Сёння спаўняецца 400 гадоў “Буквару”

Урокі чытання

Першая ў гісторыі і свеце кніга пад назвай «Буквар» была выпушчана 24 ліпеня 1618 года ў друкарні Віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва ў Еўе (зараз горад Вевіс у Літве). Гэта было адно з самых старажытных беларускіх выдавецтваў у Вялікім Княстве Літоўскім, якое выпускала кнігі на царкоўнаславянскай, старабеларускай і польскай мовах. Можна сцвярджаць: менавіта беларусы прыдумалі назву «Буквар». Як і тое, што пра існаванне больш старога выдання «Буквара» ў свеце зараз невядома.

Навіна пра тое, што ў першага «Буквара» беларускія карані, з’явілася гады два таму пасля візіту ў Лондан старшыні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, вучонага-кнігазнаўца Алеся Сушы і даследаванняў, праведзеных ім у бібліятэцы Мідл Тэмпл.

«Буквар», 1618 год.
Фота БЕЛТА

Справа ў тым, што ў свеце захаваліся толькі два экзэмпляры ўнікальнага выдання. Адзін з іх, няпоўны, знаходзіцца ў Каралеўскай бібліятэцы Даніі, другі, поўны, — у Вялікабрытаніі. Пра існаванне гэтага выдання стала вядома па ўскосных крыніцах англійскіх бібліёграфаў, але доступу да каштоўнейшага помніку нашай культуры да цяперашняга часу ў беларускіх кнігазнаўцаў не было. Каб атрымаць такую магчымасць, спатрэбілася паўгода перамоў, у выніку чаго даследчыку пашчасціла не толькі ўпершыню пабачыць рарытэт, вывучыць яго, але і зрабіць некаторыя копіі. А сёлета вясной лічбавая копія «Буквара» 1618 года была перададзена нашай Нацыянальнай бібліятэцы Каралеўскай бібліятэкай Даніі.

Атрыманыя копіі дазваляюць яшчэ больш дакладна вывучыць каштоўнейшы помнік славянскай пісьменнасці і аднавіць яго ў нашай краіне факсімільным выданнем. Гэтая работа зараз вядзецца. 

Дарэчы, раней лічылася, што першы «Буквар» на тэрыторыі Беларусі быў выдадзены ў 1631 годзе Спірыдонам Собалем. А самы старажытны «Буквар», які захоўваецца ў нашай краіне, датуецца 1767 годам.

Ірына ЮР’ЕВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...