У выпускным класе Алены Калбасіч палавіна залатых медалістаў Глыбоцкага раёна

«Урокадацель яшчэ не настаўнік»

«ДАРАГАЯ мая мамачка!.. Наперадзе кансультацыі, экзамены, выпускны. А сёння ў мяне асаблівы дзень, дзень майго развітання з дзяцінствам, за якое я стала той, якой з’яўляюся цяпер. І не было б сотай долі тых маіх добрых рыс, калі б не Вы. Вы не толькі расказвалі мне, што значыць быць чалавекам, але і паказвалі на ўласным прыкладзе. Я кожны дзень раўнялася на Вас, і мне заўсёды хацелася стаць лепшай. Я гавару з Вамі, і мне здаецца, што размаўляю са сваёй душой. Магчыма, па сваім характары я не заўсёды ярка выражала свае пачуцці. Вельмі часта мне хацелася абняць Вас, узяць за руку, таму што адна толькі Ваша прысутнасць супакойвала мяне і прыдавала сілы. Вы былі маёй настаўніцай не толькі ў школе, але застанецеся ёй і па жыцці...»



Вось такі ліст уручыла на апошнім званку свайму класнаму кіраўніку, настаўніцы рускай мовы і літаратуры глыбокскай СШ № 2 Алене Калбасіч выпускніца Віка Казак.

Зазначу, што на леташнім цэнтралізаваным тэсціраванні вучні Алены Канстанцінаўны занялі першае месца ў вобласці і другое — у рэспубліцы. А выпускнікі яе класа атрымалі пяць залатых медалёў — палову па раёне.

Сёння Алена КАЛБАСІЧ — наш госць.

— Алена Канстанцінаўна, вашы вучні часта называюць вас мамай. Як вы ставіцеся да гэтага? І ці не ўзнікае ў кагосьці з бацькоў рэўнасці?

— Зразумела, прыемна, калі так называюць. Але сама я ніколі над гэтым не задумвалася. Галоўнае — не толькі вывучыць, але і даць сваім выхаванцам надзейную «візітоўку» ў дарослае жыццё. А гэта, пагадзіцеся, без цеснага ўзаемадзеяння з бацькамі, без іх актыўнай дапамогі не атрымаецца. Таму педагог, вучні і бацькі павінны быць адной сям’ёй. Гэта для мяне — аксіёма. Сустракаюся з бацькамі не толькі на сходах. Сумесна праводзім розныя святы, спартыўныя спаборніцтвы, ходзім у паходы па родным краі.

— І ўсё ж далёка не кожнаму педагогу ўдаецца знайсці агульную мову з бацькамі?

— Асабіста мне пашчасціла яшчэ і таму, што пасля заканчэння школы год з вялікім задавальненнем адпрацавала ў дзіцячым садку. Менавіта там я шмат узяла каштоўнага, зразумела, што дзіцё, якое б яно ні было, — самае дарагое, што ёсць у бацькоў. Яны прыводзяць яго да цябе і спадзяюцца, што яно ўвесь дзень будзе ў добрым настроі і здаровенькім вернецца дахаты. Але, вядома, жыццё ёсць жыццё, і бясхмарным яно не бывае. Розныя выпадкі надараліся і ў мяне. Памятаю, як пяты клас пісаў дыктоўку. І раптам заўважаю, што адзін вучань замест ручкі трымае ў пальцах залаты ланцужок. Адразу ўзнікла пытанне: адкуль у малога такая рэч? Разам з дырэктарам Францам Вікенцьевічам Хайноўскім наведалі хлопчыка дома. Пасля тактоўнай гутаркі ён паказаў нам цэлы тайнік залатых вырабаў. Усё аказалася проста. Маці хлопчыка працавала ў каўбасным цэху і прыхоплівала з сабой прадукт. У дзіцяці па яе «прыкладу» развілася падобная «хвароба». Вось чаму бацькі, перш чым зрабіць нешта супрацьзаконнае, павінны ў першую чаргу падумаць аб сваіх дзецях.

— Выхаванню дзяцей павінны садзейнічаць урокі літаратуры, якія выкладаеце вы. Аднак тут нямала праблем. І самая галоўная ў тым, што дзеці сёння не вельмі ахвотна чытаюць. Вашы таксама гэтым «хварэюць»?

— Я гаварыла і гавару вучням: «Ні камп’ютар, ні планшэт не заменяць кнігі. Чытайце — і будзеце самымі адукаванымі людзьмі!» Імкнуся зацікавіць іх кнігай, паведаўшы нейкую інтрыгу пра аўтара, вобразы, эпізоды. І вучні ведаюць, што, ідучы ка мне на ўрок, скарочаным тэкстам не абыдзешся. Трэба прачытаць усё. Але які потым настрой! Якія эмоцыі!

— Многія лічаць, што прэстыж настаўніка год ад году падае, таму што няма адпаведнай зарплаты. А якая ваша думка?

— Прэстыж настаўніка патрэбна падымаць не зарплатай. Паглядзім на праблему з другога боку: як сёння падбіраюцца педагагічныя кадры? Конкурсаў у педагагічныя ВНУ практычна няма. Адсутнічае тое «сіта», што было раней. Не павінна быць урокадацеляў. Настаўнік, толькі пераступіўшы парог школы, ужо выхоўвае сваім знешнім выглядам, манерай паводзін, зносін. А паглядзіце, як падаюць вобраз настаўніка ў літаратуры, кінамастацтве: у акулярах, з вялікім партфелем, не па модзе апранутым. Карацей кажучы, нейкім дзіваком.

Усё пачынаецца з настаўніка. Той, кажуць, добры майстар-будаўнік, той — урач. Але няма і не можа быць прэстыжней працы настаўніка. Ён — пачатак усяго.

— Алена Канстанцінаўна, а як вы сталі педагогам?

— На мой выбар паўплывала Ганна Раманоўская, якая была нашым класным кіраўніком і выкладала беларускую мову і літаратуру. Мы захапляліся ёю, бралі з яе прыклад. Мне падабалася, як яна пісала прыгожым почыркам рабочыя планы, як выводзіла літары на дошцы. І тады я думала: «Вырасту, вывучуся — і буду такой жа, як яна». У нас тады з класа нават хлопцы пайшлі ў педагогі.

— Вы шчаслівая?

— Адкажу словамі мудраца: «Пра шчасце не крычаць уголас і не бягуць наперадзе яго. Шчасцю трэба ціха радавацца!»

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

saulich@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter