«Умееш жартаваць – праходзь, не ўмееш – плаці»

На фестывалі гасцей чакае сустрэча з самымі вясёлымі, кемлівымі, здатнымі да розных выдумак людзьмі Брэсцкай вобласці, Любані, Валожына, Аўцюкоў Калінкавіцкага раёна. І нават Украіны і Польшчы.

У гэтыя выхадныя ў Бярозаўскім раёне адбудзецца IV абласное свята народнага гумару «Спораўскія жарты»

На фестывалі гасцей чакае сустрэча з самымі вясёлымі, кемлівымі, здатнымі да розных выдумак людзьмі Брэсцкай вобласці, Любані, Валожына, Аўцюкоў Калінкавіцкага раёна. І нават Украіны і Польшчы.

На свяце парадуюць гандлёвы святочны кірмаш, гумарыстычныя выставы, конкурсы, дэгустацыі горка-салодкага напою, гульні-скакулькі, катанні-цалаванні на маршрутным таксі «Спораўская таратайка», спаборніцтвы ў балбатні і г. д. Павесяляць гасцей і ў маёнтку куркуля «Спораўца-ўдальца рака-рыбы лаўца»  

А ўсё пачнецца ў суботу з жартоўнага дагляду на «Мытні ў Дубках» тых, хто прыедзе на свята. Галоўны дэвіз: «Умееш жартаваць — праходзь, не ўмееш — плаці».  

У 11.30 — урачыстая цырымонія ўскладання гасцінцаў і кветак да скульптур «Спораўца» і «Спораўкі». Гэтай дзеі таксама прыдумалі сваю назву: «Пакаштуйце наша сала, каб свята прайшло ўдала».   

Святочная ж пляцоўка размясціцца ля возера. Менавіта туды накіруецца імправізаванае шэсце «Усе вылупілі вочы, Спорава рагоча». “Хто чым багаты каля сваёй хаты”, даведаюцца ўдзельнікі выставы-агляду падвор’яў вёскі Спорава, будуць тут і “Швэнданні па гумарыстычных халабудах”.   

Урачыстае адкрыццё свята — у 13.00. “Брашы, ды меру знай, дадзім жару” — скажуць творчыя калектывы падчас конкурсных выступленняў у аграгарадках Бярозаўскага раёна і ў Спораўскім цэнтры культуры і вольнага часу.   

У нядзелю спораўцы і госці адправяцца на мітынг, што пройдзе ля мемарыяльнага комплексу «Здзітаўская абарона», прысвечаны ён Дню вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А потым зноў працягнуцца конкурсныя выступленні. І ў рэшце рэшт падбіццё бабак — вынікаў свята. Пад смех і слёзы ад жартаў будуць уручаць узнагароды. 

Дарэчы

Вёску Спорава называюць Габравам Бярозаўскага раёна. Бо тутэйшыя людзі ставяцца да сябе з вялікім гумарам. Мабыць, таму, што па жыцці мелі вялікія цяжкасці. Напрыклад, толькі ў 70-я гады мінулага стагоддзя ў Спорава стала магчымым дабрацца транспартам. Раней сувязь паміж вёскамі была два месяцы ў год: калі вельмі гарачае лета і вельмі суровая зіма. Тады падсыхала і замярзала балота.  

Да таго ж Спорава называюць другой Масквой. Спораўцы гэтым ганарацца і завуць сябе масквічамі. Гэта звязана з тым, што падчас Вялікай Айчыннай вайны немцы практычна не былі ў гэтай вёсцы, партызаны трымалі знакамітую Здзітаўскую абарону. Ворагі не маглі прарвацца, хоць моцна абстрэльвалі Спорава, шмат спалілі хат. Між іншым, і баяліся туды патрапіць...  

Спораўцы — са сваёй адмысловай годнасцю. Ходзіць на Бярозаўшчыне такі анекдот. Прыехаў споравец у Маскву і не мог ніяк знайсці патрэбны дом. Убачыў міліцыянера. Але паколькі гаварыў на мясцовай, «спораўскай», мове, прадстаўнік улады яго не разумеў. Міліцыянер спытаў: «Адкуль вы?» — «Я — са Спорава».—«А дзе гэта?» — «У Маскве жывеш і не ведаеш, дзе Спорава?»...  

Фактычна спораўцы рассяліліся па ўсім свеце. Яны і ў Канадзе, ЗША, Пяру. У свой час, як і зараз, яны шмат ездзілі на заробкі. Склалі і народную песню, бо адны вярталіся з грашыма, а іншыя ні з чым. Добра хоць дахаты дабіраліся. Наконт гэтага выказваліся: «Едзе басота назад». І зараз, як кажуць, «Маскву паднімаюць». Яны — добрыя будаўнікі, за што іх і шануюць. Умеюць і пагуляць добра, і папрацаваць. Ад душы.  

— «Спораўскія жарты» праходзяць раз у чатыры гады. І многія вяскоўцы лічаць, што вялікая, сур’ёзная справа — жартаваць, — расказвае Наталля Кавалевіч, вядучы метадыст Бярозаўскага раённага метадычнага цэнтра. — Аўцюкі ў свой час хваляваліся, што мы забяром да сябе рэспубліканскі фэст. Былі гумарыстычныя спрэчкі. Атрымлівалася, што спораўцы жартуюць не горш, а часам нават і лепш, чым аўцюкоўцы. І галоўнае, што з сябе!  

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter