
Медыкі не хавалі радасці ад вяртання на родную зямлю і спачатку падзякавалі ўсім, хто гэтаму паспрыяў:
— Дзякуй лідарам Расіі, Беларусі і Чачэнскай Рэспублікі, дыпламатам і журналістам.
Нагадаем, Сяргей Здота і Іна Бабуш працавалі ў Лівіі з 2010 года. Калі дзеянне працоўнага кантракта скончылася, медыкі хацелі вярнуцца дадому, але іх памясцілі пад хатні арышт, забралі пашпарты, а кіраўніцтва прыватнай клінікі, дзе яны працавалі, навязвала новы кантракт. Ім удалося адправіць паведамленне пра гэта ў МЗС нашай краіны пры дапамозе сродкаў сувязі. Пашпарт Сяргею, дарэчы, так і не вярнулі — для таго, каб прыехаць у нашу краіну, яму прыйшлося рабіць спецыяльны дакумент. Падрабязнасці спецаперацыі па вызваленні муж і жонка не раскрываюць. Па словах Іны, у Лівіі застаюцца іншыя ўрачы, якія таксама знаходзяцца ў цяжкім становішчы:
— Але наша сітуацыя вырашылася літаральна ў адзін дзень, як у казцы. Выпадкова ў інтэрнэце я натыкнулася на афіцыйны сайт Рамзана Кадырава і прапанавала Сяргею звярнуцца да яго па дапамогу. Сяргей заўсміхаўся, нічога не адказаў, я хадзіла з гэтай думкай гадзіны дзве, адкрывала сайт, думала, што напісаць. І раптам патэлефанаваў Леў Дзяньгоў, які сказаў, што ён прадстаўнік Рамзана Кадырава і зараз асабіста будзе займацца нашым пытаннем.
Леў Дзяньгоў, кіраўнік кантактнай групы па Лівіі пры МЗС РФ і Дзярждуме, расказаў, што дзеянні лівійцаў, якія ўтрымлівалі ўрачоў, не былі законнымі і тыя людзі будуць пакараныя. А тым, хто застаецца ў Лівіі, ён параіў заўсёды быць на сувязі з беларускім МЗС і пры ўзнікненні неспрыяльных сітуацый з’язджаць адтуль:
— Альбо працягваць працаваць, разумеючы ўсе рызыкі. Але мы зараз робім усё магчымае, каб такіх сітуацый не было.
У планах Іны і Сяргея — прыехаць дадому ў Гомель, адпачыць, сустрэцца з роднымі, а пасля ўжо разглядаць варыянты працы. Прапаноў, прызнаецца Сяргей, хапае. У медыка вялікі вопыт працы з баявымі траўмамі — у Лівіі ён зрабіў аперацыі каля 8000 пацыентам.
matuzova@sb.by