У Мінску пад старшынствам Аляксандра Лукашэнкі прайшло пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі

Упэўнены погляд на будучыню адносінаў

У Мінску пад старшынствам Аляксандра Лукашэнкі прайшло пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі



Упершыню са снежня 2010 года Мінск прымаў пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Парадак дня такіх мерапрыемстваў, як правіла, традыцыйны. Разглядаюцца вынікі выканання бюджэту завершанага года і зацвярджаецца галоўны фінансавы дакумент на новы перыяд. У сферы ўвагі таксама праграма ўзгодненых дзеянняў у знешняй палітыцы. Новым пунктам можна лічыць аналіз выканання першачарговых задач развіцця Саюза. Адпаведная праграма прынята на 2014-2017 гады. Як відаць, рэгламент цалкам рабочы. Пытанні, вынесеныя на разгляд кіраўнікамі дзяржаў, дасканала прапрацаваныя падчас падрыхтоўкі да пасяджэння. Прычым не толькі на экспертным, але і на вышэйшым узроўні. У тым ліку і падчас апошняй сустрэчы Прэзідэнтаў Беларусі і Расіі ў Сочы. Але ўсё ж адна відавочная асаблівасць у цяперашняга мерапрыемства была. І абумоўлена яна няпростым знешнім фонам.

Аляксандр Лукашэнка, як заўсёды, называў рэчы сваімі імёнамі. Інтэграцыя сёння выпрабоўваецца на трываласць. Не лепшую ролю пры гэтым адыгрывае глабальная эканамічная нестабільнасць. З тым, што гэта сур’ёзны фактар рызыкі, пагадзіўся і Уладзімір Пуцін. Рынкі ліхаманіць, цэны на іх падаюць, у выніку гэтага заканамерна прасядае і ўзаемны тавараабарот. Менавіта гэты параметр традыцыйна лічыцца галоўнай меркай эфектыўнасці інтэграцыйных працэсаў, і сёння можа скласціся ўражанне, што яны прабуксоўваюць.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што любыя дысбалансы ў адносінах паміж краінамі, няўзгодненасць у правядзенні эканамічнай палітыкі адчувальныя для ўзаемнага гандлю. “Таму ліквідацыя бар’ераў, забеспячэнне эфектыўнага функцыянавання адзінага рынку тавараў, паслуг і капіталу, а таксама ўзаемная падтрымка — зоны нашага агульнага інтарэсу”, — перакананы Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт Беларусі прапанаваў максімальна задзейнічаць усе пляцоўкі і фарматы Саюзнай дзяржавы для далейшага развіцця супрацоўніцтва і прыняцця эфектыўных рашэнняў. “Думаю, вы пагодзіцеся, што ў рамках створанай намі інтэграцыі ёсць усе ўмовы, каб працаваць узгоднена, зладжана, як гаворыцца, з дакладнасцю гадзіннікавага механізму”, — сказаў беларускі лідар.

Уладзімір Пуцін адзначыў, што ключавым фактарам росту эканомікі Саюзнай дзяржавы павінна стаць развіццё прамысловай кааперацыі, у першую чаргу высокіх тэхналогій. На думку Прэзідэнта Расіі, варта нарошчваць вытворчасць больш навукаёмістай прадукцыі, замяшчаць выпуск замежных камплектуючых, перш за ўсё у адчувальных галінах, ад якіх непасрэдна залежыць бяспека абедзвюх краін. У гэтай сферы ўжо ёсць нядрэнныя распачынанні. Стратэгічны характар носіць расійска-беларускае супрацоўніцтва ў энергетыцы. Поўным ходам ідзе будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі. “Безумоўна, гэта адзін з флагманскіх нашых праектаў”, — сказаў расійскі Прэзідэнт. Ён нагадаў, што аб’ём расійскіх капіталаўкладанняў тут складае 10 мільярдаў долараў.

Расійскі Прэзідэнт лічыць, што больш высокую аддачу для развіцця гаспадарчых сувязяў можа прыносіць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. Уладзімір Пуцін выказаў падзяку беларускаму калегу за тое, што ён надае гэтаму напрамку супрацоўніцтва вялікую ўвагу, і пацвердзіў свае планы прыняць удзел у III Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе ў Мінску ў чэрвені.

За час існавання Саюзнай дзяржавы ўдалося многага дабіцца. У прыватнасці, умацаваць гандлёва-эканамічныя, навукова-тэхналагічныя, адукацыйныя і культурныя сувязі, нарасціць дагаворна-прававую базу ў розных сферах супрацоўніцтва. Кіраўнік расійскай дзяржавы падзякаваў Аляксандру Лукашэнку як палітычнаму дзеячу, які стаяў разам з першым Прэзідэнтам Расіі Барысам Ельцыным ля вытокаў Саюзнай дзяржавы. Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што Расія настроена і далей паслядоўна рухацца па шляху ўзаемавыгаднай раўнапраўнай інтэграцыі з Беларуссю ў агульнай Саюзнай дзяржаве.

Між тым беларуска-расійскі Саюз значна больш маштабны, і ён даўно перарос выключна эканамічны кантэкст. Больш за тое, менавіта напрацоўкі Саюза, як адзначыў Уладзімір Пуцін, леглі ў аснову ўтварэння шматфарматных міждзяржаўных аб’яднанняў на постсавецкай прасторы: Мытнага саюза, затым Адзінай эканамічнай прасторы і, нарэшце, Еўразійскага эканамічнага саюза. Расійскі Прэзідэнт падзякаваў свайму беларускаму калегу за тое, што ён стаяў ля вытокаў гэтых працэсаў. А праект “двойкі” актуальнасці ні ў якай меры не губляе. Залогам жа дасягнення ў ім агульных мэт, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, працягвае заставацца канструктыўны дыялог у палітыцы, эканоміцы, бяспецы, сацыяльнай і культурнай сферах. І для гэтага ёсць усе неабходныя ўмовы.

Вынікам пасяджэння стала прыняцце рашэнняў па ўсіх падрыхтаваных да абмеркавання пытаннях. У эканамічнай частцы ёсць агульнае разуменне, што крызісныя з’явы найбольш дзейсна можна пераадолець толькі аб’яднаўшы намаганні. Шлях тут вядомы: умацаванне кааперацыйных сувязяў, фарміраванне адзінай прамысловай палітыкі, ліквідацыя бар’ераў і абмежаванняў на адзіным рынку.

Пра тое, што і Мінск, і Масква лічаць саюзны праект значным, гаворыць і зацвярджэнне ў ранейшым аб’ёме агульнага бюджэту. Як бы ні было складана, а 6 мільярдаў расійскіх рублёў пойдуць на фінансаванне каля 40 сумесных праграм.

У першачарговых задачах развіцця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву вызначаны дакладныя арыенціры і канкрэтныя крокі. Знешнюю палітыку нашы краіны, як і раней, будуць весці ўзгоднена.

Зразумела, Вышэйшы Дзяржсавет не мог абысці ўвагай і праблематыку бяспекі. У гэтым кантэксце агавораны дэталі прымянення сумеснай групоўкі войскаў.

У цэлым, мінскае пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы прайшло дзелавіта і цалкам дынамічна. З чаго можна зрабіць выснову аб тым, што ў Мінска і Масквы няма непераадольных супярэчнасцяў. Зрэшты, Прэзідэнты не раз падкрэслівалі гэта прама. Тут падстаў для адцягненых фантазій не засталося. Як і для разваг аб перспектывах беларуска-расійскай інтэграцыі ў прынцыпе. Заяўлена прама і адназначна: гэты вектар належыць развіваць актыўна і мэтанакіравана. Тым больш што яму самім жыццём адведзена роля пілотнага для наступнага пераносу досведу на больш шырокія інтэграцыйныя праекты на постсавецкай прасторы.

Асобна ў якасці аднаго з галоўных вынікаў варта адзначыць сам дух і танальнасць праведзенага пасяджэння. Гэты бок вельмі дакладна характарызуецца двума словамі: спакойная разважлівасць. Так, кіраўнікі дзяржаў гаварылі, што знешнія ўмовы нясуць у сабе пэўныя рызыкі. Так, яны не лепшым чынам адбіваюцца на ўзаемадзеянні. Перш за ўсё эканамічным. Але Прэзідэнты далі вельмі выразны і зразумелы сігнал аб тым, што яны не проста бачаць і ведаюць аб’ектыўныя праблемы. Яшчэ больш важнае тое, што Мінск і Масква маюць дакладнае бачанне алгарытму дзеянняў у гэтых няпростых умовах. Няма разгубленасці. Тым больш панікі. Ёсць разумны разлік і разуменне, як разам пераадольваць цяжкасці, якія ўзнікаюць. Невыпадкова, як заўважылі маскоўскія калегі-журналісты, у Мінск прыляцела практычна палова расійскага ўрада. Усіх прысутных ледзь умясціла самая вялікая зала Палаца Незалежнасці. На палях праведзенага мерапрыемства прайшоў шэраг сустрэч і перагавораў міністэрскага і міжгаліновага ўзроўняў. Гэта ілюстрацыя таго, як стваральная палітычная воля мае аператыўнае прадаўжэнне ў справах. І ў гэтым, мабыць, лепшая гарантыя таго, што і відавочныя вынікі далёка не за гарамі.

Васіль Харытонаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter