В Щучине прошел XXII День белорусской письменности

Усе дарогі вялі ў Шчучын

Старадаўні Шчучын у мінулыя выхадныя натхнёна і самааддана адсвяткаваў XXII Дзень беларускага пісьменства
Старадаўні Шчучын у мінулыя выхадныя натхнёна і самааддана адсвяткаваў традыцыйнае восеньскае свята — XXII Дзень беларускага пісьменства. Як заўсёды гэта было свята нашай літаратуры, песні, паэзіі, паўнавартасных разваг пра будычыню кнігі, сустрэч пісьменнікаў і чытачоў, размоў і абмеркаванняў, свята добрага настрою і густу.


 
Адбылося адкрыццё адноўленага палаца князёў Друцкіх-Любецкіх. Лепшыя з лепшых упершыню атрымалі ўзнагароды рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная літаратурная прэмія” (толькі ў намінацыі “Дэбют” лепшага не знайшлі). Узнагароды атрымалі шэсць аўтараў. Сярод іх, напрыклад, вядомы крытык і аўтар “Народнай газеты” Дзяніс Марціновіч. Ён атрымаў узнагароду ў намінацыі “Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства” за кнігу “Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча”. А лепшым творам прозы стаў раман Уладзіміра Саламахі “І няма шляху чужога”. 

Святкаваў увесь горад. Шчучын стаў той пляцоўкай, на якой можна было паразважаць аб гуманітарнай адказнасці пісьменніка перад чытачамі ці параіць аўтарам, на што звярнуць увагу ў будучыні. Так, міністр культуры Барыс Святлоў выразіў упэўненасць, што нават калі свята будзе мяняць свой фармат, яно ўсё роўна застанецца з намі. А міністр інфармацыі Лілія Ананіч пажадала, каб нашы пісьменнікі больш пісалі для дзяцей. 

У павільёне “Кнігі і прэса Беларусі” была разгорнута вялікая праца. Каля стэнда выданняў холдынга “СБ” быў сапраўдны “аншлаг”. Чытачы і ўдзельнікі свята актыўна цікавіліся выданнямі, рабілі свае заўвагі, дзяліліся кулінарнымі рэцэптамі (нават прыносілі дамашнія “разнасолы”!) і атрымлівалі свежыя нумары газет і промапрадукцыю. Юныя пераможцы конкурсу на лепшы прачытаны верш таксама не сыходзілі з пустымі рукамі. Некаторым школьнікам гэта так спадабалася, што яны зноў і зноў вярталіся да нашага стэнда. 

Безумоўна, свята атрымалася. Наступны Дзень пісьменства пройдзе ў Рагачове. 

pepel@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter