Как в полесском агрогородке Лунин уживаются фермер-частник и государственное хозяйство

Уласнасць і ўласнае

Жыццё на вёсцы не згасае, калі на роднай зямлі застаецца моладзь і праца прыносіць не толькі задавальненне, але і добры прыбытак. Сёння ўсе дзверы адкрытыя для ініцыятыўных.


Ад Луніна да сталіцы — 250 кіламетраў. Да Брэста шлях таксама не блізкі — 220 км. “Глуш”, — падумае нехта. Але старшыня Лунінскага  сельсавета Аляксандр Якавец гатовы паспрачацца.

— Яшчэ гадоў 30 таму пра такія ўмовы жыцця вясковыя маглі толькі марыць. Судзіце самі. Газ, водаправод ёсць. Свая амбулаторыя, у якой нават стаматолаг прымае. Нядрэнны спартыўны комплекс. Аддзяленне банка, бар, крамы. Казаць аб запусценні не прыходзіцца. Да таго ж у апошнія гады ў гараджан прачнулася небывалая цікавасць да вёскі. Адны прыязджаюць наводзіць парадкі на дзедаўскіх дварах. Іншыя проста выкупляюць пустуючыя хаты з прылеглымі ўчасткамі зямлі. Садзяць ягады, агародніну.

Анатоль Лабко — карэнны лунянін. У тым, што ён стаў фермерам, няма нічога дзіўнага. Лёс вызначылі гены. Сто гадоў таму дзед Анатоля быў адным з самых паважаных і заможных сялян у вёсцы. Старыя памятаюць, як ён запражных коней на выставу ў Варшаву вазіў. Таму ад унука таксама чакалі поспеху.

Працаваць на зямлі я хацеў заўсёды. Дзед быў прыкладам, бацькі працавалі ў калгасе, — кажа Анатоль Аркадзьевіч. — Пасля школы я скончыў сельгасакадэмію ў Горках. Да распаду Савецкага Саюза паспеў папрацаваць у некалькіх гаспадарках, меў нядрэнную пасаду. Але ў 1990-я зразумеў, што надышоў той самы момант, калі змагу рэалізаваць сваю даўнюю мару — выйсці на вольны хлеб. Да гэтага часу памятаю, як радаваўся першым 4 гектарам. Займець кавалак зямлі было ох як няпроста! Мама, калі ўбачыла тое поле, тут жа пачала адгаворваць ад ідэі стаць фермерам: “Сынок, адумайся! На гэтым пяску толькі лес можа расці”. Але я ўпарты. Сельская гаспадарка — гэта заўсёды рызыка. Гадоў 11 таму ўраджай вырас незвычайна добрым, але праліўныя дажджы загубілі яго практычна цалкам. У гэтым годзе засушыла — атрымалі толькі трэцюю частку прадукту ад таго, што было летась. Ну і што? Не бывае заўсёды ідэальна.

Пачынаў Анатоль Аркадзьевіч з бульбы і морквы. Тэхніку арандаваў у калгасе. А першую прадукцыю з жонкай вазіў на легкавушцы ў Мінск:

— Спачатку падтрымка дзяржавы была досыць адчувальнай, гэта вельмі дапамагло на старце. Цяпер дзяржава збавіла абароты і стараецца не ўмешвацца. Што таксама, у прынцыпе, разумна. У краіне адладжаная сістэма падаткаабкладання. Працаваць прасцей, калі дакладна ведаеш, што ад цябе патрабуецца. Зараз на дваіх з сынам у нас ужо 76 гектараў зямлі. Дзесьці нізіна, дзесьці ўзвышша — кавалачкі раскіданыя па тэрыторыі сельсавета і кожны патрабуе адмысловага падыходу. Адной морквай усё не засадзіш, хоць гэта і асноўная культура ў нас. Вырошчваем таксама буракі, чырвонакачанную капусту, збожжавыя. Амаль уся прадукцыя ідзе на Расію. Сёе-тое ў прыватным парадку купляюць і нашы людзі. А вось у айчынныя гандлёвыя сеткі не прабіцца. Ва ўсіх свае даўнія пастаўшчыкі.

Анатоль Аркадзьевіч шчыра прызнаецца, што да таго, як адкрыць сваю справу ён сур’ёзна падумваў пераехаць за мяжу. Нават з’ездзіў пару разоў на заробкі ў Еўропу, пачынаў вучыць нямецкую мову. Але хутка зразумеў, што родная вёска, зямля, дом проста так не адпусцяць. Фермерская гаспадарка патрэбна не толькі яму самому, але і аднавяскоўцам. Сёння там працуюць 9 пастаянных работнікаў. У сезон да іх далучаецца яшчэ 10 чалавек, таксама з мясцовых.

На пытанне, чаго яму не хапае, фермер, не задумваючыся, адказвае: “Зямлі і здароўя!” За час існавання бізнэсу ён абзавёўся добрай тэхнікай, пабудаваў складскія памяшканні. Хоча развівацца далей, але свабоднай зямлі ў раёне днём з агнём не адшукаеш. Палешукі — народ працавіты, кожны свабодны метр не пад бульбу, дык пад ягады зоймуць:

Чаго б там хто ні казаў, вёска па-ранейшаму моцная. У першую чаргу сваімі каранямі. Я жыву ў дзедавай хаце, пабудаванай у далёкім 1931 годзе яшчэ “за польскім часам”. Мне не раз казалі: “На кой чорт табе гэты стары дом?” Але радавое гняздо не павінна заставацца пустым, — лічыць Анатоль Аркадзьевіч. — Вельмі важна, каб ва ўсіх пачынаннях падтрымлівала сям’я. Калі ўкладваеш у сваю справу шмат сіл, часу, грошай, то хочацца, каб б яна не знікла. Ідэальны варыянт — перадаць яе нашчадкам. Мне пашанцавала: малодшы сын прывязаны да зямлі так жа, як я і мой дзед. Таму ёсць упэўненасць, што ў гаспадаркі добрая будучыня.

Другі бок паспяховасці аграгарадка — ААТ “Лунінскі”. Прадпрыемства з 70-гадовай гісторыяй заўсёды было сярод лепшых у раёне. У 1980-х яно адносілася да так званых калгасаў-мільённікаў і нават мела ўласную матабольную каманду. Праўда, развал Савецкага Саюза практычна цалкам знішчыў усё, што стваралася дзесяцігоддзямі.

Васіль Мелюх у Луніне працуе 35 гадоў, 20 з якіх — кіруе мясцовай гаспадаркай. Па кар’ернай лесвіцы ішоў, не прапускаючы ні адной прыступкі, — брыгадзір, начальнік участка, прараб, інжынер. Кіраўніком стаў у няпросты 1998 год, калі сельскагаспадарчы кааператыў “знаходзіўся ў самым нізе турнірнай табліцы раёна”.

Цікава, што любімы час Васіля Сцяпанавіча — вясновая раніца. Калі першыя трактары выходзяць у поле, калі скрозь ледзь прагрэтую зямлю толькі-толькі прабіваюцца першыя расліны. Менавіта гэты момант задае тон усяму году.

— У 1990-я людзі беглі з вёскі ад безграшоўя і нявызначанасці. Мы тады апынуліся ў замкнёным коле: няма грошай — няма ўгнаенняў, без якіх не атрымаецца вырасціць прадукт, а няма прадукта — не будзе выручкі. Вопыт, назапашаны ў савецкі час, у новых умовах аказаўся не вельмі карысным. Каб выжыць, мы пачалі шукаць сродкі там, дзе іх па ідэі і быць не магло. За кошт жорсткай эканоміі скарацілі выдаткі электраэнергіі ў некалькі разоў. Перабудавалі ўсе маршруты — зэканомілі на паліве. 

З 1998 па 2003-ці гаспадарка старалася ўтрымацца на плаву. Потым пачаўся перыяд уздыму. Цяпер можна без лішняй сціпласці казаць аб устойлівым эканамічным становішчы:

— Калі глядзець у рэспубліканскіх маштабах, то прадпрыемства ў нас невялікае. Развіваем мяса-малочны кірунак. Асаблівы гонар — невялікі статак бычкоў амбердзіна-агускай пароды. Так-так, гэта тыя самыя, з якіх атрымліваецца знакамітае “мармуровае” мяса. Наогул, жывёлагадоўля — сфера дарагая і складаная, таму да гэтага часу ў Беларусі ёй займаюцца пераважна дзяржаўныя гаспадаркі. Каб пракарміць статак, мы вырошчваем кармавыя культуры, зерне. А з фермерамі-прыватнікамі нам дзяліць няма чаго. Яны занялі тую нішу сельскай гаспадаркі, якая была вольная — гародніна, бульба, ягады.  

Васіль Сцяпанавіч — чалавек дасведчаны, як-ніяк у сельскай гаспадарцы ўсё жыццё круціцца. Але ёсць у ім несуцішная цікаў-насць, жаданне быць наватарам у сваёй справе. Германія, Чэхія, Італія, Аўстрыя — дзе б ні апынуўся, усё незвычайнае прыкмячае, каб потым укараніць у сваёй гаспадарцы.

— Скарачэнне вясковых жыхароў усе бачаць, як праблему, але давайце паглядзім на сітуацыю з іншага боку. За апошнія 20 гадоў наш калектыў з 400 чалавек зменшыўся да 158. Ніхто нікога не звальняў, гэта натуральны працэс. Людзі сыходзяць на пенсію. Плюс тое, што раней выконвалі 5 чалавек, цяпер можа зрабіць адзін з дапамогай сучаснай тэхнікі. Пры гэтым аб’ёмы мяса і малака мы нарасцілі ў тры разы. Дарэчы, тых, хто сваё адпрацаваў, мы на пенсію адпраўляць не спяшаемся. Чаму? Гэтым людзям ёсць, чым падзяліцца з моладдзю. Фінансавае становішча дазваляе трымаць на сумежных пасадах два чалавекі — вопытнага і пачаткоўца. Дарэчы, што тычыцца маладых кадраў, то сілком мы да сябе нікога не цягнем. На адпрацоўку бярэм у асноўным былых практыкантаў, тых, хто летам у нас падпрацоўваў і паспеў сябе праявіць.

Як ні дзіўна, у “Лунінскім” працуе нямала і гарадскіх жыхароў. Галоўны інжынер, аграномы, ветэрынары прыязджаюць з райцэнтра — рэдкі выпадак. Справа не толькі ў нядрэнным заробку (сярэдняя зарплата ў гаспадарцы каля 700 рублёў). 

— У 1980-я гады на калгасныя грошы пабудавалі выдатны спарткомплекс, працавала конна-спартыўная школа. З часам прыярытэты ў моладзі памяняліся. Усё ж такі ў інфармацыйную эпоху жывём: гаджэты, сацыяльныя сеткі, віртуальнае жыццё...  Але ж, калі хто-небудзь з маіх супрацоўнікаў пажадае абанемент у Лунінецкі басейн або трэнажорную залу, мы аплацім. Жывём не горш, чым у сталіцы.

Соф’я АРСЕНЬЕВА.

infong@sb.by

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter