Уладзімір Співакоў запрашае

Разам з маэстра ў Беларусь прыедзе Дзмітрый Хварастоўскі
Разам з маэстра ў Беларусь прыедзе Дзмітрый Хварастоўскі

III Міжнародны фестываль «Уладзімір Співакоў запрашае» пройдзе ў Беларусі з 18-га па
28 лютага. Форум збярэ аматараў класічнага мастацтва ў Мінску, Гомелі, Магілёве і Віцебску, паведамілі БЕЛТА арганізатары.


Адкрыецца фестываль у Палацы Рэспублікі выступленнем народнага артыста Расіі Дзмітрыя Хварастоўскага ў суправаджэнні Нацыянальнага філарманічнага аркестра Расіі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Співакова. Дзмітрый Хварастоўскі запатрабаваны ў любым кутку зямнога шара. Ён выступаў на лепшых пляцоўках Лондана, Эдынбурга, Нью-Ёрка, Мілана, Барселоны, Масквы і іншых гарадоў. Акрамя гэтага, ён даваў сольныя канцэрты ў Нарвегіі, Турцыі, Ізраілі, а таксама ў Аўстраліі. Шырокая творчая біяграфія артыста ўключае ў сябе і галоўныя партыі ў сусветных оперных шэдэўрах. Кінадэбют артыста адбыўся ў фільме «Дон Жуан без маскі», дзе ён выканаў партыі Дона Джавані і Лепарэла. Фільм, зняты на аснове оперы Вольфганга Амадэя Моцарта «Дон Жуан», атрымаў шматлікія ўзнагароды.

У праграме адкрыцця ў выкананні Дзмітрыя Хварастоўскага прагучаць кампазіцыі Рыхарда Вагнера, Антона Рубінштэйна, Джузэпэ Вердзі.

У час форуму публіка таксама ўбачыць праграмы «Гадзіна Баха» і «Гадзіна Чапліна». Вядучыя салісты тэатраў балета свету пакажуць сваё майстэрства ў гала-канцэрце «Зоркі сусветнага балета».

Урачыстае закрыццё пройдзе ў Белдзяржфілармоніі з удзелам зорак опернай сцэны, салістаў Вялікага і Марыінскага тэатраў Расіі.

Фестываль «Уладзімір Співакоў запрашае» на працягу 10 гадоў з велізарным поспехам сустракаюць у Маскве, а таксама ў французскім горадзе Кальмары. Беларусь — трэцяя краіна пасля Расіі і Францыі, дзе праходзіць музычны форум.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter