Уладзімір ЛАЎЦЭВІЧ: «Самы галоўны падарунак паднесла дачка... »

Сенсацыя была яшчэ ў тым, што ён абставіў на айчынным камбайне неаднаразовага чэмпіёна вобласці і рэспублікі Мікалая Маскалёнка з «Таргуноў», які ўбіраў замежнай «Мегай».

ГЭТА здарылася сем год назад. Малады камбайнер Уладзімір ЛАЎЦЭВІЧ з Докшыцкага райаграсервіса, які дагэтуль нічым асабліва не вызначаўся на хлебнай ніве, а па намалотах зерня нават далёка не дацягваў да тысячы (была ўсяго 700 тон), нечакана для многіх стаў пераможцам у вобласці

Сенсацыя была яшчэ ў тым, што ён абставіў на айчынным камбайне неаднаразовага чэмпіёна вобласці і рэспублікі Мікалая Маскалёнка з «Таргуноў», які ўбіраў замежнай «Мегай».

Праўда, сваю перамогу Уладзімір сціпла «запісваў» на абставіны і на тое, што тая «Мега» была далёка не новая. Аднак у наступным, 2007 годзе, Лаўцэвіч намалаціў ужо 2800 тон зерня і далёка пакінуў за сабой канкурэнтаў. Безагаворачнае першае месца?!

— Ды не. Умяшаліся чыноўнікі-бюракраты: «Як так? Адзін і той жа пераможца? Непарадак!» І знайшлі-такі зачэпку. Аказваецца, на асноўнай рабоце Уладзімір Лаўцэвіч быў вадзіцелем. А па ўмовах спаборніцтва патрэбна, каб працаваў трактарыстам! І спісалі падчыстую. Ну ці не парадокс? І ці не крыўдна?

Іншы б на яго месцы, магчыма, разгубіўся, апусціў рукі. Ды толькі не Лаўцэвіч. Характар у яго сапраўды чэмпіёнскі!

— Я сваё ўсё роўна вазьму! — дакляраваў ён тады.

І ўсе наступныя гады трапляў на рэспубліканскія «Дажынкі». Праўда, на трэція месцы. І тут часам фатальна не везла. У 2011-м, каб стаць другім, не хапіла ўсяго… 4 тоны.

Затое ў наступным годзе з самага старту як захапіў лідэрства, так і не ўпусціў яго да канца: 1000 тон, 2000 тон … Да 3000 не дацягнуў зусім мала, не па сваёй віне, проста жніво закончылася. Але і гэтага хапіла, каб вярнуць сабе чэмпіёнскі тытул, страчаны сем год таму.

Перамога Уладзіміра Лаўцэвіча тым больш уражвала, што яе дабіўся не на хвалёных замежных агрэгатах, якіх нямала ў вобласці, а на родным гомсельмашаўскім КЗС-1218.

— Добрую машыну зладзілілі, — хваліць ён канструктараў і рабочых прадпрыемства. — Гэта ж во якая палегліца пасля ўрагану, а бярэ чысценька, гладка, што цырульнік стрыжэ! На вуліцы горача, 33 градусы, а ў кабіне халадок — кандыцыянер. Ці б мы вытрымалі іначай?

І ці б былі тыя рэкорды?!...

Асобная гаворка — пра памочнікаў Лаўцэвіча. Першае чэмпіёнства на збожжавай ніве ён узяў з Уладзімірам Шульгатам, студэнтам, сынам дырэктара райаграсервіса Мікалая Шульгата. Потым сезон у яго быў Андрэй Пінчук, сын старшыні райвыканкама Алега Пінчука, летась — Павел Шульгат, сын дырэктара ПМК меліявадгаса. Звярніце ўвагу, сыны адных начальнікаў. Ды яшчэ якіх!?... Думаеце, ім Лаўцэвіч даваў спачынку ці палёгку? Неаднойчы даводзілася бачыць, як хлопцы да сёмага поту завіхаліся ля агрэгатаў, рыхтуючы камбайны да работы. Вось так докшыцкія начальнікі не на начных дыскатэках, а ў нялёгкай хлебаробскай працы выхоўваюць сваіх дзяцей! Ці не прыклад для іншых?!

Два гады ў Лаўцэвіча хадзіла ў памочніках старэйшая дачка Віялета, тады студэнтка Універсітэта культуры. І бацька таксама не даваў ёй спуску. Мала таго, што выконвала ўсё, як і іншыя, але і ўлік вяла яшчэ. А сёлета ўпершыню ён абышоўся без памочніка.

— Цяжкавата было, — прызнаецца. — Усё-такі і ля камбайна перад выездам ў поле даводзілася «патанцаваць», і за штурвалам — без змены.

Пры памочніках, якія мелі правы, мог гадзінку-другую, з яго слоў, пакімарыць. Але нягледзячы на гэту акалічнасць, Уладзімір намалаціў 1800 тон зерня і стаў сярэбраным прызёрам на рэспубліканскіх «Дажынках» у Жлобіне.

Пасля вяртання дахаты са свята ён няшматслоўна, але з хлебаробскім гонарам мовіў:

— Працаваў, як мог, пра рэкорды і перамогі не думаў. Хлеб трэба было ўбіраць.

Дзяржава клапоціцца пра сваіх герояў. Уладзімір Лаўцэвіч атрымаў не так даўно дабротны катэдж у Докшыцах, які пабудаваў райаграсервіс. Суседзямі ў яго сталі таксама неаднаразовы ўдзельнік рэспубліканскіх «Дажынак» Аляксандр Суднік і адзін з лепшых аратых краіны Генадзь Бабіцкі.

Парадавала Уладзіміра і дачка Віялета, колішні памочнік на камбайне, выпускніца Універсітэта культуры. Яна падаравала ўнучку Эліну, якой і перадаў Уладзімір сваю прэмію за жніво.

...Цяпер знакаміты хлебароб зноў за штурвалам камбайна. Праўда, сіласаўборачнага. На кукурузе.

— У асноўным мы яе спарадкавалі, — дзеліцца ён. — Засталіся толькі пару соцень гектараў, якія пакінулі на зерне.

Дарэчы, самая першая перамога Уладзіміра Лаўцэвіча была якраз не на хлебнай ніве, а на сенажаці. І на «Дажынкі» ён трапіў першы раз за нарыхтоўку кармоў. Камбайн «Ягуар» і цяпер замацаваны за ім. Агрэгату 15 гадоў. У некаторых гаспадарках даўно спісалі іх, хутчэй з-за дарагавізны запчастак, якія бываюць на вагу золата. Уладзімір і тут ідзе па свайму шляху. Як заўзяты рацыяналізатар, ён разбірае зімой агрэгат «па костачках» і замяняе зношаныя дэталі ўласна вырабленымі. Аднойчы нават вытачыў дэфіцытную ўтулку з латуннай гільзы снарада!.. Затое па кукурузным полі «Ягуар» ходзіць, нібыта гуляючы.

— Віртуоз, — з захапленнем дае ацэнку дырэктар райаграсервіса Мікалай Шульгат,  гледзячы на работу Лаўцэвіча.

Уладзімір САУЛІЧ, “БН”

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter