Поздравление двухтысячников и окончание жатвы: мы побывали в Несвижском районе

Усе адценнi залатога

На Міншчыне намалочана звыш 1,805 млн тон збожжавых і зернебабовых культур, больш за 92 працэнты плошчаў убрана. Трэцім па намалоце ў вобласці з’яўляецца Нясвіжскі раён, на рахунку якога звыш 140,6 тысячы тон збожжа новага ўраджаю. Ён жа і лідар па ўраджайнасці — 67 цэнтнераў з гектара.

Збор рулонаў саломы з поля ААТ «Нясвіжскія Астраўкі».

У трох сельгаспрадпрыемствах — ААТ «Грыцкевічы», СВК «Агракамбінат Сноў» і ААТ «Новае жыццё» — збіраюць больш за 85 цэнтнераў з гектара.

— Вы своечасова прыехалі, сёння едзем узнагароджваць нашых перадавікоў з намалотам 2000 тон. У нашым раёне 83 камбайнавыя экіпажы з’яўляюцца тысячнікамі, а 7 — двухтысячнікамі. Сярод механізатараў, дарэчы, шмат моладзі, — падкрэсліў першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Нясвіжскага райвыканкама Віктар Худніцкі.

Унукі — будучыя камбайнеры

Рухаемся ў бок палёў дзвюх паспяховых гаспадарак — ААТ «Грыцкевічы» і ААТ «Нясвіжскія астраўкі». Віктар Уладзіміравіч па дарозе расказвае пра жніво ў раёне:

— 15 сельгасарганізацый задзейнічала ва ўборачнай кампаніі 118 збожжаўборачных камбайнаў. Жніво ў раёне завершана: звыш 21 000 гектараў тэрыторыі прыбрана. Лепшы вынік дасягнуты ў ААТ «Грыцкевічы», дзе намалочана больш за 8000 тон збожжа. Найбольшую прыбаўку да мінулага года атрымалі ў ААТ «Нясвіжскія астраўкі», дзе валавы збор збожжавых складае 9,5 тысячы тон. Гэта плюс 1,8 тысячы да 2019 года пры сярэдняй ураджайнасці 72,9 цэнтнера з гектара.

Падзяку Юрыю МАНУЛІКУ, трактарысту-машыністу ААТ «Нясвіжскія Астраўкі», уручае першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Нясвіжскага райвыканкама Віктар ХУДНІЦКІ.

Да нас выходзіць пагутарыць трактарыст-машыніст Генадзь Сяргей. За дасягнуты намалот збожжа ў 2000 тон і добрасумленную працу ён атрымаў падзяку ад Нясвіжскага райвыканкама. Да яе таксама належыць грашовае ўзнагароджанне. Да віншаванняў далучылася старшыня раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Святлана Антончык. Генадзь жа да ўвагі прэсы не прывык, аб сваёй працы кажа з простай усмешкай:

— Дваццаць гадоў працую на камбайне, намалаціў 2000 тон на гэтым «Палессі». Працы наперадзе шмат, у тым лiку ўборка кукурузы. Думаю, што вопыт прыходзіць з гадамі. Рады, што і мая сям’я звязала жыццё з сельскай гаспадаркай. Сын і дачка працуюць у сельгаспрадпрыемствах раёна. Калісьці на жніве мне дапамагалі дзеці і жонка, а ў гэтым сезоне працаваў у кабіне камбайна адзін. Спадзяюся, мае два ўнукі, як падрастуць, таксама стануць камбайнерамі!

Яўген Здановіч, дырэктар ААТ «Грыцкевічы», з задавальненнем расказаў пра цяперашняе жніво ў гаспадарцы:

— Больш за 200 работнікаў у нашым калектыве, шэсць камбайнавых экіпажаў працавала з раніцы да вечара на працягу трох тыдняў. Ураджайнасць збожжавых (ячменю і пшаніцы) парадавала, сёлета яна больш чым добрая: маем плюс 9 цэнтнераў з гектара. Кармоў шмат нарыхтавалі. Набытая новая сеялка дала выдатны эфект у працы.

Ёсць жаданне — праца ладзіцца

Спяшаемся павіншаваць яшчэ аднаго двухтысячніка. З Віктарам Худніцкім пераязджаем у іншую частку Нясвіжскага раёна, тут знаходзіцца гаспадарка з лірычнай назвай «Нясвіжскія астраўкі».

Юрый Манулік — механізатар-двухтысячнік са стажам. Работнік атрымаў падзяку Нясвіжскага райвыканкама і грашовы падарунак з рук дырэктара гаспадаркі Васіля Халопіцы.

— Жыву ўжо гадоў пяць тут, прыехаў з Чэрвеньскага раёна. Працаваць у гэтай гаспадарцы мне падабаецца, а калі ёсць вынік, на душы становіцца цёпла. Што казаць, прыемна адчуваць увагу кіраўніцтва раёна. Усё, пайду працаваць, бо языком малоць — не дровы калоць, — сціплы Юрый фатаграфуецца і спяшаецца да тэхнікі.

Мы пагутарылі з яшчэ адным работнікам гаспадаркі. Механізатар Аляксандр Анісенка працуе ўжо 25 гадоў у розных гаспадарках, зараз займаецца зборам рулонаў саломы з палёў:

— Я пераехаў на Міншчыну з Хойніцкага раёна ў 80-я, пасля Чарнобыля, займаў прызавыя месцы на ўборачнай і ворыве ў розныя гады. А тут працую чацвёрты сезон, мяне ўсё задавальняе: і стаўленне кіраўніцтва, і заробак. Лічу, што галоўнае —жаданне, і праца будзе ладзіцца.

Дырэктар ААТ «Нясвіжскія астраўкі» Васіль Халопіца з цеплынёй адгукаецца аб усім працоўным калектыве:

— У нашай кампактнай гаспадарцы працуюць 200 чалавек. Механізатары — хлопцы працавітыя і вопытныя. Усе 6 экіпажаў зжалі па тысячы тон. Казаць па два разы і ставіць задачы па працы людзям не трэба: усе ставяцца да справы з толкам. Сёлета, вядома, разлічвалі на добры ўраджай, але ён перасягнуў усе чаканні. Вось прыемная лічба: дадалі 14 працэнтаў да ўраджайнасці мінулага года. Абнавілася ў гаспадарцы і тэхніка: мы атрымалі новы магутны трактар з плугам для апрацоўкі глеб, чаму вельмі рады. Надвор’е стаіць гарачае, дзесьці абцяжарваецца ворыва, бо не хапае дажджоў, а ён нас выручае.

Аляксей Грох, галоўны аграном гаспадаркі, дадаў:

— У нас незвычайнае геаграфічнае становішча: побач Мір, землі Стаўбцоўскага і Карэліцкага раёнаў, тэрыторыі апяразаны веткай магістралі М-1/Е 30. Агульная плошча тэрыторый — 3,5 тысячы гектараў, збожжавыя культуры занялі сёлета 1301 гектар. Мы ідзём у нагу з часам, ажыццяўляем сортаабнаўленне культур. Перайшлі на больш сучасныя сарты збожжавых і бачым, што ёсць вынік. Выкарыстоўваем усе вядомыя тэхналогіі апрацоўкі глеб і падкормкі культур. Зыходзячы з паказчыкаў ураджайнасці, прапрацоўваем пытанне павелічэння плошчаў пад азімы ячмень. Будзем набываць новую камбінаваную сеялку. Паколькі ў нас высокая сярэдняя нагрузка на камбайн, плануем у наступным годзе купіць яшчэ адну магутную сельгасмашыну.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter