Уладзімір КАРЫЗНА: “Сапраўдных паэтаў шмат не бывае...”

“Паэзіі без шчырасці, адкрытасці, нават у чымсьці наіўнасці не можа быць. Усё геніяльнае — простае і ў той жа час глыбокае, як сама прырода... Сапраўдны паэт спасцігае гэтую глыбіню, перадае словамі сутнасць прыроды... Калі піша вершы, ён усяго сябе раскрывае людзям, як самым блізкім сваім сябрам. Таму што калі ён так не раскажа, то слухаць не будуць, чытаць не будуць...”

Гэтыя словы належаць вядомаму беларускаму паэту заслужанаму дзеячу культуры Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Карызну. Ён — адзін з аўтараў Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі прафсаюзаў Беларусі, узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. Ім выпушчана каля трыццаці кніг, сярод якіх “Жураўліны досвітак”, “Святло ліўня”, “Цеплыня”, “Цішыня баразны”, “Музыка ў свеце” і іншыя.
На яго вершы пісалі музыку лепшыя беларускія кампазітары: Ю.Семяняка, Я.Глебаў, Д.Смоль-скі, І.Лучанок, Э.Ханок, Л.Захлеўны, У.Карызна-малодшы. Многія з песень увайшлі ў залаты фонд беларускай культуры. Гэта “Маміна вішня”, “Люблю цябе, Белая Русь”, “Азёры дабрыні”, “Зорачка мая”, “Калі цябе сустрэў упершыню”.
Паэт і сам піша музыку, ён — аўтар больш чым пяцідзесяці песень. Некаторыя з іх упрыгожылі рэпертуар Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.І.Цітовіча.
Пра што б ні пісаў Уладзімір Іванавіч, усё прапушчана праз яго прамяністую душу, свеціць чыстым святлом, гучыць усхвалявана і натхнёна, моцна і па-карызнаўску палымяна. Ён выдатна чытае свае творы, даносячы мяккім тэмбрам голасу ўсе інтанацыі сваіх музычных вершаў. У гарачым сэрцы сваім захоўвае ён вастрыню ўспрымання жыцця і паэтычную ўражлівасць.
У яго новай кнізе “Доля Русь наша Белая” сярод многіх шчырых, спавядальных вершаў і паэм ёсць прызнанне Янку Купалу. Аб тым, як уплывае на людзей слова сапраўднага паэта, сказана вельмі дакладна: “Яно не раніць — Яно ачышчае. Яно — як світанне Таемнае кожны раз...”
Пра тайну творчасці і многае іншае Уладзімір Іванавіч дзеліцца сваімі думкамі:
* Мой бацька быў шафёрам, вазіў Твардоўскага, ведаў на памяць усяго “Васіля Цёркіна”. Дзядуля па мамінай лініі — Канстанцін Захарэвіч — быў кавалём. Акрамя таго, сам рабіў музычныя інструменты і іграў на скрыпцы. Такі быў выдумшчык! У яго нават замок на дзвярах адкрываўся толькі тады, калі два з паловай разы прагучыць мелодыя. Другі мой дзед таксама іграў на скрыпцы.
Паэзія падобная на музыку. Яна настолькі тонкая, глыбінная, што не пішацца, а іграецца!.. Яна, зразумела, з’яўляецца цяжка: гэта як ураджай сабраць... І ў той жа час — як на скрыпцы сыграць: не кожны зможа, гэта тонкая праца душы.
* Каб пісаць, павінна быць патрэбнасць. І ў той жа час пісаць павінен той, хто можа гэта рабіць. Паэт — уладар дум, філосаф, мысліцель. Узяць, напрыклад, Някрасава ў рускай паэзіі ці Купалу ў беларускай. Яны прайшлі шлях перажыванняў, пакут, узрушэнняў, спасціглі гэтую навуку жыцця — і атрымалі права дзяліцца ёю з чытачом. Паэт — гэта перш за ўсё добры, разумны чалавек і грамадзянін. Сапраўдная паэзія — заўсёды адкрыццё.
* Сапраўдных паэтаў шмат не бывае. Калі ўсіх, хто піша, прылічаць да паэтаў, значыць, размываць само паняцце паэзіі. І чытач будзе падмануты, бо мозг чалавека слабее, прывыкаючы да таго, што прасцей для ўспрымання.
Графаманаў мне чытаць нецікава, яны жыцця не ведаюць. Паэзія — гэта пачуццё, жывое, трапяткое, а там усё выдуманае, халоднае, падробнае. Для мяне кожны радок — як гарачыя вугалькі, як вочы дзявочыя, якія спаць не даюць...
Мне, напрыклад, вельмі падабаецца Блок. Перад яго цыклам вершаў “Кармэн” я гатовы не толькі зняць шапку, але і пакланіцца, таму што там ёсць лёс. Ці вазьміце вершы Пушкіна, Лермантава, любога класіка... Там жа музыка! Там цудоўныя метафары, вобразнасць і эпітэты — не выдуманыя, а перажытыя. Скажам, у Ясеніна — якая глыбіня, захапленне, якая яркая мова! Адразу хвалюешся, перахоплівае дыханне! Яго “Ганну Снегіну” я магу перачытваць шмат разоў.
* Навучыць пісаць вершы нельга. Паэзія — гэта загадка. Калі чалавек піша для сяброў і знаёмых — няхай піша на здароўе! Але далёка гэта няхай не ўносіць. Не трэба ісці туды, куды не след. Вы любімыя там, дзе вас любяць... А калі чалавек лічыць, што гэта яго шлях, няхай звернецца ў літаратурны часопіс і пакажа свае вершы прафесіяналу, паслухае парады майстра.

* Дзе паэт, там і кніга. Добрую кнігу нічым не заменіш. Мы — беларусы, і нашу Белую Русь можна назваць шчаслівай, таму што яна мае багатую спадчыну, балады, Купалу, Коласа, Багдановіча, Танка, Куляшова, Панчанку... Іх творы — гэта і ёсць сэрца Радзімы.
Кажуць, у кожнага паэта ёсць свае чытачы, а ў кожнага чытача — свае паэты. Я назваў бы гэта гармоніяй адносін. Цудоўная краіна, дзе гэта існуе. Тут хочацца жыць. Такую краіну можна назваць Маці.
Памятаю, я выступаў у Англіі ў Кембрыджскім універсітэце, чытаў свае вершы, “Авэ Марыю” Танка, спяваў песню “Пасею гурочкі...” і ўбачыў на вачах у слухачоў слёзы. У той момант я яшчэ больш востра адчуў родную Беларусь, краіну, вялікую сваімі сынамі і дочкамі, сваёй культурай.
* Але бываюць у жыцці такія ўзрушэнні, пасля якіх чалавек (хоць не слепне і не глохне) не ведае, што рабіць. Так здарылася і пасля развалу Савецкага Саюза. Штосьці зламалася ў душах... Дзе настаўнікі з гарачымі сэрцамі, якіх цікава слухаць? Дзе бібліятэкары, якія могуць расказаць пра кнігу так, што хочацца залпам яе прачытаць? Дзе тыя людзі, гатовыя змагацца за кожнага вучня і чытача, за ідэю, за літаратуру, за прыгажосць — за нашу будучыню?..
* Памятаю, у дзяцінстве такі быў голад, што хоць апілкі еш, але бацькі цярпліва пераносілі цяжкасці, а мы гэтаму вучыліся ў іх. І цяпер мне хочацца сказаць людзям: жывіце мірна, спакойна, не ганіцеся за грашамі... Багацце і раскоша забіваюць талент, гуманнасць, усё добрае ў чалавеку. Вядома, дрэнна быць жабраком, але і вельмі багатым быць не лепей... Заўсёды, ва ўсе часы паважалі тых, хто дзяліўся... І майстры культуры таксама павінны дзяліцца лепшым, што ў іх ёсць.
* Што мы цяпер назіраем у песні? Адны аддаюць перавагу старому, праверанаму часам рэпертуару, іншыя слухаюць сучасныя песні. Але ў сучасных не заўсёды ёсць талент, творчасць, прафесіяналізм. Часта гучаць песні аўтараў, якія не валодаюць музычнай граматай, гармоніяй, паліфаніяй. Узялі зададзены рытм, злёгку памянялі мелодыю — і песня гатова! Шоу-бізнес прымае такі “прадукт”, і чалавеку, які называе сябе кампазітарам, падабаецца так працаваць. Толькі вось бяда: гэтым ён не выхоўвае слухача, і ў яго справе няма прыгажосці. А музыка сапраўдных кампазітараў не запатрабавана.
Песня павінна дапамагаць людзям быць людзьмі, а не разбэшчваць іх. Няўжо гэтая папса, “папсіна”, якая выкідваецца ў эфір і на экраны тэлевізараў, гаворыць нам штосьці пра жыццё, пра святое? Не, яна толькі забруджвае нашы душы.
* Цяперашнія песенныя музыка і тэксты вымушаюць жадаць лепшага. Патрэбны мудры прафесіянальны адбор. Павінна быць музычная і літаратурная рэдакцыі на радыё і тэлебачанні, як раней. Тады будзе вышэйшая мастацкая значнасць нашай нацыі. А калі спяваюць два безгалосыя ды яшчэ атрымліваюць у падарунак машыны... Гэтага ж нельга рабіць! Шаляпін за дрэннае выкананне мог выгнаць музыканта з аркестра ці нават ударыць, паколькі лічыў, што, даючы людзям дрэннае, мы іх псуем, знішчаем. І лепш аднаго пакараць, каб тысячы не пацярпелі. Гэта, можа, груба, але не бязглузда.
А як жа шмат у нас па-сапраўднаму добрых песень! “Ты мне вясною прыснілася” Семянякі на словы Шушкевіча — вось дзе душа, якая замірае, дыхае, гарыць!.. Песня — вялікая сіла, яна павінна быць перашкодай на шляху зла.
* Музыку і песенныя тэксты могуць пісаць адзінкі, абраныя лёсам людзі. Вось Дабранраваў, які цудоўны паэт! Яго “Белавежская пушча” на музыку Пахмутавай — гэта шэдэўр! І песня “Нежность” таксама... Я не магу зразумець, як ён змог так напісаць: “Опустела без тебя земля... Как мне несколько часов прожить?..” А гэтыя паўзы, быццам перабой дыхання: “Так же пусто на земле... одной... без тебя...” Слухаеш — і хвалюешся! Гэта песня, як храм, у які ўвойдзеш — і станеш іншым, сапраўдным.
* Чалавек фарміруецца ў першую чаргу краінай, зямлёй, гісторыяй. У бібліятэках, у кнігарнях, праз радыё і тэлебачанне ён выхоўваецца. Нам нельга забываць тое святое, вялікае, геніяльнае, над  чым  працавалі  вялікія Скарына, Сімяон Полацкі, беларускія пісьменнікі-класікі, нашы кампазітары... Яны ж з веку ў век цягнулі сетку з крупінкамі духоўных каштоўнасцей, з тымі залацінкамі з акіяна цывілізацыі — старажытнага, цяжкага, глыбокага — і выцягнулі наш лёс, наша жыццё. І я перакананы: калі мы не будзем захоўваць і памнажаць сапраўдную культуру, нашы дзеці і ўнукі нам гэтага не даруюць.

Паэтычны падарунак ад Уладзіміра КАРЫЗНЫ Два санеты Песня — душа народа.

  Рыгор Шырма

Па нашай песнi “тамагаўкі”
б’юць —
Рок-музыкі  пачварная навала.
Той песні, што нас вечна
ратавала,
Апомніцца чужынцы не даюць,

Бо знаюць, што яна для нас
з табой,
Як знак зямлі, красы людской
і хлеба,
Душа народа, чыстая, як неба
Часінай запаветнай веснавой!

Ах, яны добра знаюць мой народ:
Яго не скрышыш смутай і нягодай
У здрадны час, не разаб’еш,
як лёд,

Ліхою, ашалелаю свабодай,
Ды песню адбярыце вы
ў народа —
I можна пакарыць тады народ.


Унучцы

Мелодыю чакае чуйны слых —
На скрыпачцы сваёй зайграй жа,
Насця,
Хай па смычку збяжыць мне
ў сэрца шчасце
Хоць на кароткі вечаровы міг...

Так летуценна граеш ты
накцюрн —
Якое бліскавічнае імгненне,
I дорыць яго мілае натхненне
Тваіх святых і самых чулых струн!

Душу не ўзрушыць яркае радно —
Зварушваеш ты родныя святыні,
Якія д’ябал апусціў на дно.

Чаруеш у вячэрняй звонкай сіні,
I зоркі, як прыгожыя вяргіні,
Табе кідае вечар у акно.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter