія калісьці ўручную рабілі нашы продкі. 


Георгій прызнаўся, што толькі тры гады таму захапіўся ідэяй навучыцца ўсім тонкасцям такога майстэрства. Але за гэты час паспеў зрабіць вельмі многа, нават стаў заснавальнікам Музея друку і папяровай справы ў польскім Супраслі, які адкрыўся для наведвальнікаў у маі гэтага года. У Заслаўі польскі майстар вучыў старадаўняму спосабу ўсіх і кожнага.


«Сёння, напэўна, працуеце ўвесь дзень да сёмага поту», — спачувае чарговы жадаючы зачэрпаць сітам папяровую масу з цэлюлозы. «У вадзе не горача», — жартуе ў адказ польскі друкар. Відаць, як захоплена ён раз за разам стварае ўнікальныя лісты. 


Умелец расказаў, што будучыя кніжныя старонкі сушацца некалькі дзён. Зразумела, у цені, каб яны не скруціліся. З гісторыі вядома, што памяшканне сушкі для паперы рабілася на друкаваных млынах. Будынак прыкладна ў тры паверхі вышынёй пад дахам меў незвычайнае гарышча, дзе некалькі вокнаў размяшчаліся так, каб вецер гуляў, а сонечных промняў не было. Лісты развешвалі на вяроўках. Пасля майстры стукалі па іх малатком, каб атрымаць шчыльную, гладкую і тонкую паперу. Зараз жа ліст такой паперы з цэлюлозы, выраблены старажытным спосабам, каштуе ад аднаго еўра, з лёну — даражэй, ад трох з паловай. І іх не абразаюць, таму папера мае свой асаблівы край. Ды і таўшчыня ніколі не атрымліваецца аднолькавай. Кожная старонка — унікальны і непаўторны твор.


Георгій захапіўся вывучэннем старадаўняга спосабу вытворчасці паперы пасля таго, як з’ездзіў на экскурсію ў стары млын у польскія Душнікі, а я — пасля таго, як сваімі вачыма ўбачыла, а рукамі яшчэ і дакранулася да толькі што створанай сапраўднай кніжнай старонкі. 


Цікава стала: а што ж далей? Пераходжу да станка, за якім працуе Уладзімір Ліхадзедаў. Аўтар нашага рэдакцыйнага праекта «У пошуках страчанага» на Дні пісьменства дэманструе адноўлены станок XVI стагоддзя, на якім з дапамогай адлітай формы любы жадаючы можа надрукаваць ліст з Бібліі Францыска Скарыны. Паспрабаваць сябе ў ролі першадрукара ў чаргу стала і я. 


Пад кіраўніцтвам Уладзіміра закладваю ў станок ліст. «Мацней, мацней рычаг цягніце», — дапамагае. Старанна выконваючы ўсе каманды майго настаўніка, чакаю вынік. Непаўторнае пачуццё, калі бярэш у рукі толькі што надрукаваную старонку з Бібліі. Быццам з Дня пісьменства-2014 трапляеш у далёкае XVI стагоддзе.


Гісторык аб’ездзіў усю Еўропу ў пошуках старадаўніх гравюр і здымкаў. Па дакументах, у якіх апісвалася тэхналогія працэсу друкавання часоў Скарыны, і вырабілі друкарскі станок. Спецыяльна для гэтага апарата адлілі матрыцы і формы з тэкстам Бібліі. Эксклюзіў зроблены з дубу. Каб знайсці матэрыял, які падыходзіць, спатрэбілася нямала часу. Яго адшукалі ў Беларусі, драўніна да гэтага дзесяць гадоў знаходзілася ў сушцы. 


На адноўленым станку, а іх у свеце адзінкі, ужо аддрукавалі сем асобнікаў скарынаўскай Бібліі. Ліхадзедаў марыць адрадзіць і іншыя неацэнныя працы — першыя кнігі, якія выдаваліся ў друкарнях Беларусі ў XVI—XVII стагоддзях.


Ёсць яшчэ і іншыя планы. Прызнаецца, што хоча заснаваць музей кнігадрукавання. І не такі, як у Польшчы, у стварэнні якога ён таксама прымаў непасрэдны ўдзел, а больш маштабны. 


«Цяпер, на жаль, многія бачаць толькі, як ліст паперы выходзіць з лічбавага прынтара. Людзі павінны ведаць больш», — упэўнены Уладзімір. 


Ведаць, якая ў нас багатая гісторыя, якімі разумнымі і адукаванымі былі продкі, якая высокаразвітая культура засталася ў спадчыну, лічыць гісторык і публіцыст, важна. Бо каб зразумець, хто мы, трэба ведаць, кім мы былі...

Юлія ПАПКО 


ypopko@bk.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter