Уладзімір Співакоў збірае ў Мінску зорак сусветнай велічыні

Фестываль «Уладзімір Співакоў запрашае» пачнецца 18 лютага

Уладзімір Співакоў збірае ў Мінску зорак сусветнай велічыні

Трэці міжнародны фестываль «Уладзімір Співакоў запрашае» пачнецца 18 лютага. З гэтай даты што ні дзень, то новы канцэрт. І так да канца месяца. Адметнасцю сёлетняга праекта стане спалучэнне музыкі, кінематографа і балета.

Па словах прадзюсара фестываля Максіма Берына, у гэтым годзе асноўнай задачай было не толькі пашырэнне праграммы, але і яе разнастайнасць. Ці ўдалося гэта? Пачнём з пачатку. Адкрыюць фестываль адразу два вялікія музыканты — Уладзімір Співакоў і Дзмітрый Хварастоўскі. Апошні, нягледзячы на сваю шалёную занятасць, не змог адмовіць маэстра. Яго выступленне ў Мінску — гэта падарунак не толькі беларусам, але і Уладзіміру Співакову, які сёлета адзначыць 70-годдзе. У праграме — кампазіцыі Вагнера, Рубінштэйна, Вердзі.

Далей Нацыянальны філарманічны аркестр Расіі са сваім кіраўніком накіруецца ў Гомель, пасля — у Магілёў. Жыхарам гэтых гарадоў будзе прадстаўлена праграма «Гадзіна Чапліна». Яны не толькі ўбачаць лепшы фільм коміка «Агні вялікага горада», але і пачуюць музыку, якую ён напісаў.

І калі ў гэтых канцэртах Співакоў будзе дырыжыраваць, то ў наступным, у Мінскай філармоніі, возьме ў рукі свой любімы інструмент — скрыпку. Гэта будзе «Гадзіна Баха». Час Аркадзя Валадося — крыху пазней. Дарэчы, адной з прычын станоўчага адказу на запрашэнне выступіць у Мінску сталі сваяцкія сувязі піяніста. Аказалася, што бацька сусветна вядомага музыканта выхадзец з Беларусі. Цікава, што ў Германіі, дзе жыве Валадось, і іншых краінах білеты на яго канцэрты разлятаюцца за хвіліны.

Між іншым, гэты канцэрт стане не адзіным, дзе ёсць беларускія карані. Праграма «Зоркі сусветнага балета» складзена выключна з улікам мясцовасці, дзе ён адбудзецца. Напрыклад, нумар французскага харэографа Ралана Пеціта «Пошукі страчанага часу» быў створаны пасля асабістага знаёмства з Маркам Шагалам і пад уздзеяннем яго твораў. Гэта першае. Другое — Барыс Эйфман, атрымаўшы запрашэнне на фестываль, дэлегаваў ад Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра балета Алега Габышава і Любоў Андрэеву, якая нарадзілася ў Мінску, атрымала харэаграфічную адукацыю і некаторы час нават танцавала ў нашым Вялікім.

Але ж галоўны акцэнт пры стварэнні балетнай праграмы, па словах мастацкага кіраўніка праекта Тобіаса Эхінгера, быў зроблены на традыцыях каралеўскага балета Вялікабрытаніі і шырокім спектры танцавальных школ Германіі. Чаму менавіта так? Таму што беларусы мала ведаюць гэтыя накірункі. «Публіка будзе мець унікальную магчымасць на працягу аднаго вечара ўбачыць лепшых майстроў танца, для сустрэчы з якімі прыйшлося б ездзіць па ўсім свеце», — гаворыць Эхінгер.

Адзіны момант, які выклікае заклапочанасць, — канцэрт адбудзецца на сцэне Палаца Рэспублікі, не надта прыстасаванай для такіх выступленняў. Але Максім Берын запэўнівае, што прафесіяналы змогуць адаптавацца і да яе. Да таго ж Вялікая зала — гэта на карысць гледачам: іх туды зможа трапіць значна больш. Дарэчы, пасля зоркі балета выступяць і ў Віцебску.

Закрываць фестываль будуць іншыя зоркі — сусветнай опернай сцэны. Сёлета запрошаны артысты лепшых музычных тэатраў Расіі — Марыінскага і Вялікага. Уласна кажучы, у гэтым нічога дзіўнага. Дзе Співакоў, там толькі самае лепшае. Беларусы ўжо двойчы маглі ў гэтым упэўніцца. Цяпер яшчэ адзін шанс.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter