Пока всего 17,5 процента: в районах, к сожалению, проще закопать вторичные ресурсы, чем их отсортировать

Ультыматум бульдозера

У адпаведнасці з Нацыянальнай стратэгіяй па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі да 2030 года доля вынутай з адходаў і пушчанай у паўторны абарот сыравіны павінна павялічыцца да 40 працэнтаў. Гэта дазволіць мінімізаваць шкоднае ўздзеянне смецця на здароўе людзей, навакольнае асяроддзе, а таксама ўцягнуць значную яго частку ў гаспадарчы абарот. Але пакуль што колькасць другасных матэрыяльных рэсурсаў, вынутых з адходаў, пакідае жадаць лепшага — у сярэднім 17,5 працэнта па краіне ад агульнай колькасці ЦКА. Адказ на пытанне, чаму так адбываецца, карэспандэнт «Р» шукала разам з прадстаўнікамі Мінпрыроды.

Шлях наш ляжыць у Клецкі раён. 

— Па справаздачах у раёне не выяўлена выпадкаў пахавання другасных матэрыяльных рэсурсаў, гэта значыць, шкла, паперы, ПЭТ-бутэлек, зношаных аўтамабільных шын. Але працэнт вымання ДМР вельмі малы — толькі 7,4, тады як па Мінскай вобласці ён складае 11,2. Таму мы павінны паглядзець, як эксплуатуюцца гарадскі палігон ЦБА і міні-палігоны, праверыць, як вядзецца прыём паступаючых адходаў, як вымаюцца з іх другасныя матэрыяльныя рэсурсы, ці не дапускаецца іх пахаванне, — тлумачыць мэты паездкі Аляксандр Жэлабкевіч, начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі.

На палігоне бульдозер трамбуе і загортвае пяском смецце.
Фота аўтара

Гарадскі палігон Клецка, як і патрэбна, абгарожаны, маюцца аншлаг і шлагбаум на ўездзе, тры назіральныя свідравіны, з якіх не радзей раза ў год бяруць пробы падземных вод, вагі для машын. Ёсць нават невялікі цэх, у якім некалькі чалавек дасартыруюць сабранае раздзельна смецце. Гэта патрэбна рабіць абавязкова: па неасцярожнасці або няведанню людзі могуць адправіць у кантэйнер тое, што не падлягае перапрацоўцы. Невялікі гідраўлічны прэс фарміруе цюкі з ПЭТ-бутэлек. 

На карце палігона бульдозер трамбуе і загортвае пяском смецце. Здалёк відаць, як пад яго нажом знікаюць пластыкавыя бутэлькі і папера. Гэта сур’ёзнае парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства — лічы, ідзе пахаванне грошай і сыравіны.

— Не хапае людзей, ніхто не хоча працаваць на звалцы, — разводзіць рукамі прадстаўнік мясцовай ЖКГ. — Былі дзве бабулькі, дык мы ім самі забаранілі сюды хадзіць: не дай бог пад бульдозер трапяць! «Сутачнікі», бяздомныя? Ды няма ў нас такіх! Адзіны, хто бутэлькі і макулатуру збірае, у нейкім сэнсе, мясцовая славутасць, на звалку не ходзіць, яму і ў горадзе другаснай сыравіны хапае...

Рушым на так званыя міні-палігоны. Спачатку заязджаем на звалку каля вёскі Даматканавічы. Яна ўяўляе сабой кар’ер, куды звозяць смецце сяльчане, і займае плошчу каля гектара. Агароджы няма, як і хоць нейкіх прыкмет таго, што тут спрабавалі здабыць другасныя матэрыяльныя рэсурсы. Вунь яны ўсе валяюцца: пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, папера. 

Прыкладна такая ж карціна чакала нас і на астатніх пяці міні-палігонах, з той толькі розніцай, што на адзін з іх, каля вёскі Драбаўшчына, звезлі яшчэ і прамысловыя адходы — відаць, у найбліжэйшай гаспадарцы вычысцілі сіласныя ямы. Між тым падобнае можна ўтылізаваць толькі на гарадскім палігоне. Але там трэба плаціць. 

Звалку каля вёскі Морач назваць міні-палігонам цяжка: яна абгароджана, займае значную тэрыторыю, тут працуюць некалькі бульдозераў, маецца і свой штат — дыспетчар, начальнік участка і наглядчык, які і займаецца па меры магчымасцей сартаваннем смецця. 

У цэлым перспектывы вымання тут другасных матэрыяльных рэсурсаў выглядаюць не вельмі натхняюча. 

— Гэта праблема актуальная не толькі для Клецкага раёна, але і для многіх рэгіёнаў краіны, якія маюць вострую патрэбу ў смеццесартавальных і перапрацоўчых прадпрыемствах, — лічыць Аляксандр Дабрыцкі, намеснік старшыні Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў. — Зрэшты ж, дасягнуць эфекту дапаможа таксама сартаванне смецця там, дзе яно з’яўляецца, — на кантэйнерных пляцоўках каля дамоў. 

Бадай што найбольшай праблемай для навакольнага асяроддзя сёння сталі лёгкія, але аб’ёмныя пэт-бутэлькі, якія ў прыродзе раскладаюцца не менш за 100 гадоў. Вырашыць яе магло б увядзенне закладнога кошту на пластыкавую тару. 

ТОЛЬКІ ЛІЧБЫ

З пачатку года ў Мінскай вобласці выяўлена 110 выпадкаў пахавання другасных матэрыяльных рэсурсаў, да адміністрацыйнай адказнасці за гэта прыцягнуты 70 асоб. Агульная сума штрафаў перавысіла 20 тысяч рублёў.

ТЫМ ЧАСАМ

Як стала вядома, за выяўленыя парушэнні Мінскім абласным камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута юрыдычная асоба КУП «Клецкая ЖКГ» на суму 2450 рублёў, а таксама адказная службовая асоба прадпрыемства на суму 147 рублёў. У бягучым годзе ў раёне закрыюць 3 міні-палігоны, яшчэ тры — у наступным.

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter