Урокі Хатыні: чаму важна помніць

Пяць, чатыры, тры, два, адзін... Зваротны адлік кіламетраў пасля з’езду з трасы Мінск — Віцебск толькі пачашчае сэрцабіццё перад сустрэчай з мемарыяльным ансамблем “Хатынь”. Семдзесят пяць гадоў таму гэтым жа шляхам рухаліся ў бок вёскі са зброяй у руках гітлераўскія карнікі. Хатынь была сцёрта з твару зямлі, спалена разам з хатамі і жыхарамі.


Расходзіцца белая заслона бяроз, і перад наведвальнікам паўстае высокая чорная фігура “Няскоранага чалавека”. Стары, прататыпам якога стаў цудам выжыўшы Іосіф Камінскі, у вобразе забітага сына выносіць насустрач нам гора і трагедыю ўсёй краіны. Справа — сімвалічная страха гумна, у якім зажыва згарэлі жыхары вёскі. Злева — брацкая магіла загінуўшых з вянком памяці. Без папярэджванняў і прэлюдый мы адразу ж трапляем на месца трагедыі. Па агульнапрынятым стандарце, любы мастацкі твор кульмінацыяй не пачынаецца, а заканчваецца. У Хатыні гэты стандарт парушаны. І парушылі яго не столькі аўтары праекта — архітэктары Юрый Градаў, Валянцін Занковіч, Леанід Левін і скульптар Сяргей Селіханаў, колькі сама гісторыя. Хіба папярэдзіў хто жыхароў вёскі пра тое, што іх чакала 22 сакавіка 1943 года? Усё адбылося знянацку.

— Карнікі падышлі да Хатыні каля трох гадзін дня. Адна рота замацавалася на ўскрайку лесу і адкрыла агонь па вёсцы. Астатнія рушылі ў абыход, акружаючы вёску,дырэктар мемарыяльнага комплексу “Хатынь” Артур Зельскі расказвае пра падзеі таго дня, можа, у тысячны раз, а ў голасе ўсё роўна чуюцца хваляванне і боль. — У гэты час у вёсцы па-ранейшаму знаходзіліся партызаны, якія прыйшлі напярэдадні, каб правесці дыверсію на дарозе Лагойск — Віцебск. — Заўважыўшы праціўніка, партызаны сталі хутка пакідаць Хатынь. Паліцаі іх не пераследавалі, працягвалі акружаць вёску. Усё насельніцтва ад малога да вялікага выганялі з хат да гумна на ўскрайку вёскі, — Артур Гарыевіч паказвае на месца, дзе сёння стаіць сімвалічная страха. — Выганялі сем’ямі ў чым былі. Не шкадавалі ні старых, ні жанчын з маленькімі і груднымі дзецьмі. Дзякуючы ўспамінам Віктара Жалабковіча, адзінага сёння сведкі, які вырваўся з полымя, вядома, што стаяў сонечны дзень, раставаў снег, беглі ручаіны. Маленькія дзеткі былі басанож, пераскоквалі з ножкі на ножку, бо снег балюча апякаў іх пятачкі. Расказваць, што адбылося пасля таго, як жыхароў сагналі ў гумно, цяжка. Бо там пачынаецца ўся трагедыя, якая працягвалася да самай ночы.


Словы тут і не патрэбныя. Замест экскурсавода пра трагедыю Хатыні расказваюць званы на абелісках-комінах, адкрытыя брамкі, вянцы зрубаў, пералічаныя імёны вяскоўцаў. Усяго 149 чалавек, з іх 75 дзяцей. Самаму малодшаму, Толіку Яскевічу, якога карнікі пазбавілі і першых слоў, і першых крокаў, было ўсяго 7 тыдняў.

Помнік-дакумент — так называюць мемарыяльны ансамбль “Хатынь”, створаны амаль пяцьдзясят гадоў таму. І гэты дакумент сведчыць пра трагедыю не толькі Хатыні. Ідучы па галоўнай алеі мемарыяла, наведвальнік трапляе на сімвалічныя “Могілкі вёсак”. 185 беларускіх вёсак раздзялілі лёс Хатыні — згарэлі і не адрадзіліся пасля вайны. Хатынь — 186-я. Яшчэ 443, увекавечаныя на “Дрэвах жыцця”, паўсталі з попелу, атрымаўшы другое жыццё. Але і гэтыя страшныя лічбы толькі невялікая дробка з тых, што вядомыя на сёння. У электроннай базе даных Нацыянальнага архіва Беларусі — 9093 назвы вёсак, знішчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны цалкам або часткова, з насельніцтвам і без жыхароў.

— Заўсёды пачынаю экскурсію з таго, што ўсе тыя лічбы, якія наведвальнік бачыць на мемарыяле, адпавядаюць часу стварэння помніка, — тлумачыць Артур Зельскі. — Мы не маем права нічога змяняць — ёсць ахоўная зона мемарыяла. Да таго ж гістарычны пошук працягваецца. Дакладных лічбаў па спаленых вёсках, загінуўшых у гады вайны людзях няма і па сённяшні дзень.

У той час, калі змест ансамбля застаецца некранутым, яго знешні выгляд пастаянна патрабуе ўмяшанняў.

— Помнік знаходзіцца пад адкрытым небам. Ён падвержаны ўсім стыхіям. Заўсёды нешта трэскаецца, ламаецца, крышыцца. Вось адрамантавалі нядаўна прыступкі, — паказвае Артур Гарыевіч на вынік. — Па іх штодзень праходзяць сотні, а то і тысячы людзей. Бетон не вытрымаў. Прыйшлося выламаць і заліць нанова.


Дзеля такіх неадкладных рамонтных работ сродкі знаходзяцца заўсёды. А вось фінансаў, каб рэалізаваць нейкія новыя ідэі, на жаль, не хапае. Дзякуючы Мінскаму аблвыканкаму, які падтрымаў ідэю і выдзеліў грошы, паставілі летась у Хатыні каля старых вясковых могілак крыж, увекавечыўшы памяць пра продкаў хатынцаў. Праект благаславілі кіраўнікі абедзьвюх хрысціянскіх канфесій. Але галоўная мара супрацоўнікаў ансамбля — паўнавартасны музей. На дадзены момант музейныя экспазіцыі комплексу размяшчаюцца ў некалькіх невялікіх памяшканнях — і гэтыя камерныя залы больш падыходзяць для раённага музея, а не дзяржаўнага мемарыяльнага ансамбля.

— Патрэбны асобны будынак, дзе з’явіўся б музей трагедыі беларускага народа. Важна паказаць сучаснаму чалавеку, што вайна — гэта не вясёлая гульня. Гэта кроў, голад, холад і мукі простых мірных людзей, — расказвае Артур Зельскі. — Неяк пасля экскурсіі адзін малады замежны ваенны запытаў, чаму хатынцы не кінуліся на карнікаў. А як вы сабе гэта ўяўляеце? 150 вясковых жыхароў — гэта не 150 салдат. Палова з іх маленькія дзеці, астатнія жанчыны і старыя. А супраць іх каля 300 узброеных да зубоў карнікаў. Як яны маглі кінуцца? У людзей, чыю тэрыторыю не закранулі ваенныя дзеянні, бывае, мякка кажучы, вельмі слабое ўяўленне пра акупацыйны рэжым нацыстаў. І наша задача музейнымі сродкамі паказаць гэту бяду. Інакш паўторыцца кашчунства, якое адбылося ў 2015 годзе ў Краснаярску.

Тады ў горадзе арганізавалі кандытарскі конкурс на тэму Перамогі. Былі прадстаўлены прысмакі з фігурамі салдат, танкамі, Вечным агнём. А перамог торт... у выглядзе Хатыні.

— Расійскі паэт Андрэй Арлоў напісаў на падзею верш. Доўгі, пранізлівы. Добра запомніў адно чатырохрадкоўе: “В Красноярске конкурс был, на котором победил тортик с кремом из сгущенки, где старик несет ребенка по пылающей Хатыни...”. Вось да чаго мы можам скаціцца, калі перастанем памятаць, — упэўнены гісторык.


Сёння ў Хатынь прыязджаюць. Летась мемарыял наведалі больш за 226 тысяч чалавек. Прычым Артур Зельскі заўважыў, што колькасць аўтобусных экскурсій памяншаецца і становіцца больш індывідуальных наведванняў:

— Гэта вельмі каштоўна для нас. Сем’і — найбольш удзячныя слухачы. Яны вельмі блізка ўспрымаюць гісторыю. Упэўнены, што менавіта праз сям’ю можна весці выхаванне і ўздзейнічаць на свядомасць чалавека.

Але праблема ў тым, што даехаць да Хатыні могуць толькі сем’і з уласным траспартам. Грамадскі ж да мемарыяла не ходзіць. Да павароту на Хатынь можна дабрацца маршруткай Лагойск — Плешчаніцы, але адтуль прыйдзецца пяць кіламетраў ісці пешшу.

— У 2015 годзе хадзіў аўтобус, — успамінае Артур Гарыевіч. — Але транспартнікі палічылі яго нерэнтабельным. Можна было б зрабіць маршрут выхаднога дня з заездам у суседнія населеныя пункты. Але гэта не задача мемарыяла.

У невялікага штата супрацоўнікаў мемарыяльнага комплексу хапае задач. Чаго толькі каштуе пачысціць мемарыял ад снегу. Але заўсёды знаходзяцца добраахвотныя памочнікі — актывісты БРСМ, курсанты Ваеннай акадэміі... У дзень, калі наведвала Хатынь, тут якраз працавалі хлопцы: яны чысцілі могілкі мёртвых вёсак з такой стараннасцю, быццам там ляжаць іх родныя дзяды, што качалі іх у дзяцінстве на руках. І падумалася: калі будзе існаваць у нас вось такая павага да гісторыі, то нічога і ніколі не знішчыць Хатынь і нашу памяць.

mila@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter