«Жаль, что я не смог присутствовать лично»: мы посетили ветерана войны и вместе понаблюдали за военным парадом

Урачыстасць у дамашнім інтэр'еры

9 мая краіна святкавала Дзень Перамогі, але далёка не ўсе ветэраны Вялікай Айчыннай вайны змаглі прысутнічаць на парадзе. Людзі, дзякуючы якім мы ўжо 75 гадоў жывём пад мірным небам, з-за праблем са здароўем адзначылі светлае майскае свята дома. З самай раніцы яны падышлі бліжэй да экранаў тэлевізараў і назіралі за ўрачыстасцю дыстанцыйна. «Р» праведала ветэрана Рыгора Васільевіча Махоня, каб разам паглядзець прамую трансляцыю парада Перамогі.

Двухгадовая Верачка абдымае прадзеда, віншуе са святам. Сімвалічна, што малышка нарадзілася 10 мая, як і яе мама Вольга.

Дзякуй за мір!

Сонечная суботняя раніца, мінскі мікрараён «Серабранка». У шматпавярховіку на вуліцы Пляханава, 115 Рыгора Васільевіча ведаюць усе — інтэлігентны, добры чалавек з гордым званнем ветэран Вялікай Айчыннай вайны. На парозе сваёй кватэры ўдзельнік тых гераічных падзей сустракае нас ветліва і са шчырай усмешкай. Прымае віншаванні з Днём Перамогі і спяшаецца заварыць гарбату: хутка пачнецца прамая трансляцыя парада, ні хвіліны прапусціць нельга. На гадзінніку 10:50, і мы ўключаем тэлевізар. Уладкоўваемся ямчэй. Унучка Вольга разразае святочны торт, а Рыгор Васільевіч расказвае сваю гісторыю:

— Нарадзіўся я ў вёсцы Пераходцы Лепельскага раёна. У чэрвені 1941 года мне было ўсяго 14 гадоў. Тады немцы калонамі ішлі па Бягомльшчыне. Як цяпер памятаю збіты савецкі «кукурузнік». У той момант я ясна ўсвядоміў, што буду змагацца з ворагам, чаго б гэта мне ні каштавала. Уступіў у камсамол, заваяваў давер партызан і падпольшчыкаў. Мяне знаёмілі са зброяй, вучылі страляць. Дарослыя бачылі, што я не баязлівец, магу ваяваць.

Ветэран пазірае на гадзіннік, каб не прапусціць пачатак парада. Робіць некалькі глыткоў гарачай гарбаты і працягвае:

— Я добра ведаў наваколле Бягомльшчыны. Вывучаў карту мясцовасці, дарогі, вадаёмы, вучыўся арыентаванню па компасе. Так я стаў правадніком для разведвальных груп, што закідваліся ў тыл ворага. Калі высаджваліся дэсантнікі, праводзіў іх да гарнізона —трэба было акуратна абмінуць вёскі, дзе маглі быць немцы.

На доўгую памяць

Рыгор Васільевіч разглядае старыя пажоўклыя здымкі, якія беражліва захоўвае. Вось ён зусім малады, сямнаццацігадовы.

— На чорна-белым фота гэта ледзь прыкметна, але тут я ў светлай, амаль белай гімнасцёрцы. За гады вайны адзенне цалкам выгарала на сонцы. Штаны тут трафейныя, надзяваў для фота, — суразмоўца не хавае эмоцый: успамінаць тыя страшныя гады вайны даволі складана. На час перапыняе свой расповед: уважліва глядзім тэлевізар.

Сочым за падзеямі ля стэлы «Мінск — горад-герой». Гучыць урачыстая музыка, а Рыгор Васільевіч смуткуе:

— Вельмі шкада, што сёлета я не магу асабіста прысутнічаць на парадзе. Хварэю, ды і хадзіць цяжка. Добра, хоць па тэлевізары магу за ўсім назіраць.

Час набліжаецца да поўдня: мы назіраем, як вайскоўцы чаканяць крок, назіраем за тэхнікай — новай і мадэрнізаванай. У небе пралятаюць 42 паветраныя судны. Ветэран, відаць, горды за сваю краіну.

— Я шмат чытаю, сачу за развіццём ваеннай прамысловасці. Глядзіце, якая ў нас магутная тэхніка! Я спакойны за краіну.

Рыгор Васільевіч трохі адцягваецца ад размовы: з заміраннем сэрца глядзім на экран тэлевізара. Праз некалькі хвілін, калі ў эфіры з'яўляюцца курсанты Ваеннай акадэміі, ён перапыняе маўчанне. Моладзь маршыруе ўпэўнена, усё гэта дзякуючы доўгім гадзінам трэніровак, старанню. Ветэран вайны каменціруе:

— Звярніце ўвагу, якая ў іх прыгожая форма! Глядзіш — і вока радуецца!

У перапынках паміж праглядам парада Рыгор Васільевіч паказвае мне дакументы, паштоўкі, падзячныя лісты. За 75 мірных гадоў іх сабралася нямала. У суразмоўцы на кіцелі 22 медалі, ён ганарыцца кожным!

— Мару разабраць паліцы і знайсці ўнікальныя здымкі парадаў, калі мы святкавалі 30 і 40 гадоў Вялікай Перамогі. Я сур'ёзна захапляўся фатаграфіяй і стараўся захаваць гэтыя моманты на доўгую памяць. Хочацца апублікаваць іх у газеце, а арыгіналы картак і фотаплёнкі перадаць у музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Асаблівы месяц май

У вайну Рыгор Махонь партызаніў, быў правадніком, сувязістам.

— Для перадавых атрадаў мы рабілі сухары, варылі і сушылі мяса. Часта даводзілася збіраць крупы, муку і дастаўляць гэта ў мясцовы шпіталь. Па вёсках збіралі кавалачкі льнянога палатна, якое медсёстры пазней выкарыстоўвалі замест бінтоў для параненых. Для апрацоўкі ран тады выкарыстоўвалі самагон, які трэба было пастаянна пастаўляць, — Рыгор Васільевіч успамінае той няпросты ваенны час. — Часта дастаўляў ў шпіталь параненых. Распаўсюджваў падпольныя газеты, лістоўкі. Капаў зямлянкі, будаваў шалашы. Ой, усё так адразу і не раскажаш — размова не адзін дзень зойме... Галоўнае, што мы ўсё гэта перажылі і сёння жывём у міры і спакоі.

Рыгор Васільевіч стараецца коратка апісаць ваенныя гады. У 1944 годзе яму прыйшла павестка — у студзені 1945-га прыняў ваенную прысягу. Хлопцу выдалі абмундзіраванне і адправілі на фронт. Але замест Заходняга фронту цягнік павёз усіх на Далёкі Усход. Так ён і апынуўся на савецка-японскай вайне, дзе служыў тэлефаністам.

Сёння ветэран вайны — шчаслівы галава вялікай сям'і. Ёсць дачка, сын, два ўнукі, дзве ўнучкі, растуць праўнукі і праўнучкі. У пакой Рыгора Васільевіча ўбягае самая малодшая, Верачка, — абдымае прадзеда, віншуе са святам. Сімвалічна, што малышка нарадзілася 10 мая, як і яе мама Вольга. Таму ўсе майскія святы ў сям'і штогод праходзяць з асаблівым размахам.

ypopko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter