Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Артысты вядомага творчага калектыву з Мінска, якія сябруюць з многімі беларускімі суполкамі замежжа, рыхтуюць новую музычна-тэатралізаваную праграму

Урокі танцаў ад “Вербіцы”

У Палацы культуры Мінскага аўтазавода знайшоў прытулак ансамбль “Вербіца” — там і стварыў сваю “Беларускую хатку”, дзе пабывала ўжо шмат беларусаў замежжа. Ведаюць: і гасцінна сустрэнуць, і танцаваць навучаць. Шмат год абавязковы пункт праграмы курсаў для кіраўнікоў творчых калектываў супляменнікаў з розных краін — майстар-класы па традыцыйных беларускіх танцах ад “Вербіцы”. Можна выбіраць: “Крыжачок”, “Юрачка”, “Мяцеліца” , “Бульба”, “Таўкачыкі”, “Трасуха”, “Лявоніха”, “Полька-бабачка”, “Качарга”... Бывалі ў гасціннай хатцы і вядомая знаўца беларускай мовы з Японіі Сіёры Кіёсава, і пісьменніца Вольга Іпатава, а таксама фалькларыст Васіль Ліцьвінка, педагог-хормайстар Станіслаў Дробыш. Часта паасобку ці групамі туды прыязджаюць і беларусы замежжа.

Удзельніцы гурта прыгожа прадстаўляюць беларускую культуру як дома, так і ў замежжы 

На старонцы гурта ў фэйсбуку чытаем: “Народны аматарскi ансамбль “Вербiца” створаны ў 1979 годзе. Назва — ад слова вярба, якая першай абуджаецца ад зiмовага сну i распускае свае коцiкi. Першымі кіраўнікамі ансамбля былі У. Зяневіч (з 1979), П. Шынкевіч (з 1985), з 2001-га — Алесь Свірскі. Актыўна супрацоўнічае ансамбль з таварыствам “Радзіма”, Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур”. Памятаю, выступала “Вербіца” і на святкаванні 50-годдзя газеты “Голас Радзімы” ў 2005 годзе. Пасля разам з артыстамі і я бывала ў творчых вандроўках да беларусаў Санкт-Пецярбурга, Літвы, Польшчы.

Сёння ў калектыве 17 артыстаў. Ёсць прафесійная інструментальная група: баян, цымбалы, скрыпка, кантрабас, дудка, жалейка, трышчоткі, бубен. Алесь Свірскі кажа: у апошнія гады склад гурта значна амаладзіўся. Вольга Ладуцька, Наталля Гавер, Ганна Платунова, Яўгенія Карыцкая, Алена Белая, Яна Баброўская, Наталля Баяшка, Марыя Ярошына, Дзмітры Шчэрбач, Аляксандр Алейнік... Аднак ёсць і “старажылы”: Тамара Тоўкач, Аляксандр Анціпаў — больш за 20 год у ансамблі. Хтосьці з іх не мае музычнай адукацыі, нехта — пасля музычнай школы. Наталля Гавер вучылася ў Белдзяржуніверсітэце культуры і мастацтваў, і ў ансамблі яна — хормайстар. Усе рэпетыцыі — тройчы на тыдзень! — пачынаюцца з яе “распевак”.    

У сакавіку гурт “Вербіца” пацвердзіў званне народнага. Цяпер плануюць артысты зрабіць музычна-тэатралізаваную праграму з гумарам, песнямі, танцамі, нейкім інтэрактывам — каб і гледачоў далучаць да дзеі. “Ёсць новыя песні, якія мы й не выконвалі, — кажа Алесь. — А ў рэпертуары — духоўныя і народныя песнi, іх апрацоўкi, абрадавыя i лiрычныя кампазіцыі з розных рэгiёнаў Беларусi. Ёсць і аўтарскія, напрыклад, жартоўная “Дзед” — яе напісаў Аляксандр Авяр’янаў, Амбасадар Беларусі ў Польшчы”.

Алесь Свірскі на чале гурта “Вербіца” з 2001 года 

Ахвотна запрашаюць “Вербіцу” на шматлікія святы беларусы Латвіі. У горадзе Дагда супляменнікі нават суполку назвалі так — у гонар гасцей, якія там здорава выступілі. “Прыжыўся” гурт і ў Польшчы: толькі сёлета былі на Калядных сустрэчах у Амбасадзе Беларусі ў Варшаве, Агульнапольскім фэсце “Беларуская песня-2017” у Беластоку, Тыдні паэзіі... Летась у лістападзе фірмовыя танц-майстар-класы давалі артысты “Вербіцы” ў беластоцкім офісе Беларускага грамадска-культурнага таварыства. “У свой час пры падтрымцы Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур мы запісалі відэадыск “Беларускі танец. Метадычныя матэрыялы”, — патлумачыў Алесь. — Зрабілі фільм, які вучыць. Кожны танец разабраны пакрокава: прагаворваем, куды і як ставіць ногі, што рабіць з рукамі. Прычым прадстаўлены там не сцэнічны варыянт танцаў —  аўтэнтычны: так танцавалі нашы бабулі-дзядулі”.

Пад час XXIV Агульнапольскага фэсту “Беларуская песня-2017” і я бачыла: падыходзілі да артыстаў “Вербіцы” ўдзельнікі з розных беларускіх калектываў Падляшша, дзякавалі за навуку. Свірскі ўсміхаўся: “Два дні танчылі з імі... З кожным гуртам да 10 танцаў развучвалі. Прыемна: памятаюць-дзякуюць. Відаць, патрэбная ім гэтая навука”. 

Прымалі “Вербіцу” беларусы Літвы, Украіны, Расіі, Малдовы, Прыднястроўя. З канцэртамі артысты былі ў Італіі, Азербайджане, Чэхіі... Нядаўна вярнуліся з Растова-на-Доне, дзе гурт удзельнічаў у святкаванні 25-годдзя сяброўскай арганізацыі Польскага нацыянальна-культурнага цэнтра “Полония Дона”. Там сустрэліся з супляменніцай Алай Івахненкай, з Асяй Кампаніец, іх калектывамі “Славяночка” і “Успех”.

Ёсць у “Вербіцы” й песні на іншых мовах. “Звычайна вывучаем песні на мове таго народа, у госці да якога едзем, — удакладняе Алесь. — Гэта і знак павагі да людзей, і шлях, які збліжае дый, пэўна, узаемна абагачае. Нездарма кажуць: колькі моў ты ведаеш, настолькі ты чалавек”. Аднак галоўным для калектыву, па словах яго кіраўніка, заўсёды было і застаецца — несці беларускую мову, песню: “Сваёй творчасцю мы сцвярджаем: песні нашых бабуль і матуль — актуальныя й сёння, патрэбныя на будучыню. Гэта — нашы карані, жыццё, генетычны код, які мы павінны захаваць і перадаць дзецям і ўнукам”.

Кацярына Мядзведская

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter