Владимир Путято, директор ОАО «Белыничи»: в деревне можно жить богато и интересно

Уладзімір Пуцята, дырэктар ААТ «Бялынічы»: «У вёсцы можна жыць заможна і цікава»


Гаспадаркі Бялыніцкага раёна пасля аптымізацыі аб’яднаны ў пяць вытворчых калектываў. Адзін з іх, ААТ «Бялынічы», мінулагодняй восенню ўзначаліў выпускнік Белдзяржсельгасакадэміі Уладзімір ПУЦЯТА. Акрамя дыплома агранома, малады спецыяліст дадаткова атрымаў у Горках адукацыю кіраўніка АПК і інжынера па ахове працы.

Дырэктарства Уладзімір Віктаравіч пачаў з перагляду структуры севазвароту і абнаўлення дойнага статка. Менавіта ад рэалізацыі малака і ялавічыны папаўняецца скарбонка сельгаспрадпрыемства. У планах маладога кіраўніка — рэканструкцыя ферм з мэтай далейшага павелічэння аб’ёмаў жывёлагадоўчай прадукцыі і вытворчасці збожжа.

Сельгасугоддзі ААТ «Бялынічы» падступаюць да пакацістых берагоў ціхай Друці. Амаль 3500 гектараў урадлівых зямель адышло аграпрадпрыемству «Белдан», якое спецыялізуецца на вытворчасці дацкай беконнай свініны. Некаторых працаўнікоў бялыніцкай гаспадаркі зацікавілі ўмовы працы і заробкі на комплексе.  Не ўсё ладзілася на палях і фермах сельгаспрадпрыемства, якое ўзначаліў Уладзімір Пуцята.

– ПРЫЕХАЎ на поле ў сярэдзіне кастрычніка і сваім вачам не паверыў: плантацыя няскошанай кукурузы, а траншэі на палову парожнія. Вывелі на поле кормаўборачную тэхніку і заклалі сілас. Кармоў ледзьве хапіла, каб перазімаваць жывёле. Як толькі падсохлі лугі і сенажаці, падкармілі іх тукамі. Травы ўзняліся высокія і густыя. Тры корманарыхтоўчыя агрэгаты назапашваюць зялёную масу. Сенаж з першага ўкосу закладваем у траншэі на малочна-таварным комплексе «Вялікае Трылесіна» і каля жывёлагадоўчых ферм. Тэхнікі ў нас дастаткова, а механізатараў не стае. Трактарысты пераселі на корманарыхтоўчыя агрэгаты. Дапамагаюць шэфы з бялыніцкай аўтабазы № 7 і райжылкамунгаса.

Спецыялізуецца гаспадарка на вытворчасці малака, ялавічыны і збожжа. Трэцяя частка больш як чатырохтысячнага статка буйной рагатай жывёлы — дойныя каровы. Наш арыенцір — давесці гадавы надой ад кожнай да 4000 кілаграмаў малака, валавую вытворчасць прадукту павялічыць да 5000 тон.

Пашырылі плошчы пад кукурузай. На 300 гектарах плануем атрымаць пачаткі. Сплю­шчанае кукурузнае зерне дае высокі эфект пры скормліванні дойнаму статку, асабліва калі пасля ацёлу пачынаецца раздой кароў. Такі высокакаларыйны фураж папаўняе рацыён 2000 кормнікаў і на комплексе «Галоўчын». Дробныя малочна-таварныя фермы аб’ядналі, скараціўся штат жывёлаводаў. Заняліся рэканструкцыяй памяшканняў. На малочна-таварных фермах пабудавалі даільныя залы. Праехаў па ўсіх вытворчых падраздзяленнях гаспадаркі і сустрэўся з людзьмі.

Дзеля скарачэння расходаў правялі аптымізацыю. Зараз у калектыве 132 працаўнікі. Сярэдні заробак кожнага летась не перавышаў 500 рублёў. З галоўнымі спецыялістамі перагледзелі нормы вы­­п­рацоўкі, і амаль удвая павялічыліся выплаты. Фінансамі нас падтрымалі ААТ «Бабушкина крынка» і Магілёўскі мясакамбінат. За пазыку разлічваемся прадукцыяй жывёлагадоўлі. З пачатку года на перапрацоўку адправілі звыш 800 тон малака і 140 тон ялавічыны.

— Уладзімір Віктаравіч, ці не ўзнікала жадання раіцца з вопытнымі кіраўнікамі? Пераймаеце іх метады працы?

— Напачатку думаў, што мне дапамога не патрэбна. Лічыў, сам спраўлюся. Знаёміўся з жывёлаводамі, механізатарамі. У лю­дзей розныя характары, звычкі. Не так проста мудра пахваліць чалавека, а калі неабходна, то тактоўна даць заўвагу, каб не пакрыўдзіць. Калі пачалі ўзнікаць складаныя сітуацыі, стаў звяртацца за парадай да калег. Працаўнікоў гаспадаркі імкнуся прывучаць да беражлівасці — самага вялікага багацця.

— А хто асабіста ў вас выхоўваў беражлівасць?

— Вырас я ў сялянскай сям’і. Дзядуля па бацькавай лініі Уладзімір Браніслававіч — калгасны трактарыст. Маці Ірына Георгіеўна і бацька Віктар Уладзіміравіч пасля заканчэння з адзнакай агранамічнага аддзялення Жыліцкага саўгаса-тэхнікума атрымалі накіраванне на працу ў Шклоўскую райсельгасхімію і там працавалі.

Родныя хацелі, каб я стаў урачом, а мяне вабіла поле. Пасля заканчэння Шклоўскай гімназіі паступіў на аграфак Белдзяржсельгасакадэміі. Вучыўся на павышаную стыпендыю і займаўся спортам. Як кандыдат у майстры спорту, выступаў за факультэт на акадэмічных спаборніцтвах па армрэслінгу (барацьба на руках паміж двума ўдзельнікамі) і перамагаў. З трэцяга курса, як выдатніку вучобы, дазволілі паралельна атрымаць спецыяльнасць кіравання АПК. Ра­зам з дыпломам агранома атрымаў і дыплом кіраўніка АПК, а потым, калі працаваў, яшчэ закончыў і факультет аховы працы.

Ад бацькоў засвоіў, што поспех у любой справе залежыць ад старання. Мяне з маленства выхоўвалі ў працы. Родны Шклоўскі раён слынны агуркамі, нават помнік зялёнаму прыгажуну красуецца ў цэнтры горада. І ў нашай прыгараднай вёсцы Вялікае Зарэчча шмат агурочнікаў. З бабуляй Нінай Іванаўнай на некалькіх сотках вырошчвалі іх і прадавалі на базарах у Шклове, Оршы. Выручаныя грошы дзялілі пароўну. За іх купіў сабе веласіпед, мабільныя тэлефоны, камп’ютар.  

— Так з малых гадоў спасцігалі на практыцы асновы маркетынгу?

— Прывучаўся не толькі вырошчваць ура­джай, а і ўдала прадаваць яго. Потым, калі ў сельгасакадэміі атрымліваў другую адукацыю, практычны вопыт з агуркамі выручаў. І зараз ён не лішні. Шмат карыснага дала і самастойная праца пасля заканчэння вучобы ў Горках. Вытворчую пяцімесячную практыку праходзіў у шклоўскай гаспадарцы «АСБ-Агра Гарадзец». Галоўны аграном Сяргей Ілюкевіч давяраў самастойна рэгуляваць на пасяўных агрэгатах норму высеву збожжавых.

— Куды атрымалі накіраванне на працу пасля заканчэння сельгасакадэміі?

— У круглянскую гаспадарку «Друць». Два гады займаўся корманарыхтоўкай у Шклоўскім райаграсэрвісе. Паспрабаваў і гарадскога жыцця ў Санкт-Пецярбургу. Але доўга не ўтрымаўся і вярнуўся дамоў. Працаваў у Гарадцы інжынерам па ахове працы, кіраваў агранамічнай службай ў насенняводчай гаспадарцы «Межава» холдынга Аршанскага КХП. Прэзідэнт, наведваючы яе, паставіў задачу павысіць ураджайнасць элітных сартоў збожжавых. Палі атрымалі неабходную запраўку тукамі, і кожны гектар даў звыш 40 цэнтнераў зерня. На такі поспех настроены і нашы хлебаробы.

— Сувязь з вучонымі-селекцыянерамі падтрымліваеце?

— Запрашаем прадстаўнікоў навукова-да­следчых інстытутаў, Белдзяржсельгасакадэміі,  выкарыстоўваем іх парады. У былыя часы на палях гаспадарак праводзіліся эксперыменты, за што навуковыя інстытуты атрымлівалі частку вырашчанага ўраджаю. Цяпер патрабуецца папярэдняя аплата за кансультацыі. Гэта стрымлівае такія патрэбныя кантакты.

Многае час мяняе. Іншым становіцца ўклад жыцця сялян. У маёй роднай вёсцы Вялікае Зарэчча амаль на кожным падворку кішэла жыўнасць, а цяпер рэдка хто трымае карову, каня, авечак ці іншую жывёлу. У магазінах багаты выбар прадуктаў харчавання, і няма неабходнасці займацца гэтай справай. Але, як нядаўна выказаўся Прэзідэнт, трэба мець куточак зямлі, каб было дзе душу адвесці. Планую ўладкаваць жылы дом у Бялынічах, пабудаваны гаспадаркай, і пераехаць туды з жонкаю Настассяй. Яна пасля заканчэння Магілёўскага дзяржпедуніверсітэта імя Куляшова настаўнічала ў абласным цэнтры. Зараз — лабарант у ААТ «Бабушкина крынка».

— Уладзімір Віктаравіч, чым можна заахвоціць сучасную моладзь працаваць на зямлі?

— Хто разумее, што ў вёсцы можна заможна і цікава жыць, таго не трэба пераконваць. Яны знаходзяць сабе занятак. У вёсцы Міхалова атабарылася шматдзетная маладая сям’я трактарыста Іллі Пратасевіча. Болей бы такіх працавітых людзей!

— Хутка год, як вы ўзначалілі гаспадарку. Ці адчулі ўсю адказнасць гэтай пасады?

— Ды яшчэ як адчуў і зразумеў! Адзін у полі не воін. Кідаешся то туды, то сюды і ў выніку не паспяваеш спраўляцца. Толькі з моцнай камандай аднадумцаў можна разлічваць на добры вынік. Тэлефаную акадэмічным сябрам, калегам, з якімі працаваў раней. Нам патрэбны галоўныя спецыялісты, а таксама механізатары, жывёлаводы. У аграгарадку Галоўчын, райцэнтры Бялынічы і некаторых вёсках гаспадаркай пабудавана ў розныя часы звыш 100 жылых дамоў. Праблемы забеспячэння жыллём няма. Да нас прыехаў на пераддыпломную вытворчую практыку выпускнік факультэта біятэхналогіі і аквакультуры Белдзяржсельгасакадэміі Аляксей Гарнастаеў. Пасля атрымання дыплома настроены вярнуцца працаваць галоўным заатэхнікам. Хачу адзначыць, што выпускнікам аграрных навучальных устаноў не хапае практычнага вопыту. Бывае, што з-за розных прычын не атрымліваецца, як патрэбуе тэхналогія. І тады як быць? Спецыялісту неадкладна трэба прымаць рашэнне. Добра, калі ёсць з кім параіцца.

ТАКІ дарадчык для Уладзіміра Віктаравіча — старшыня Бялыніцкага райвыканкама Васіль Аляксеевіч Захаранка. Ён пастаянна бывае ў гаспадарцы, цікавіцца справамі калектыву, дзеяннямі маладога дырэктара. Кіраўнік раёна адзначае:

— Ёсць і некаторыя прэтэнзіі да Уладзіміра Віктаравіча, але спадзяёмся, што ён толькі пачынае дырэктарства. Мы яго не ўціскаем. Даем магчымасць набрацца вопыту, вучым метадам кіравання. Кадрамі трэба займацца, выхоўваць іх. Старшыня аблвыканкама Леанід Заяц наведваў гаспадарку, сустракаўся з маладым кіраўніком, гутарыў пра перспектыву жывёлагадоўчага накірунку з развітым раслінаводствам. Галоўнае ў летнія дні не збаўляць тэмпаў нарыхтоўкі кармоў. Ёсць усе магчымасці не толькі назапасіць неабходную колькасць іх, але і стварыць страхавы фонд. Вельмі важна пачынаючаму дырэктару не страціць працоўны запал.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter