Унучка Кандрата Крапівы Алена распавядае эксклюзіўныя факты біяграфіі знакамітага сатырыка

«Умяшацца ў жыццё і тое-сёе ў ім паправіць...»


— Алена Ігараўна, ці наведваўся Кандрат Кандратавіч у вёску, дзе нарадзіўся?

— У дзеда ёсць верш «У вагоне». Ён несатырычны. Адзін з ранніх. Там аўтар  быццам бы едзе ў вагоне, бачыць сваю родную зямлю. І ёсць такія радкі: «Вось хаткі саламяныя стаяць, як кабякі, схіліліся, як п’яныя, над люстраю ракі…» Там вёска 20-х гадоў, яшчэ заняпалая, непісьменная. Душа балела ў дзеда за яе, ён хацеў усё выправіць. Яго дэвіз быў: «Я хацеў умяшацца ў жыццё і тое-сёе ў ім паправіць». Гэтыя словы выбіты і на яго надмагільным помніку.



Кандрат КРАПІВА.

І думаю, што дзед парадаваўся бы сёння за вёску, калі б убачыў нашы аграгарадкі. Якія яны прыгожыя.

Да вясковых людзей і іх працы, якую добра ведаў, Кандрат Кандратавіч ставіўся з вялікай павагай. У гадоў восем-дзевяць ён ужо пасвіў гусей. Пасля — свойскую жывёлу. Калі крыху падрос, з хлопцамі хадзіў у начное. Любіў пра тое ўспамінаць. Гэта быў адказны і пачэсны абавязак для хлопцаў, калі ім давяралі коней… А з 14 гадоў Кандрат Кандратавіч пайшоў за плугам. Таму вясковую працу ён зведаў на сябе як мае быць. 

Сялянская «костачка» ў дзеда заўсёды заставалася. Таму і меў дачу ў Ждановічах. І яна — асобная старонка яго жыцця. 

Дачу дзед і яго сябры называлі «Канпетры». Назва расшыфроўваецца проста, азначае «Кандрат і два Пятры»: Кандрат Крапіва, Пятрусь Броўка і Пятрусь Глебка. Яны вельмі сябравалі. 

Памятаю такі эпізод. Раніца. Выходзіць дзед на ганак і зычным голасам крычыць: «Хлопцы!» Броўка і Глебка адгукаюцца: «Оооо».

Сябры-пісьменнікі ўвечары сядзелі разам ля вогнішча. Яны нешта расказвалі, і мы, дзеці, побач круціліся. Бульбу пяклі… 

На дачы ў Пятра Усцінавіча Броўкі быў сабака Жук — каўказская аўчарка з прымессю. Ён моцна брахаў, быў вельмі злосны. Нікога, акрамя Кандрата Кандратавіча, не падпускаў да сябе. 

А ў дзеда быў сабака Дазор — велізарная нямецкая аўчарка, вельмі добразычлівая. Кандрат Кандратавіч браў яе на павадок, і мы гулялі па лесе… Ідзем, а дзед распавядае пра ягады, якія можна браць, якія — нельга. Знаёміў нас з прыродай… 



Пятро ГЛЕБКА і Кандрат КРАПІВА гуляюць у шахматы.

Ля дачы Кандрата Крапівы — Мінскае мора, у якім было шмат рыбы. Дзед любіў рыбачыць і браў нас, унукаў, з сабою. Памятаю, ён ідзе, а мы бяжым за ім, не паспяваем. А Кандрат Кандратавіч яшчэ замест якара браў на плечы кавалак трубы ад батарэі, вельмі цяжкі — на некалькі звенняў. І затым веславаў на лодцы на сярэдзіну водасховішча і там кідаў гэты якар… 

Дзед любіў касіць. І мяне навучыў. Я з задавальненнем касіла траву. Навучыў і касу вастрыць… Ад яго я ведала, як разводзіць, тачыць пілу і пілаваць бярвёны. 

Навучыў мяне плесці кошыкі. Расказаў усю тэхналогію: як вымочваць лазу, як рабіць аснову. Навучыў плесці лапці… 

І ў Нізок дзед ездзіў. Не скажу, што часта. Але я была там з ім некалькі разоў. Праўда, хата дзеда згарэла яшчэ да вайны. Толькі месца засталося, дзе яна стаяла. Пра яго ведае кожны жыхар Нізка, кажуць: «Тут быў дом нашага Кандрата». 

Цікава, што ў Нізку ў сям’і Кандрата Крапівы была мянушка — Астапавы. Дзед нават не ведаў, адкуль яна пайшла. 

— Ці дзяліўся Кандрат Крапіва нейкімі асаблівымі ўспамінамі аб сваім дзяцінстве ў Нізку? Якімі? 

— Нарадзіўся ён у небагатай сям’і, і, як ён расказваў, іх хата была з земляной падлогай. Маці дзеда была вельмі ахайная жанчына. Заўсёды ў хаце чыста. І падлогу вымятала некалькі разоў на дзень — проста да бляску. 

А калі Кандрат Кандратавіч падрос, бацька адправіў яго вучыцца, каб не драбніць і без таго малы надзел зямлі. Ледзьве выжывалі, цяжка было.

Пра дзяцінства дзеда ёсць унікальны запіс. Так атрымалася, што мая дачка Варвара, калі вучылася ў малодшых класах, пасябравала з рэдакцыяй газеты «Зорька». І туды пісала нататкі. Ёй нават выдалі пасведчанне «Юны карэспандэнт». І вось яна прыбегла да дзядулі, паказала тое пасведчанне і сказала: «Я хачу ў цябе ўзяць інтэрв’ю». І дзякуючы ёй гэты запіс і застаўся… 

— З якімі клопатамі і радасцямі прыходзілі да Кандрата Крапівы аднавяскоўцы? 

— Не толькі з праблемамі прыходзілі, але прыязджалі ў Мінск павіншаваць, напрыклад, з юбілеем. Жыхары Нізка часта да дзеда звярталіся. Былі ў іх і сур’ёзныя, і дробныя справы. Напрыклад, каб даў грошай плот паправіць… 

Дарэчы, дзед падабраў бібліятэку сваіх твораў і падараваў у Нізок. Яна і зараз там знаходзіцца. 

Таксама памятаю, як да яго прыязджалі землякі. Проста праведаць і пабачыцца. Увогуле дома ў нас людзі бывалі ўвесь час. Дзед жа быў дэпутатам. 

Цікавы штрых: чалавек ён быў нябедны, і часта ў яго і родныя, і чужыя зычылі грошы. Ён занатоўваў, хто і колькі пазычыў, але не патрабаваў вярнуць. Мабыць, разлічваў на сумленнасць. І мы ведалі, што ў яго ёсць кніжачка з запісамі даўжнікоў, але ён нам яе не паказваў. І калі дзед ужо старэнькі быў, дасканала перабраў свой архіў і тую кніжачку знішчыў. 

Кандрат Кандратавіч быў чалавекам шырокай душы. На дробязях не засяроджваў увагу.

— У сям’і захоўваюцца нейкія традыцыі, закладзеныя Кандратам Крапівой? 

— Ёсць адна вельмі прыгожая, якую стараемся захоўваць. Я яе памятаю з дзяцінства: у дзень вызвалення Мінска мы збіралі букет палявых кветак і прыносілі да абеліска Перамогі. 

Яшчэ цудоўная традыцыя, якую працягваем, — сямейныя чытанні. У нас было так: калі дзед Кандрат напіша што-небудзь, мы — яго першыя слухачы. Ён чытаў нам сваю новую п’есу ці байкі, хацеў жывой рэакцыі, каб мы слухалі і нешта гаварылі, рабілі заўвагі. Я памятаю, як разам чыталі «Браму неўміручасці». А пасля ён выслухаў усе меркаванні, і нават я яму і выказала заўвагі.

Часам проста чыталі кнігі пасля вячэры. Напрыклад, апавяданні Чэхава. Дзед лічыў, што сумесная трапеза згуртоўвае сям’ю. І любіў, каб вячэралі ра- зам… І сёння мы стараемся сабрацца, чытаем уголас. А каб беларуская мова гучала дома, чытаем апавяданні на роднай мове.

— Хто быў найлепшым сябрам Кандрата Крапівы? Ці іх было некалькі?

— У яго былі два найбольш блізкіх сябра. Першы — Пятро Глебка. Яны вельмі сябравалі яшчэ з даваенных часоў. Другі — Міхась Лынькоў. З ім блізка сышліся ў час Вялікай Айчыннай, калі разам працавалі ў газеце «За Савецкую Беларусь».

Міхась Ціханавіч застаўся адзін. У час вайны яго жонка і сын загінулі ў Мінскім гета. Пасля Вялікай Айчыннай ён доўгі час прыходзіў па нядзелях да дзеда. І бабуля яму мачанку і бліны рабіла.

Сябры часта сутракаліся. Дзед ездзіў да Міхася Лынькова на дачу на Нарач. Аднойчы Міхась Ціханавіч запрасіў туды ўсю нашу сям’ю, і мы там пабывалі.

— А чым захапляўся Кандрат Кандратавіч?

— Яблыневы сад — вось яго захапленне. Ён яго вырасціў на дачы. І вельмі любіў назіраць, калі той квітнеў… Памятаю эпізод, калі дзед любаваўся садам, і я зразумела, што ў душы ён усё ж такі рамантык.  

Яшчэ Кандрат Кандратавіч захапляўся гульнёй у шахматы. Захаваўся  цікавы фотаздымак. У Пятра Глебкі на ўчастку рос велізарны дуб, а пад ім — лаўка і стол. Там яны і любілі гуляць у шахматы… Дзед нават вывучаў складаныя гросмайстарскія задачы. Ён бачыў у гэтым трэніроўку для інтэлекту, для памяці. І проста яму падабалася гэтая гульня. У газетах друкавалі партыі знакамітых гросмайстараў, якія ён вывучаў. 

Дзед у дзяцінстве і мяне навучыў шахматам, затым і маю дачку Варвару. І падараваў ёй набор шахмат. А Варвара навучыла сына Глеба. 

А яшчэ Кандрат Кандратавіч вельмі любіў хадзіць пешшу. Паходка яго была лёгкая. Хадзіў да глыбокай старасці, пакуль ногі трымалі. Ішоў хутка, вялікімі крокамі. Ён лічыў, што служба ў арміі заклала гэтую звычку. А можа, яна з’явілася яшчэ раней, калі ён хадзіў з Нізка ў Койданава праз лясы, дрыгву. 

— Ці любіў падарожнічаць ваш дзед? І куды? Ці распавядаў пра замежныя паездкі? 

— Сам ён ездзіў не шмат, але быў, напрыклад, у Лондане. 

Аднойчы наша сям’я аб’ехала ўсе рэспублікі Прыбалтыкі. Езхалі з дзедам на аўтамабілі, праўда, за рулём быў мой бацька. Кандрат Кандратавіч машыну не вадзіў. Прычым мы ехалі не па сталіцах, а па вёсках. Падарожнічалі два месяцы. Паглядзелі вясковыя звычаі, пагаварылі з сельскімі жыхарамі. Было шмат уражанняў. Аднойчы трапілі на свята рыбака. Глядзім: народ ідзе ў нацыянальных касцюмах, спявае… Гэта было ў Латвіі. 

— А ці былі нейкія таемныя мары ў Кандрата Кандратавіча? 

— Ён усё жыццё быў у працы, і нават у дзевяноста гадоў казаў, што не ўсе справы здзейсніў. Лічыў: каб больш рацыянальна патраціў тыя здольнасці, што дала прырода, дык мог яшчэ больш зрабіць. І ў самым канцы жыцця хацеў рэалізаваць такую задумку: зрабіць слоўнік беларускіх прыказак і прымавак, пагаворак. І пачаў яго рабіць. Засталіся на яго пісьмовым стале першыя і апошнія дзве старонкі.

— Традыцыйнае пытанне: якую ежу любіў народны пісьменнік? 

— Ён усё еў з хлебам. І кашу, і кампот. Можа, гэта вясковая звычка. Абавязкова на стале павінен быў быць хлеб.  І дзед моцна не любіў, калі заставаліся недаедзеныя кавалкі і іх выкідвалі. Яшчэ казаў, што на сяле ёсць звычай — ніколі не класці хлеб дагары нагамі. Не дазваляў нам так рабіць.

Кандрат Кандратавіч мог сабе дазволіць купіць розныя прысмакі, але ён іх не любіў. Аддаваў перавагу шкварцы, бульбяной бабцы, капусце. А любімая яго страва — аўсяны кісель. Прасіў, каб мая мама яго рабіла. 

Дзед сам, пакуль мог, ездзіў на базар купляць мёд. Лічыў, што ён карысны для здароўя. І сам выбіраў сала. І капусту, каб заквасіць. Казаў, што ніхто лепш за яго гэта не зробіць. Яшчэ ён мяне навучыў рабіць клінковы сыр, варыць бульбяны суп па вясковым рэцэпце. І зараз яго вару, мае родныя яго любяць.

— І апошняе пытанне. Ці былі ў Кандрата Крапівы дрэнныя звычкі? 

— Ён ніколі не смаліў. Мог выпіць моцны напой, напрыклад, каньяк, але няшмат. Ніколі не бачыла, каб дзед быў у нецвярозым стане. Лічу, што ён нават адмоўна адносіўся да выпіўкі. 

— Алена Ігараўна, дзякуй за цікавую сустрэчу, за грунтоўную размову. Усяго вам найлепшага!

Вера ГНІЛАЗУБ

Фота з архіва сям’і Кандрата КРАПІВЫ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter