Урэцкая мануфактура

Урэчча: гарпасёлак памятае і прырастае сядзібамі

У НАЦЫЯНАЛЬНЫМ гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, а таксама ў музеях Варшавы, Львова, Вільнюса, Масквы, Санкт-Пецярбурга экспануюцца ўнікальныя мастацкія вырабы са шкла, створаныя два стагоддзі таму на мануфактуры любанскага мястэчка Урэчча. Жырандолямі, кандэлябрамі, арабескамі ўрэцкіх майстроў аздабляліся палацы, праваслаўныя і каталіцкія храмы.


Упершыню паселішча пісьмова ўзгадваецца на пачатку ХVII стагоддзя ў дакументах Вялікага Княства Літоўскага як уладанне слуцкага роду Алелькавічаў. Праз стагоддзе яно перайшло княгіні Ганне Кацярыне Радзівіл, якая заснавала шкляную мануфактуру. Саксонскія майстры абучалі прыгонных сялян новай справе. 

Памяшканням мануфактуры нанеслі ўрон французскія захопнікі ў вайну 1812 года. Пасля аднаўлення вытворчасць пераабсталявалі ў керамічныя майстэрні. 

Старшыня сельвыканкама Ядвіга ЯРОХІНА і дырэктар аддзялення кругласутачнага знаходжання пенсіянераў і інвалідаў ВалянцінаВЯРОЎКА

На пачатку ХIХ стагоддзя мястэчка ўпрыгожылі адмысловыя будынкі касцёла, царквы Святога Мікалая і сінагогі. 

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Урэчча апынулася ў Бабруйскім павеце Мінскай губерніі Расійскай імперыі. Чарговым уладаром яго стаў Вітгенштэйн. Працавалі бровар з паравым катлом і вадзяным рухавіком, смалакурня. Дзейнічалі царкоўнапрыходская школа, народная вучэльня, пошта, аптэка, пажарная дружына.

Медсястра Марына БЕЛАЗЁРАВА і ветэран вайны і працы Іван ТРУБЧЫК

Адкрыццё ў 1915 годзе чыгуначнай станцыі на лініі Асіповічы–Слуцк паскорыла далейшае развіццё мястэчка. З 1924 года Урэчча – у Слуцкім раёне. У 1938-м атрымала статус пасёлка гарадскога тыпу. 

Ваенныя падзеі мінулага стагоддзя закранулі і гэты куток. У Вялікую Айчынную вайну дзейнічалі падполле і партызанскі рух. Помнікамі і мемарыяламі ўшанаваны савецкія воіны- вызваліцелі, партызаны, падпольшчыкі, мірныя жыхары, якія не дажылі да Перамогі.

Вязень фашысцкіх лагераў смерці Яўгенія ТРЫКО

З 1962 года Урэчча ў Любанскім раёне цэнтр сельсавета, на тэрыторыі якога дзейнічаюць сельгаспрадпрыемства, вытворчы цэх ААТ “Мінск Крышталь”, два лясніцтвы, райаграсэрвіс, завод сілавой гідраўлікі, дзве сярэднія школы, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, участковая бальніца, сацыяльна-бытавыя ўстановы.

РАЗМЕШЧАНЫ паміж Слуцкам, Любанню і Старымі Дарогамі гарпасёлак Урэчча садамі і агародамі падступае да рэчкі Бераздоўкі. Асфальтаваная дарога і чыгунка перасякаюць яго. Спыняюцца тут транзітныя цягнікі, аўтобусы і маршруткі. Са сталіцы зручней дабірацца сюды аўтатранспартам. 

Сямейная пара Валянцін і Марыя ПОКЛАДАВЫ.

Няпоўныя дзве гадзіны язды ў маршрутцы — і трапляеш у чароўнае белле квітнеючых садоў. У цэнтры Урэчча, адкуль пачалася чарговая вандроўка, на пастаменце ўзвышаецца скульптура воіна і побач — абеліск, на якім выбіты 173 прозвішчы мужных салдат, афіцэраў Савецкай Арміі, партызан, падпольшчыкаў-землякоў, што аддалі жыцці ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі. Вартавымі вакол мемарыяла выстраіліся стройныя елкі. У Дзень Перамогі тут, як заўсёды, адбудзецца святочная ўрачыстасць. 

Партызанскім краем стала Любаншчына ў час нямецка-фашысцкай акупацыі. Тут дзейнічалі Мінскі абкам і Любанскі райкам партыі, штаб Мінскага партызанскага злучэння, выдаваліся падпольныя газеты: рэспубліканскія “Звязда” і “Чырвоная змена”, раённая “Кліч Радзімы”. На партызанскі аэрадром на востраве Зыслаў садзіліся самалёты з Вялікай зямлі.

Старшы білетны касір чыгуначнай станцыі Урэчча Наталля ВАРЭНІК

ПРЫПОМНІЛАСЯ даўняя вандроўка на легендарны востраў, сустрэча там з жывымі сведкамі ваенных падзей. Былы партызанскі камандзір Сцяпан Карнееў узгадваў пра “рэйкавую вайну”, як ляцелі пад адхон фашысцкія эшалоны. У створаны Акцябрска-Любанскі партызанскі край не ступіў фашысцкі бот. 

95-гадовы ветэран вайны і працы Ніна Барысевіч дзялілася ўспамінамі, як з сяброўкамі даіла партызанскіх кароў на востраве Зыслаў, перавязвала параненых, хадзіла з байцамі на чыгунку ўзрываць варожыя паязды. 

17-гадовым юнаком папоўніў на востраве Зыслаў баявы атрад імя Гарбачова брыгады нумар 25 імя Панамарэнкі Іван Трубчык. Сустрэцца з ім параіла старшыня сельвыканкама Ядвіга Ярохіна. Аўдавелы Іван Аляксандравіч пражывае ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання пенсіянераў і інвалідаў, якое размешчана ў былым ваенным гарадку. Сорак жыхароў раёна ў сацыяльнай установе. Іван Аляксандравіч – адзіны ветэран вайны і працы. 

Старшы білетны касір чыгуначнай станцыі Урэчча Наталля ВАРЭНІК

Векавыя сосны акружаюць карпусы аддзялення. Утульны дворык з зялёнымі газонамі, кветнікамі, лавачкамі паабапал выкладзеных пліткай алей. 

Прыгажосць гэту ствараў невялікі працоўны калектыў на чале з дырэктарам Валянцінай Вяроўкай, якая 12 гадоў таму пасля закрыцця хлебазавода, дзе ўзначальвала вытворчасць, прынялася за новую справу. Валянціна Іванаўна, праводзячы мяне з падворка ў корпус да Івана Аляксандравіча, прызналася, што вельмі хвалявалася, ці справіцца. Розныя характары ў пражываючых, большасць якіх — інваліды і адзінокія састарэлыя. Дзяржава фінансуе расходы на ўтрыманне людзей. Вытворчыя калектывы гарпасёлка і сельвыканкам дапамагаюць.

Маладая маці Жанна ЖУРАЎЛЁВА зсынам Арцёмам і пляменніцай Дзіянай

ВЕТЭРАНА засталі ў працэдурным кабінеце. Каля яго ўвіхалася медсястра Марына Белазёрава. У Беларусь яна прыехала з украінскага горада Мікалаева. І ёй цікава было паслухаць успаміны Івана Аляксандравіча. У 94 гады ён добра чуе і бачыць. Узгадаў, як на шосты дзень вайны гітлераўскія матацыклы гулі па пясчаным бальшаку з боку Слуцка. На ўсход у небе несліся варожыя бамбардзіроўшчыкі. Урэцкі камсамолец Мікалай Гурскі з першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі сабраў патрыятычную групу. У навакольных лясах фарміравалася народнае апалчэнне. Маладыя патрыёты наладзілі сувязь з партызанамі і пастаўлялі ім здабытую ў ворагаў зброю, медыкаменты, харчаванне, соль, абутак і адзенне. 

Разам з баявымі сябрамі па патаемных кладках сярод векавой твані прабіраўся Іван Трубчык на баявыя заданні з партызанскага вострава Зыслаў. Балюча ўспрынялі ў атрадзе вестку пра арышт урэцкіх камсамольцаў, якіх акупанты расстралялі. Падпольная дзейнасць у пасёлку ўзмацнілася. Школьныя настаўнікі Мікалай Жук і Уладзімір Каштальян перапісвалі лістоўкі са звесткамі Саўінфармбюро і распаўсюджвалі сярод насельніцтва. Пад адхон ляцелі варожыя эшалоны на чыгунцы, узрываліся аўтамабілі з гітлераўцамі. Народныя мсціўцы разграмілі фашысцкі гарнізон на чыгуначнай станцыі Вярхуціна, знішчылі два масты на перагоне Урэчча—Старыя Дарогі. 

Сацыяльны работнік Кацярына ЖЫВАЕВА.

Летам 1944 года пасля вызвалення ад акупантаў Іван Трубчык прадоўжыў свой баявы шлях у складзе 1-га Беларускага фронту. У адным з баёў каля польскай ракі Нарва атрымаў раненне. Падлячыўся ў ваенным шпіталі і зноў стаў у строй. Перамогу сустрэў у разбомбленай фашыстамі Варшаве. Вярнуўся дамоў у любанскую вёску Калінаўку. Выкладаў фізкультуру ў школе, працаваў руславым манцёрам на Арэскай ПМС. У свята Перамогі Іван Аляксандравіч апране свой парадны касцюм, які ўпрыгожваюць ордэн Айчыннай вайны II ступені, медалі “За перамогу над Германіяй”, “За баявыя заслугі”, а таксама юбілейныя медалі і знакі. 

У ціхім куточку Урэчча жыве 85-гадовы вязень фашысцкіх лагераў Яўгенія Трыко. Дзесяцігадовай дзяўчынкай вывезлі яе акупанты ў Нямеччыну разам з іншымі дзецьмі. Падлеткаў прымушалі працаваць. Пасля вызвалення савецкімі войскамі дзяўчынка вярнулася дамоў. Выйшла замуж. Да выхаду на пенсію загадвала малочна-таварнай фермай урэцкай гаспадаркі — адной з лепшых на Любаншчыне. Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і двума медалямі ВДНГ СССР адзначаны працоўныя дасягненні Яўгеніі Аляксандраўны.

У сельвыканкаме свята захоўваюць звесткі пра багатую гісторыю Урэчча, мужную барацьбу яго жыхароў у ваенныя гады. 

Школьніцы Ліза ЖЫВАЕВА і Валерыя ЖУК

З першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі пайшлі ў партызаны і з сабою павялі старшакласнікаў два школьныя дырэктары. Разам з вучнямі ўдзельнічалі ў баявых аперацыях. Кіраўнік сямігодкі Самусевіч загінуў у адным з баёў, а Канстанцін Коршук змагаўся да Перамогі. У пасляваенныя гады кіраваў педкалектывам, стаў заслужаным настаўнікам БССР. Цяпер унукі і праўнукі пасляваенных вучняў сядзяць за партамі ўрэцкіх школ. У гарпасёлку два дзіцячыя сады, музычная школа, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, дзве бібліятэкі. 

ХОДЗЯЧЫ са старшынёю сельвыканкама Ядвігай Ярохінай па прыбраных да свята вуліцах Урэчча, адчуваў яе гордасць за чысціню і парадак. Родам Ядвіга Іосіфаўна з Браслаўшчыны. Выйшла замуж за ваеннага, і прыехалі з мужам ва Урэчча. Настаўнічала, кіравала школай № 2. Пяты год узначальвае сельвыканкам. Кожнага з амаль што чатырох тысяч жыхароў ведае. Ва ўсіх шасці вёсках сельсавета выбраны старасты, праз якіх падтрымлівае сувязь з насельніцтвам. Клапоціцца пра дабрабыт людзей. На тэрыторыі сельсавета пражывае 450 адзінокіх грамадзян, за многімі з іх замацаваны сацыяльныя работнікі. 

Прадавец Тамара КАДЫКА

Восем састарэлых жыхароў Урэчча абслугоўвае шматдзетная маці Кацярына Жываева, словы ўдзячнасці якой шчыра выказала 83-гадовая пенсіянерка Кацярына Лосева. 

У маланаселеныя вёскі Ляскі, Хацінава, Чапаева, Нежароўка, пасёлак Радуга перыядычна выязджае аўталаўка, рэгулярна дастаўляецца пошта. На веласіпедах развозяць карэспандэнцыю паштальёны. Папулярны ў гарпасёлку гэты транспарт. А з хатняй жывёлы перавага аддаецца козам. 

Невялікі гурт рагатых красунь ціха ласаваўся маладым вербалозам. Вясёлай кампаніяй каля іх круціліся дзеці. У свежаўзараных агародах з рыдлёўкамі, граблямі корпаліся гаспадыні. З-за павароту на вуліцу выкаціў незвычайны трактарэц з мажным кіроўцам, побач з якім, як у вядомым вершы класіка беларускай літаратуры Кандрата Крапівы, сядзела дзябёлая кабета. На прапанову прыпыніцца ўладальнік транспартнага сродку націснуў на тормаз. Расказаў Валянцін Покладаў пра сваё захапленне тэхнікай. Да выхаду на пенсію працаваў механізатарам у ААТ “Урэцкі”. Адпачывае ўжо і жонка Марыя Мікалаеўна. Дзеці выраслі. Сын Алёша замяніў бацьку ў сельгаспрадпрыемстве. Дачка Кацярына працуе прадаўцом. Малодшая Наталля дастаўляе ў час сяўбы механізатарам у поле гарачыя абеды. Старэйшы Максім жыве ў шахцёрскім горадзе Салігорску. 

ВА Урэччы багаты выбар працаўладкавання. Намеснік старшыні Любанскага райвыканкама Таццяна Рубін канстатавала, што па раёне звыш 400 працоўных вакансій. Побач з Урэччам, каля вёскі Дарасіно, плануецца будаўніцтва малочна-таварнага комплексу, дзе адкрыюцца новыя працоўныя месцы. 

Амаль паўтары сотні чалавек заняты на прыватным заводзе сілавой гідраўлікі, што выпускае прадукцыю для тэхнічных сродкаў ААТ “Беларуськалій”. Высокай якасці спірт-рэктыфікат, вуглякіслы газ для харчовай прамысловасці пастаўляе спажыўцам вытворчы цэх ААТ “Мінск Крышталь”, які нядаўна ўзначаліў выпускнік Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання Віталь Карневіч. Два стагоддзі бездакорна дзейнічае гэта прадпрыемства. 

Вакансіі механізатараў і жывёлаводаў у ААТ “Урэцкае”, рабочых на ўчастку жыллёва-камунальнай БУ № 193, у цэху другаснага металу, у двух лясніцтвах і іншых арганізацыях, размешчаных на тэрыторыі сельсавета. Урэчча прырастае новымі сядзібамі. Гараджане выкупаюць пад лецішчы пакінутыя падворкі, прыводзяць іх у парадак. Прыбраны вуліцы, грамадскія месцы. 

У ДЗЕНЬ Перамогі ля ваеннага мемарыяла ў цэнтры плануецца акцыя “Беларусь памятае!”. На яе запрошаны два апошнія ў сельсавеце ветэраны вайны: Іван Трубчык і Міхаіл Вязігін. Ёсць што ўзгадаць пра перажытае ў ваеннае ліхалецце 14 вязням фашысцкіх лагераў, якія жывуць на тэрыторыі сельсавета. 

Прыгатаваннем да вяселля занята сям’я Ганны Паўлаўны і Івана Уладзіміравіча Дадакаў. Нявеста Дар’я летась закончыла Беларускі медыцынскі ўніверсітэт і зараз праходзіць інтэрнатуру ў Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Сваякі жаніха Рамана прыедуць на вяселле з Украіны. Няхай множыцца май на мірныя святы ў квітнеючым Урэччы! 

Любанскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter