В Наровле медики держат ситуацию с коронавирусом под контролем

Урачы надзелі маскі

Каронавірус дабраўся да паўднёвых раёнаў краіны. На мінулым тыдні першыя выпадкі захворвання зарэгістраваны ў Ельску і Хойніках. Днямі, паводле папярэдніх звестак, каронавірусная інфекцыя вы­яў­лена ў пацыента Нараў­лянскай ЦРБ, якога аператыўна даставілі ў медустанову Гомеля. Незалежна ад таго, пацвердзіцца дыягназ ці не, медыкі цэнтральнай раённай бальніцы гатовыя своечасова аказаць кваліфікаваную дапамогу кожнаму пацыенту.

За апошнія 2 гады для Нараўлянскай бальніцы закуплены дзве машыны хуткай дапамогі.

Інфекцыі паставілі заслону

Цяпер у бальнічных калідорах размешчанай у маляўнічым месцы ЦРБ нязвыкла пуста і ціха. Увесь медыцынскі персанал — у масках. Людзей з боку няма — ужо не першы тыдзень наведванне хворых забаронена. У паліклініцы падзеленыя патокі пацыентаў. Для тых, у каго назіраюцца прыкметы ВРВІ, асобны ўваход. У прыёмным аддзяленні — абавязковае вымярэнне тэмпературы, агульная ацэнка стану здароўя, накіраванне да ўрача. Ва ўсіх аддзяленнях і кабінетах урачоў агульнай практыкі працуюць рэцыркулятары павет­ра, у адведзеных месцах можна апрацаваць рукі дэзсродкамі. Галоўны ўрач Нараўлянскай ЦРБ Ніна Кохан пастаянна на сувязі з усімі падраз­дзяленнямі і трымае сітуацыю пад кантролем:

— Увесь медыцынскі персанал дакладна ведае алгарытм дзеянняў у выпадку, калі выяўляецца каронавірусная інфек­цыя. У лютым—сакавіку на базе ЦРБ прайшлі спецыяльныя вучэнні, у якіх удзельнічалі не толькі медыкі, але і іншыя супрацоўнікі бальніцы — вадзіцелі, тэхнічныя работнікі. У ЦРБ дастаткова сродкаў абароны для персаналу — акуляраў, масак, пальчатак, сродкаў дэзінфекцыі. Уласныя запасы папоўнілі дзякуючы дапамозе прафсаюза работнікаў аховы здароўя.


У інфекцыйным аддзяленні, якое ў першую чаргу падрыхтавана для прыёму пацыентаў з COVID-19, зараз занятыя 4 ложкі з 10. І гэта не толькі хворыя на пнеўманію. Па словах галоўнага ўрача, прычыны шпіталізацыі пацыентаў розныя. Але ў цэлым захворванне на вірусныя інфекцыі ўдвая ніжэй, чым у мінулым годзе. Да прыкладу, пнеўманій за першы квартал зафіксавана 10 выпадкаў, тады як за аналагічны перыяд мінулага — 20. Але ўрачы адзначаюць, што падставы для самазаспакаення няма: сезон вірусных інфекцый ссунуўся, і трэба быць гатовым да любога развіцця сітуацыі.

Сфера клопатаў На­раў­лянскай ЦРБ, дзе працуюць 303 работнікі, — крыху больш за 10 тысяч чалавек, якія пражываюць у раёне. З пачатку распаўсюджвання ў краіне каронавіруснай інфекцыі тут праведзены дзясяткі тэстаў. Бальніца мае 2 апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх. У цэлым атмасфера тут дзелавая і спакойная. Нягледзячы на тое, што ўрачы знаходзяцца, можна сказаць, на перадавой, стрыманасці яны не губляюць.

— Скажу так: мы як працавалі да COVID-19, так і працуем, — адзначае Ніна Кохан. — Хіба што стаў больш жорсткім рэжым і абавязковымі — сродкі абароны. Зладжана выконваем усе распараджэнні Міністэрства аховы здароўя. Але, акрамя каронавіруса, ёсць шэраг іншых захворванняў, лячэнне якіх ніхто не адмяняў.

Тэрапеўт Ірына Бяздзетка заўсёды ўважлівая да пацыентаў.

Стымул для маладых

Хоць Нараўлянскі раён адзін з найбольш пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы, статыстыка захворванняў тут прыкладна тая ж, што і ў цэлым па краіне. Першае месца сярод прычын смяротнасці, па словах галоўнага ўрача, займаюць хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы, далей ідуць анкапаталогія і іншыя захворванні. За апошнія два гады лячэбная база ЦРБ сур’ёзна абнавілася: закупленыя холтары, новы апарат ультрагукавой дыягностыкі, 2 машыны хуткай дапамогі, рэанімацыйныя маніторы.

Кожны год ЦРБ папаўняецца маладымі спецыялістамі: сёлета тут чакаюць 4 урачоў і 6 работнікаў сярэдняга медперсаналу. Падтрымка на новым месцы для моладзі вельмі адчувальная: кватэра прадастаўляецца літаральна на працягу некалькіх месяцаў плюс выплата ў памеры 200 базавых велічынь, калі малады спецыяліст заключае пяцігадовы кантракт. Ды і сярэдняя зарплата нядрэнная — 1400 рублёў. Урач-оталарынголаг Максім Жадзінец, які працуе тут чацвёрты год, прызнаецца, што ні разу не пашкадаваў аб сваім выбары. У 2017-м, скончыўшы медуніверсітэт у Гродна, па ўласным жаданні прыехаў у Нароўлю.

Урач-оталарынголаг Максім Жадзінец прыём пацыентаў вядзе ў поўнай «баявой» экіпіроўцы. 

З дэмаграфіяй усё ў парадку

— Тут ёсць усё, што трэба ўрачу — абсталяванне, годныя ўмовы, больш вопытныя калегі, якія дапамагаюць рабіць першыя крокі ў прафесіі. Увагі да маладога спецыяліста, упэўнены, больш, чым было б у буйной медыцынскай установе. Таму выпускнікам медыцынскіх ВНУ раіў бы пачынаць кар’еру ўрача менавіта з раённага ўзроўню, — рэкамендуе Максім Мікалаевіч.

Прыём пацыентаў ён вядзе таксама ў поўнай «баявой» экіпіроўцы: маска, пальчаткі, ахоўныя акуляры. У кожнага падрабязна пытаецца пра самаадчуванне, раіць уважліва ставіцца да сімптомаў і абавязкова правільна паводзіць сябе ва ўмовах распаўсюджвання інфекцыі.

Па выніках працы за мінулы год Нараўлянская ЦРБ заняла 2-е месца ў Гомельскай вобласці. Паказчык, якім больш за ўсё ганарацца мясцовыя медыкі: нараджальнасць у мінулым годзе ў раёне вырасла на 5 працэнтаў, а агульная смяротнасць знізілася на 15. Сёння Нараўляншчына — раён, дзе зафіксаваны натуральны прырост насельніцтва. Леташні «плюс» — 23 чалавекі. Урачы разлічваюць, што пазітыўная тэндэнцыя захаваецца і далей. Таму цяпер яны ўсе сілы, уменні і вопыт кідаюць на барацьбу з каварным праціўнікам — COVID-19. А мы павінны ім у гэтым дапамагчы.

khlystun@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter