Як залежнасць змянiць на духоўнасць

Упасцi, каб падняцца

Кожны панядзелак пасля вячэрняй службы пры гродзенскім Свята-Пакроўскім  кафедральным саборы  збіраюцца людзі, якіх нярэдка цураецца грамадства, — залежныя ад алкаголю і наркотыкаў, а таксама іх родныя і блізкія. Зараз інфармацыйна-кансультацыйны пункт, створаны пры храме,  дапамагае многім з іх. А пяць гадоў таму кіраўніцтва епархіі даверыла распачынаць гэтую нялёгкую справу дыякану, будучаму іерэю Паўлу Каспяровічу. І не  выпадкова: яго асабістая дарога да храма была няпростай. І шмат чаго ён прапусціў праз сваё сэрца, і шмат аб чым ведае на ўласным вопыце. А таму і словы яго, і парады для многіх вельмі каштоўныя. Бо за ўсім гэтым бачыцца яго жыццёвы шлях. І пра складанасці лёсу пакутуючых, але не маючых сіл пазбавіцца ад сваёй залежнасці, ён ведае не па кніжках
— Я не бяру на сябе  ролю вялікага  духоўнага  правадыра, галоўнае, паказаць  людзям шлях да пазбаўлення ад залежнасці і падтрымаць іх, — адразу папярэджвае аб сваёй місіі бацюшка. Ён сам рос і сталеў на гродзенскіх вуліцах, бачыў цяжкія лёсы многіх сваіх аднагодкаў, раздзяляў роспач  і адчай моладзі 1990-х. Шукаў сябе. Да духоўнай семінарыі і сана святара  ў Паўла Каспяровіча была вучоба ў Гродзенскім хіміка-тэхналагічным тэхнікуме, Маскоўскім дзяржаўным  адкрытым універсітэце, а потым  ён    працаваў рабочым на гродзенскіх прадпрыемствах.  Аўтар тэкстаў песень для рок-гурта  “Иго”, бацюшка мае зараз  асабісты паэтычны зборнік, дзе адлюстраваны яго перажыванні і боль за сучаснікаў. Але ж, апрача “лірыкі”, ёсць  у абавязках святара нялёгкія  зямныя справы, пра якія мы і гутарым:

— Я тады служыў дыяканам літаральна два месяцы і, атрымаўшы  блаславенне на каардынацыю работы з залежнымі людзьмі, адчуваў сябе не іначай як героем, які павінен падымаць цаліну. Калі стаў святаром  і пачаў спавядаць людзей, зразумеў, што тых, хто нясе цяжар такой праблемы, вельмі шмат.  

Я адчуў, што калі адзін, нават маючы некаторы жыццёвы вопыт, акунуся ў гэты паток  — звар’яцею.  Таму мне патрэбна  ствараць нейкую структуру пры епархіі дзеля  дапамогі гэтым людзям і асабліва іх сваякам. 

Прыцягнуўшы на дапамогу інтэрнэт, святар знайшоў патрэбны вопыт у Маскве, выйшаў на сувязь з кіраўніком аднаго з хрысціянскіх фондаў, які дасканала  гэтым займаецца, а потым звярнуўся за дапамогай  да сваіх сяброў і аднадумцаў, у тым ліку тых, хто здолеў перамагчы сябе.  Знаёмлюся з імі.

Большую частку свайго жыцця пенсіянер Мікалай Леанідавіч піў, што між тым не перашкодзіла стварыць сям’ю і заняць пасаду. Расказвае, што гарэлка добра  вучыць лухце і чалавек залежны можа прыдумаць мноства апраўданняў дзеля асяроддзя і сябе самога. Кінуў, калі дакрануўся да дна бездані:

— Дванаццаць гадоў ужо мінула.  Амаль усё сваё свядомае жыццё я верыў “у стакан”, пакуль не зразумеў, што не ў тое веру. У свой час я сустрэў  людзей, якія мне  дапамаглі. Я рады, што да майго горкага вопыту  прыслухоўваюцца іншыя. Таму я тут, каб сказаць: “Я змог — і ты зможаш”.

Загадчыца наркалагічнага аддзялення Гродзенскага абласнога клінічнага цэнтра “Псіхіятрыя-наркалогія” Валянціна Мурына працягвае размову:

— Усе людзі маюць вопыт  сустрэчы з алкаголем. Але ж ніхто не ведае, якая будзе рэакцыя арганізма, ці стане чалавек залежным, гэта абумоўлена ўжо на генетычным узроўні. Наш кансультацыйны пункт пры храме  скіраваны найперш, каб   паказаць чалавеку , які трапіў у бяду, напрамак, дзе ён можа атрымаць дапамогу — медыцынскую ці духоўную, у царкоўным цэнтры рэабілітацыі ці дзяржаўным.

За гэты час энтузіясты інфармацыйна-кансультацыйнага пункта па праблемах алкагалізму і наркаманіі сабралі каля сотні  спецыялізаваных кніг па рэабілітацыі залежных, такая бібліятэка літаральна  разыходзіцца па руках.

— Дапамога залежным людзям — гэта адно. Але  як выхаваць  дзяцей, каб яны  не скаціліся да такога стану? Гэта мяне як святара і бацьку зараз найперш турбуе, — гаворыць айцец Павел. Дарэчы, у яго сям’і расце трое сыноў і дачушка:

— Мой старэйшы сын-пяцікласнік  заявіў, што па жыцці ён хоча чытаць рэп, як Эмінем, і  красоўкі , якія мы яму купілі, не падыходзяць, бо яны  “не па рэпу”.  Я не стаў пярэчыць, але нагадаў, што будучаму рэперу  патрэбна хаця б трэніраваць памяць — вучыць вершы па школьнай праграме. Здаецца, знайшлі паразуменне.  Я таксама ў свой час захапляўся рок-музыкай, хацеў стварыць сваю групу. І зараз з задавальненнем слухаю “Металіку”, “Алісу”, “Сплін”. Больш таго — пішу вершы для рок-гурта. Сама ж па сабе музыка нічога дрэннага не нясе і да наркотыкаў не вядзе. Рок-музыка — гэта субкультура,  частка нашага грамадства, мы нікуды ад яе не дзенемся. Гэта форма, а чым яе напоўніць — вось што галоўнае. Увогуле, нельга дзецям навязваць сваё дарослае меркаванне, гэта асобы, якія нас яшчэ многаму вучаць.

Айцец Павел прызнаецца, што яго юнацкія ўчынкі боллю прайшліся па сэрцах бацькоў:

— Мяне хрысцілі толькі ў чатырнаццацігадовым узросце. Бацькі мае не былі глыбока веруючымі людзьмі. Але сэрца  падказала, што павінны гэта зрабіць. Толькі ў 26 гадоў  я пачаў разумець, што Бог ёсць, душа існуе. Многія смяюцца з фразы “праваслаўны атэіст”, але я менавіта такім і быў. І калі ў маёй асобе  атэіст стаў смяяцца над рэлігійнасцю, то праваслаўная культура, якая была вакол мяне, увайшла ў жыццё. Я не пайшоў да сектантаў ці акультыстаў, а накіраваўся ў царкву. І сустрэў там людзей, якія  дапамаглі  ўбачыць маё прызначэнне.

Дарэчы, у царкве ён сустрэў і будучую жонку, якая была рэгентам. І ўжо стварыўшы сваю сям’ю, Павел Каспяровіч паступіў у Мінскую духоўную семінарыю:

— З кола маіх сяброў і аднадумцаў, якія марылі аб дзейснай дапамозе  залежным людзям, менавіта я атрымаў пасаду пры храме, якая адкрыла  рэальныя магчымасці  для такой справы.

Ён акцэнтуе ўвагу на такой асаблівасці:

— Мы не ставім мэтай адкрываць рэабілітацыйны цэнтр для залежных, таму што ў нашым горадзе  створана ўся неабходная структура для дапамогі такім людзям. Напрыклад, метад, па якім працуе рэабілітацыйнае аддзяленне ў абласным псіханаркалагічным цэнтры, і бяруць за аснову   нашы кансультанты.  Вынікі поўнага курса рэабілітацыі і рэсацыялізацыі сапраўды  даюць магчымасць поўнасцю пазбавіцца ад алкаголю і наркотыкаў.   Але ж далёка не кожны сам знойдзе туды дарогу. На самай справе ёсць яшчэ нямала адрасоў, дзе дапамога  дзейсная, людзі проста пра гэта не ведаюць. Многія кідаюцца да кадзіроўкі як панацэі. Маё меркаванне можа быць спрэчным, але я ўпэўнены, што пацыент пасля кадзіроўкі — той жа хворы чалавек, толькі цвярозы, і праблемы ад яго не адступіліся. 

Як і чым запоўніць пустэчу душы, утвораную   алкаголем і наркотыкамі?   Айцец Павел Каспяровіч сведчыць,  што нават грэх можа стаць чалавеку падставай, каб падняцца духоўна.

infong@sb.by

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter