Урокi вернасцi давала навучэнцам Івянецкага дома-інтэрната Марыя Багель-Калачык

Урокi вернасцi

давала навучэнцам Івянецкага дома-інтэрната Марыя Багель-Калачык

давала навучэнцам Івянецкага дома-інтэрната Марыя Багель-Калачык, і яны адказвалі ёй тым жа


Даваеннае дзяцінства ў роднай вёсцы Баярская, што каля Налібоцкай пушчы, сувязь з партызанамі ў час нямецка-фашысцкай акупацыі, пасляваенныя школьныя гады ў Каса-Дворскай сямігодцы на Навагрудчыне і незабыўнае юнацтва ў мястэчку Нягневічы, дзе будучы “Выдатнік народнай адукацыі Беларусі” Марыя БАГЕЛЬ атрымала разам з атэстатам сталасці запрашэнне настаўнічаць. Шаснаццацігадовай дзяўчынкай выкладала гісторыю ў Дзераўнянскай школе былога Івянецкага раёна і завочна вучылася на філалагічным факультэце Мінскага педінстытута імя Максіма Горкага, амаль паўстагоддзя настаўнічала ў сельскіх школах Міншчыны і больш за трыццаць гадоў, да выхаду на пенсію, працавала завучам Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця. І зараз, на дзявятым дзясятку, Марыя Максімаўна, поўная аптымізму і жыццёвай энергіі, з малодшай сястрой Ірынай Максімаўнай гаспадараць на ўтульным івянецкім падворку, каля якога нястомна нясе да бацькі-Нёмана крынічныя воды скарацечная рэчка Валоўка.


НЕВЯЛІКАЯ вёсачка з незвычайнай назвай Баярская прытулілася да ўскрайку Налібоцкай пушчы. Сярод нізін і палёў вёў адсюль шлях да стольнага Наваградка і далей, праз Любчу, да Міра і Нясвіжа. Даваенным часам у святы па грэблі да Нягневіцкай царквы на самаробнай карэце дабіралася сям’я саматужнага майстра Максіма Багеля, які на ўсю акругу славіўся вырабам скур і шыццём кажухоў. У рана асірацеўшай сям’і старэйшаму Максіму давялося ўзнімаць на ногі пецярых братоў і сястрычак. Пажар знішчыў іх хату, і пагарэльцаў прыюцілі суседзі Лаўрыновічы. Шаснаццацігадовы Максім з дзесяцігадовым братам Мікалаем збудавалі невялікую хацінку, у якую малады гаспадар прывёў жонку Вольгу, якая была таксама з сіроцкай сям’і. У пасаг маладая гаспадыня атрымала нямецкую швейную машынку “Зінгер”, на якой шыла адзенне для сялян з навакольных вёсак і нават вучыла швейнаму майстэрству іншых. Кемлівы гаспадар змайстраваў конную касілку, малатарню для зерня і прыстасаванне з пяці сіт для яго ачысткі. Сканструяваў такарны станок, на якім вырабляў лыжкі, посуд, дзіцячыя цацкі, верацёны і іншыя гаспадарчыя прылады, якія карысталіся попытам у сялян. Пяцёра дзетак дапамагалі бацькам упраўляцца на падворку. Старэйшыя — Клаўдзія і Віктар — вучыліся ў школе, а пяцігадовай Марыі сумна было заставацца дома, і яна імкнулася таксама ў школу. Бацька Максім працаваў ужо сакратаром сельсавета і папрасіў настаўніцу пачатковых класаў Хрысціну Майснараву дазволіць дачцэ наведваць заняткі. Так і стала школьніцай настойлівая дзяўчынка. Вучні прынеслі ёй ляльку, з якой Марыя не расставалася на ўроках. Але і хутка спасцігала азы навукі. Настаўніца здзіўлялася здольнасцям маленькай вучаніцы, якая чытала і пісала не горш за старэйшых школьнікаў. А ў трэцім класе Марыйцы нават даверылі правяраць сшыткі аднакласнікаў.

Кіраваў Коса-Дворскай сямігодкай інтэлігентны педагог Міхаіл Мінкевіч. На ўроках гісторыі ён зачароўваў вучняў расповядамі пра дзіўныя моманты жыцця вядомых гістарычных асоб, захапляльна расказваў пра цікавыя гістарычныя падзеі, нібыта сам быў іх сведкам. У школе надзялялася ўвага эстэтычнаму выхаванню, дзейнічалі гурткі жывапісу і скульптуры, якімі кіравалі навагрудскія дзеячы мастацтва. Таленавітага дырэктара вясковай сямігодкі прыкмецілі і запрасілі на прэстыжную пасаду ў беларускую сталіцу, дзе неўзабаве ён узначаліў Міністэрства адукацыі рэспублікі. На пасту міністра Міхаіл Гаўрылавіч выкройваў час для наведвання вясковых сяброў. Гасцяваў і ў сям’і Багеляў.

Пасля заканчэння Коса-Дворскай сямігодкі па ініцыятыве бацькоў Марыя паступіла ў Баранавіцкае медвучылішча, але нядоўга там вучылася. Вярнулася дамоў і сказала, што медыцына ёй не цікавая. Марыла стаць педагогам. Прыкладам была першая школьная настаўніца Хрысціна Майснарава, бацькі якой у часы панскай Польшчы прыехалі ў Заходнюю Беларусь. А калі ў пасляваенныя гады пачалося масавае вяртанне палякаў на радзіму, настаўніца Хрысціна Майснарава перад ад’ездам звярнулася да бацькоў Марыі, каб адпусцілі дзяўчынку з ёю ў Польшчу, дзе яна атрымае адукацыю. Спадзявалася настаўніца і пажаніць прыгажуню са сваім сынам Ромекам. Але бацькі дзяўчынкі не далі згоды. Цяжкім было расставанне, у час якога настаўніца падарыла Марыі жоўты з пярэстымі ружамі абрус і настольную лямпу з блакітным абажурам. Абрус упрыгожваў стол на выпускных экзаменах Марыі ў Нягневіцкай сярэдняй школе. І лямпу доўга бераглі ў сям’і Багеляў. Праз дзесяцігоддзі, калі Марыя Максімаўна працавала ўжо завучам Івянецкага дома-інтэрната, дарагую сэрцу лямпу перадала ў створаны краязнаўчы музей. З любімай настаўніцай Майснаравай доўгія гады перапісвалася, дзялілася сваімі радасцямі і трывогамі. Паведамляла пра сваю галоўную ролю ў вадэвілі “Несцерка”, што ставілі старшакласнікі Нягневіцкай сярэдняй школы, пра самастойную першую пастаноўку танца “Беларуская бульба”. Так хацелася падзяліцца з настаўніцай сваімі цнатлівымі пачуццямі да аднакласніка Мікалая Балакіна, які адрозніваўся ад равеснікаў сціпласцю і незвычайнымі здольнасцямі да навукі.

АЛЕ лёс па-свойму распарадзіўся і падарыў Марыі Багель сустрэчу з абаяльным маладым Эдуардам Калачыкам, які прыехаў са службы ў арміі на пабыўку ў родныя мясціны. Дзяўчыну здзівіла знешняе падабенства Эдуарда з Мікалаем. Кароткім быў адпачынак ваеннаслужачага Калачыка, які пасля вяртання на службу прыслаў на адрас Марыі вялікую пасылку з акуратна ўпакаваным радыёпрыёмнікам “Радзіма”. Уся вёска Сівіца збіралася ў доме настаўніцы і вечарамі слухала пастаноўкі Беларускага радыё. А неўзабаве Эдуард прапанаваў дзяўчыне выйсці за яго замуж. І сталі яны адной сям’ёй. Пераехалі ў мястэчка Івянец, дзе адкрыўся дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця і Марыі Максімаўне прапанавалі настаўнічаць.

Маладая сям’я атрымала пляц на ўскрайку Музейнай вуліцы кампактнага Івянца, дзе стужкай агібае агароды рэчка Валоўка. Бацькі Марыі дапамаглі маладым пабудаваць свой дом, пасадзілі сад.

— Быццам учора ўсё было, — узгадвае Марыя Максімаўна Багель-Калачык. — Толькі світала, а я ўжо ляцела да сваіх выхаванцаў. Дачушку Вольгу менш бачыла, чым дзетак у доме-інтэрнаце. Маё жыццё злілося з вучнямі. Разам нямецкую мову спасцігалі. Якой радасцю было, калі яны дэманстравалі цудоўныя веды. І вольны час праводзілі разнастайна і цікава. Хадзілі ў паходы па наваколлі Івянца. Мясціны тут надзвычайна маляўнічыя. За маім агародам на невялікім азярцы пасялілася пара грацыёзных лебедзяў. Аднойчы адзін з іх пры ўзлёце зачапіўся за электрычныя правады і зваліўся з параненым крылом на двор суседа Анатоля Станкевіча. Мы кінуліся ратаваць знямоглую птушку. Выклікалі на дапамогу спецыялістаў з горада, але ніхто не прыехаў. Пусцілі лебедзя на рачную плынь, і яна панесла яго ўдалячынь. Над ракой увесь час кружыў другі лебедзь. Так і зніклі яны разам за лясным масівам. Пра гэты выпадак расказвала навучэнцам, падкрэсліваючы, як птушкі вучаць вернасці.

Амаль сорак гадоў аддала працы ў доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў Марыя Багель-Калачык. З першых гадоў існавання гэтай установы склаўся моцны педагагічны калектыў, які садзейнічае выхаванцам у адаптацыі да самастойнага жыцця.

— З розных мясцін паступаюць дзеці ў дом-інтэрнат, — працягвае Марыя Максімаўна. — Не ўсе аднолькава асвойваюцца ў калектыве. Задача педагогаў — насыціць іх жыццё, каб не заставалася часу сумаваць. У кожнага свой характар, настрой, і трэба пастаянна знаходзіць падыход.

Цяжка звыкнуцца з тым, што бачыш гора бацькоў за хворых дзетак. Надзвычай важная задача — ашчаслівіць выхаванцаў, дапамагчы ім фізічна і маральна, што вельмі складана. З пачатку стварэння дома-інтэрната імкнуліся наладзіць сацыяльна-бытавыя ўмовы. Жылыя карпусы і школьныя класы знаходзіліся ў непрыстасаваных памяшканнях. Зімою даймаў холад. Сцюдзёным часам нават замярзала чарніла, даводзілася вучыцца ў клубе, пад які прыстасавалі дом мясцовага ксяндза. З другога боку будынка знаходзіліся кухня, сталоўка і пакоі для цяжкахворых дзяцей. У невялікім пакойчыку тулілася бібліятэка. Старэйшыя дзеці разам з настаўнікамі самі пілавалі і калолі дровы, дапамагалі ацяпляць памяшканні.

Дзейнічаў толькі адзін працэдурны кабінет, у якім медсястра Марыя Новік ледзьве паспявала аказваць дапамогу.

НЕЧАКАНАСЦЮ для калектыву дома-інтэрната стала пагроза закрыцця ўстановы з-за неадпаведнасці санітарна-гігіенічным нормам. Так і было б, калі б калектыў не ўзначаліў былы франтавік Фёдар Гольдшмідт, які ў пасляваенныя гады кіраваў Івянецкім райспажыўсаюзам. Пад кіраўніцтвам Фёдара Лазаравіча ў гарадскім пасёлку выраслі прасторныя магазіны, рэстаран, жылыя дамы.

Апантана ўзяўся таленавіты арганізатар за добраўпарадкаванне дома-інтэрната. Усе жылыя памяшканні ўцяплілі, а ў калідорах абсталявалі ляжанкі — печкі для абагрэву памяшканняў і сушкі абутку. Гаспадарчыя пабудовы паступова пераабсталявалі ў класы. Фёдар Лазаравіч захапіў усіх, ад настаўнікаў да дзяцей, агульнымі гаспадарчымі справамі. Ініцыятыўнай настаўніцы Марыі Багель-Калачык прапанаваў пасаду завуча.

 ЦК камсамола Беларусі аб’явіў шэфства над Івянецкім домам-інтэрнатам для дзяцей-інвалідаў. Гэта надало новы імпульс усяму калектыву. Сталічныя шэфы завезлі будматэрыялы і да новага навучальнага года збудавалі памяшканне пачатковай школы. Радаваліся бацькі за паляпшэнне ўмоў жыцця і вучобы дзяцей.

Па ініцыятыве дырэктара Фёдара Гольдшмідта пачалі развіваць падсобную гаспадарку. З дапамогай суседніх калгасаў завялі сваю малочна-таварную ферму, дзе ўтрымлівалася амаль сто галоў буйной рагатай жывёлы. Сваімі сіламі збудавалі свінаферму на 200 галоў і птушнікі для кур і качак. Асноўная частка прадукцыі, якую атрымлівалі, прызначалася для харчавання выхаванцам, а лішкі прадавалі і на атрыманыя сродкі набывалі будматэрыялы, неабходны гаспадарчы і спартыўны інвентар, музычныя інструменты.

Абслугоўваць падсобную гаспадарку даручылі пацыентам з інтэрнатаў для дарослых інвалідаў. Жадаючых жыць і працаваць у гэтым калектыве было шмат. Дарослым дапамагалі дзеці. У вольны ад заняткаў і медыцынскіх працэдур час адказная за выхаваўчую работу Марыя Багель-Калачык і яе юныя сябры даглядалі птушак, палолі агарод, выконвалі іншыя даручэнні па гаспадарцы. Выхаванцы атрымлівалі сапраўдныя ўрокі жыцця, засвойвалі азы сялянскай працы.

Наваколлі мястэчка багатыя на розныя травы. Настаўнікі і дзеці летнім часам на прыбярэжных лугах, пушчанскіх палянках актыўна збіралі зверабой, крапіву, трыпутнік і іншыя лекавыя расліны, якія рыхтавалі ў змайстраваных дзвюх сушылках для здачы ў Рубяжэвіцкую аптэку. На сваім полі самі наладзілі вырошчванне акультураных лекавых раслін: мелісы, календулы, аптэчнага рамонку, чыстацела, мяты, кропу. Адкрылі фітнес-кабінет, дзе можна было пачаставацца лячэбнымі кактэйлямі.

ТАЛЕНАВІТЫ арганізатар Фёдар Лазаравіч Гольдшмідт і няўрымслівая завуч Марыя Максімаўна Багель-Калачык не пакідалі нікога раўнадушнымі ў калектыве. У падсобную гаспадарку Івянецкага дома-інтэрната з вялікай ахвотай імкнуліся на вытворчую практыку будучыя аграномы, заатэхнікі, кветкаводы, гароднінаводы. Майстэрству працаваць на зямлі прывучалі выхаванцаў дома-інтэрната. Паспяховымі спецыялістамі сельскай гаспадаркі сталі былыя выхаванцы дома-інтэрната Андрэй Комар, Мікалай Аладка, Таццяна Сарока, Мікалай Лойка і многія іншыя. У сваіх пісьмах Марыі Максімаўне былыя вучні дзякуюць за клопат пра іх.

Для аздараўлення дзяцей абсталяваны кабінеты для лячэбных працэдур, масажу, лячэбнай фізкультуры, музыкатэрапіі, лазернага лячэння, іголкаўколвання, стаматалагічны, бальнеалагічны комплекс і басейн.

— Да нас у Івянец прыязджалі за вопытам вучэбна-выхаваўчай і аздараўленчай работы, — ганарыцца Марыя Максімаўна. — Арганізоўвалі для спецыялістаў з розных куткоў Беларусі паказальныя заняткі, аснова якіх — развіццё таленту кожнага выхаванца. Майстэрству весці ўрокі з дзецьмі-інвалідамі вучыліся госці ў вопытных педагогаў дома-інтэрната Яніны Лянкевіч, Тэрэзы Мінюткі, Віктара Сіпайлы. З дзяцінства імкнулася развіваць свае здольнасці, але ніколі так лёгка ўсё не давалася, як у доме-інтэрнаце, якім мудра кіраваў і стымуляваў нас Фёдар Гольдшмідт. Многія выпускнікі знайшлі сябе ў культуры і мастацтве, педагогіцы, медыцыне. Цудоўнымі вершамі напоўнены агульны альбом паэзіі выхаванцаў дома-інтэрната.

Педагогі дома-інтэрната праз эстэтычнае выхаванне развіваюць навучэнцаў, рыхтуюць да самастойнага жыцця.

Дырэктар Фёдар Лазаравіч раіўся з Марыяй Максімаўнай аб пераводзе трыццаці хлопчыкаў і дзяўчынак з Чэрвеньскага дзіцячага дома. Рызыкнулі — і дзеці аддзячылі стараннем. Валянціна Пархімовіч закончыла школу з залатым медалём. Многія сталі спецыялістамі, перадавымі працаўнікамі народнай гаспадаркі.

Вялікай радасцю для калектыву стала прысваенне Фёдару Лазаравічу Гольдшмідту звання “Заслужаны дзеяч сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь”. Ганаровую ўзнагароду ўручаў Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.

Запаветнай марай дырэктара дома-інтэрната было будаўніцтва новага корпуса для выхаванцаў і іпадрома для лячэння хворых дзяцей. Расійскія сябры дапамаглі тыпавым праектам новага корпуса, дзяржбюджэт вылучыў сродкі, і пачалося будаўніцтва. Прыгожы будынак на 144 месцы прыняў юных гаспадароў. Пашырыліся магчымасці дзяцей-інвалідаў аздараўляцца, вучыцца, працаваць і адпачываць. У планах засталося будаўніцтва іпадрома. Духавы аркестр і дзіцячы тэатр, гурткі па інтарэсах — усё гэта стваралася для гарманічнага развіцця навучэнцаў.

Пярлінай выхаваўчай дзейнасці ўсяго калектыву стаў гісторыка-краязнаўчы музей, якому Міністэрствам культуры Беларусі прысвоена званне “народны”. У кнізе водгукаў запісаны захопленыя ўражанні наведвальнікаў на розных мовах свету.

ХВАЛЮЕ аўдавелую Марыю Максімаўну, якая ўжо амаль дваццаць гадоў на заслужаным адпачынку, лёс музея, у стварэнні якога і яна прымала актыўны ўдзел. З-за аварыйнага стану старое памяшканне знеслі, а экспанаты чакаюць лепшых часоў. Ёсць спадзяванне, што найбольш каштоўныя рэчы папоўняць экспазіцыю Івянецкага краязнаўчага музея, побач з якім размешчана ўтульная, патанаючая ў кветках і садовых дрэвах сядзіба руплівай гаспадыні Марыі Багель-Калачык.


Уладзімір  СУБАТ

Валожынскі раён

Фота аўтара і з сямейнага альбома М. М. БАГЕЛЬ-КАЛАЧЫК
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter