Унікальная метка

«Сноў» працягвае ўкараняць новыя тэхналогіі ў жывёлагадоўлі

Сучасныя тэхналогіі ў жывёлагадоўлі працягвае ўкараняць СВК «Агракамбінат «Сноў».

Гэта сельгаспрадпрыемства адным з першых у краіне плануе ўвесці сістэму ідэнтыфікацыі сельскагаспадарчай жывёлы. Чакаецца, што пачне працаваць яна ўжо ў пачатку наступнага года.

Старшыня праўлення СВК Мікалай Радаман падкрэслівае, што такая сістэма дазволіць прасачыць усю гісторыю ўтрымання жывёлы ад нараджэння да забою. «Гэта перспектыўная справа, якая з’яўляецца важнай умовай для гандлю жывёлагадоўчай прадукцыяй у заходніх краінах. Зразумела, што ўкараненне сістэмы ідэнтыфікацыі жывёлы — справа не танная. Да канца бягучага года мы плануем завяршыць адпаведныя работы, а ў наступным у агракамбінаце плануецца пачатак пагалоўнай ідэнтыфікацыі і адсочвання жывёлы», — падзяліўся планамі кіраўнік буйнога сельгаспрадпрыемства.

У цэлым жа «Сноў» працягвае ўмацаванне базы, будуюцца новыя аб’екты, рэканструкцыя вядзецца на дзеючых. Як вядома, вытворчасць сельгаспрадукцыі там наладжана замкнёным цыклам. Нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці мяса патрабуе і адпаведных крокаў у перапрацоўцы. Зараз на мясакамбінаце вядзецца будаўніцтва новага памяшкання пад халадзільнік.

Агракамбінат прапануе пакупнікам больш за 300 найменняў высакаякаснай мясной і больш за 20 найменняў малочнай прадукцыі. Ён мае разгалінаваную гандлёвую сетку ў раёне, на Міншчыне і ў сталіцы. За пяць месяцаў бягучага года вытворцы атрымалі звыш 305 млрд. рублёў ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі, у параўнанні з такім жа мінулагоднім перыядам выручка павялічылася на 9,5 %. На экспарт было адгружана прадукцыі амаль на 8,5 млн. долараў. Пераважна яна накіроўвалася ў Расію, сёлета першыя пастаўкі зроблены ў Казахстан.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter