Унікальны першадрук

«Нацыяналцы» перадалі факсіміле Полацкага Евангелля ХII ст.

Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі перадаў Нацыянальнай бібліятэцы першакнігу беларускай нацыі — факсімільны асобнік Полацкага Евангелля ХII стагоддзя, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Калі мы адкрываем Евангелле і пачынаем яго чытаць, то павінны разумець, што сам Гасподзь звяртаецца да нас са словам навучання і адкрывае нам сваю Божую праўду. Гэта Евангелле не што іншае, як адкрыццё Бога чалавеку, таму вельмі важна чытаць Евангелле і прасіць Бога, каб ён бласлаўляў нас і дапамагаў нам на жыццёвым шляху», — адзначыў уладыка.

У Нацыянальнай бібліятэцы адбылося святкаванне Дня праваслаўнай кнігі. Гэтая дата была зацверджана Архіерэйскім саборам Рускай праваслаўнай царквы ў знак прызнання вялікага значэння духоўнай літаратуры ў маральным выхаванні людзей, у далучэнні іх да тысячагадовай хрысціянскай традыцыі нашага народа. Свята прымеркаванае да важнай гістарычнай падзеі — выпуску першай на Русі датаванай друкаванай кнігі дыякана Івана Фёдарава «Апостал», якая выйшла ў свет 450 гадоў таму (14 сакавіка 1565 года). Як вядома, абодва маскоўскія першадрукары — Іван Фёдараў і яго бліжэйшы сябар і памочнік Пётр Мсціславец — выхадцы з беларускіх земляў.

Полацкае Евангелле — унікальны помнік славянскага пісьменства другой паловы XII стагоддзя. Гэты рукапіс цалкам можна назваць перша-кнігай беларускай нацыі, паколькі больш старажытных кніг, створаных у нашай краіне, практычна не захавалася (за выключэннем 11 асобных лістоў, якія засталіся ад вядомага Тураўскага Евангелля). Яна сведчыць самім фактам свайго існавання аб старажытнасці праваслаўных традыцый на тэрыторыі дзяржавы.

Сумеснымі намаганнямі беларускіх і расійскіх спецыялістаў атрымалася ажыццявіць рэстаўрацыю арыгінала, выраб яго высакаякаснай копіі, падрыхтоўку глыбокага навуковага даследавання асаблівасцей рукапісу і ўласна факсімільнае аднаўленне Полацкага Евангелля.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter