V Мінскі міжнародны Калядны оперны форум прайшоў у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі

Уладзімір Грыдзюшка: “Служыць у тэатры і тэатру — падабаецца”

У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі пад заслону 2014 года па традыцыі праходзіла Вялікае свята — V Мінскі міжнародны Калядны оперны форум.
У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі пад заслону 2014 года па традыцыі праходзіла Вялікае свята — V Мінскі міжнародны Калядны оперны форум. У гэтыя ж дні ўпершыню ў краіне на Мінскім міжнародным Калядным конкурсе вакалістаў паказвалі сваё майстэрства 155 выканаўцаў з розных краін свету.

Калядны форум адкрываўся прэм`ерай “Паяцы” Руджэра Леанкавала ў пастаноўцы Міхаіла Панджавідзэ.  У ролі Каніа — народны артыст Грузіі Тэймураз Гугушвілі
Калядны форум адкрываўся прэм`ерай “Паяцы” Руджэра Леанкавала ў пастаноўцы Міхаіла Панджавідзэ. У ролі Каніа — народны артыст Грузіі Тэймураз Гугушвілі

У які раз з задавальненнем канстатуем: гэта было найярчэйшае свята оперы, якую так любяць і шануюць мінчане. У тыя снежаньскія дні напярэдадні Калядаў і Раства Вялікі тэатр Беларусі прадставіў публіцы свае прэм’еры, прычым опера “Паяцы” Руджэра Леанкавала ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра Міхаіла Панджавідзэ гучала двойчы. У адным з саставаў партыю Каніа выканаў Тэймураз Гугушвілі, народны артыст Грузіі, Кавалер ордэна Гонару Грузінскай рэспублікі, саліст Тбіліскага акадэмічнага тэатра оперы і балета, лаўрэат шматлікіх прэмій і, як яго называюць паклоннікі, “залаты тэнар” сусветнай оперы. (У другім саставе — Сяргей Франкоўскі, народны артыст Беларусі). І ў іншых спектаклях форуму прымалі ўдзел зоркі буйной велічыні. У “Пікавай даме” Пятра Чайкоўскага — Ірына Багачова (Графіня), народная артыстка СССР, знакамітая прыма рускай оперы з Санкт-Пецярбурга. У “Рыгалета” Джузэпэ Вердзі — Уладзіслаў Гарай (герцаг Мантуанскі), заслужаны артыст Украіны. У Камернай зале імя Ларысы Александроўскай ярка гучалі дзве прэм’еры Міхаіла Панджавідзэ “Служанка-пані” Дж. Пергалезі і “Капельмайстар” Д. Чымарозы. Ну, а фінальны канцэрт “Маладыя галасы сусветнай оперы”, пасля якога былі аб’яўлены пераможцы конкурсу, і Гала-канцэрт, што завяршыў свята, умацаваўшыя, як выказаўся генеральны дырэктар тэатра, Уладзімір Грыдзюшка, дух творчасці, падарылі і артыстам, і публіцы радасць зносінаў з сусветнымі шэдэўрамі. Дадалі б: і вялікага духоўнага яднання. Калі ў фінале Гала-канцэрта гучала “Малітва” Л. Мардзагалія ў выкананні ўсіх удзельнікаў, у зале ледзь стрымлівалася тое вялікае пачуццё яднання з чымсьці узвышаным і цудоўным, што не паддаецца славеснаму апісанню, якое потым вырвалася ў авацыях і крыках “брава”. І, вядома ж, мы таксама радаваліся, апладзіравалі, зведваючы заха­пленне і ўдзячнасць арганізатарам гэтага свята. 

З гэтымі ж адчуваннямі, якія доўга яшчэ будуць помніцца, мы і прыйшлі на гутарку з Уладзімірам Грыдзюшкам. Бо хто, як не ён, ведае ўсё пра даручаны яму тэатр. Дарэчы, на пачатку студзеня генеральны дырэктар Вялікага тэатра, удастоенага гонару стаць лаўрэатам прэміі “За духоўнае адраджэнне” за спектакль “Вітаўт”, у якім бліскуча адлюстравана нацыянальна-гістарычная тэматыка, прымаў высокую ўзнагароду з рук Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі. 

— Уладзімір Паўлавіч, ваша агульнае ўражанне пра Калядны форум і пра конкурс маладых выканаўцаў. Ці былі моманты, якія вас не задавольвалі і якіх хацелася б пазбегнуць, калі будзеце рыхтаваць наступны форум і конкурс?

— Каб нешта нас не задавольвала, такога не было. Хоць, як вядома, мяжы дасканаласці няма, мы будзем, улічваючы досвед, і ў далейшым удасканальвацца.

— Як асабіста вам, старшыні журы, удавалася сумяшчаць конкурс маладых вакалістаў і Калядны форум? Стамляліся?

— Работа была неверагодна напружаная. Цэлы дзень праслухоўванне, а ўвечары — спектакль. Але ўсё складвалася ўдала, і мы паспявалі заканчваць да 18.00. Памятаю, на конкурсе ў Францыі пачыналі праслухоўванне ў 10 раніцы, а заканчвалі ў 10 вечара. На першы тур там адводзілася паўтара дня, а колькасць удзельнікаў была прыкладна такая ж, як у нас. Вось і ўявіце, якое гэта было напружанне. Так што, паўтаруся, усё пазнаецца ў параўнанні. 

— Калі пачалася работа па падрыхтоўцы конкурсу вакалістаў? Колькі людзей было задзейнічана? 

— За год пачыналі. У падрыхтоўцы прымалі ўдзел многія службы тэатра, занятыя ў меру сваёй функцыянальнай накіраванасці. А ўжо незадоўга да пачатку ажыццяўлення праектаў мы нават і валанцёраў — прыцягвалі, студэнтаў з Універсітэта культуры. Ім мая падзяка. Асаблівыя словы падзякі я хацеў бы выказаць генеральнаму партнёру конкурса “Беларусбанку”.

— Напэўна, першы конкурс вакалістаў цяжка было раскручваць?

— Няпроста. Гэта адказнасць вялікая. Людзі ж, члены журы, не з Беларусі сюды едуць — з іншых краін. Запросім мы іх, а канкурсантаў не будзе. Быў я на адным такім міжнародным конкурсе, дзе было ўсяго толькі 16 чалавек. На першым туры 32 чалавекі, а потым скарацілася колькасць да паловы… Таму мы скарыстоўвалі ўсе магчымыя сродкі — і разнастайныя сайты, і накіроўвалі рассылку па розных краінах, выкарыстоўваючы свае кантакты і мемарандумы аб супрацоўніцтве з іншымі тэатрамі. А такіх — 25 па ўсёй Еўропе. Заяўкі першапачаткова паступілі ад 280 чалавек. Зразумела, што не ўсе змаглі прыехаць. Сабралася 155. А гэта шмат: аптымальная колькасць удзельнікаў — 100-120 чалавек. Першы тур у нас праходзіў цэлыя тры дні. У першым туры — вакалісты спявалі па адной арыі, у другім — па дзве, а ў трэцім — ужо гучалі вялікія сцэны са спектакляў нашага рэпертуару. Прычым, у фінале канкурсанты выступалі разам з нашымі артыстамі ў суправаджэнні сімфанічнага аркестра. Заўважу, гэта прынцыповае адрозненне Мінскага конкурсу ад іншых вакальным спраборніцтваў.

— Ці прыйшлося вам як старшыні журы пераконваць калег, каго абраць пераможцам, ці ж меркаванне ўсіх было аднадушным?

— Не прыйшлося нікога пераконваць. Абмеркаванняў не было. Працавала арыфметыка. І ўсё вырашалі галасы. У кожнага члена журы была планшэтка, з аднаго яе боку — чырвоны колер, з другога — зялёны. Усе члены журы, якія сядзяць у рад і адзін аднаго не бачаць, да моманту галасавання ўжо вызначыліся, за каго яны будуць галасаваць, ведаючы, што ў другі тур павінны прайсці 30 чалавек. Калі называлася прозвішча ўдзельніка, яны і паднімалі планшэтку. Чырвоным бокам — калі былі супраць праходжання канкурсанта ў наступны тур, зялёным — калі галасавалі “за”. А два чалавекі лічылі галасы, адзін “чырвоныя”, другі “зялёныя”. Усё проста. Як правіла, вялікіх разыходжанняў не бывае, хіба што ў адзін-два галасы. Я, як старшыня журы, магу скарыстацца сваім правам двайнога голасу. Асабліва ў тых выпадках, калі ёсць такія вынікі, як, да прыкладу, 6:6 або 7:7. Вось я і скарыстаўся ім шэсць разоў. Ну, крыўдна было б, калі б таленавітыя спевакі не прайшлі, таму мы ў паўфінале павялічы­лі колькасць удзельнікаў да 36.

— Ці ёсць у вас праекты па папулярызацыі беларускай оперы, а таксама ўраджэнцаў Беларусі, якія спяваюць у тэатрах свету?

— Артыстаў, якія выехалі за межы Беларусі, мы запрашалі і працягваем запрашаць. Прыязджалі да нас беларусы з Прагі, Браціславы. Ірына Гардзей (Марыінскі тэатр, Санкт-Пецярбург — Аўт.) у некалькіх спектаклях у нас спявала. Вось нядаўна “Тоску” выканала. І сольны канцэрт яе ўжо быў у нашым тэатры. І Іван Шупеніч (Чэшская опера — Аўт.) спяваў… Ды шмат было беларусаў. Мы адкрытыя для ўсіх, хто хоча ў нас выступіць.

— Ваш раман з операй пачаўся ў перыяд кіраўніцтва Вялікім тэатрам? Ці любоў да мастацтва абудзілася раней, можа быць, у дзяцінстве? 

— Ды я заўсёды быў да мастацтва неабыякавы. Вучыўся ў музычнай школе. Там, дарэчы, і сваю палавіну знайшоў. З Антанінай мы займаліся па класе баяна ў Светлагорску. І сын з дачкой таксама вучыліся ў музычных школах. А любіў ці не любіў мастацтва, сказаць складана. Бацькі належалі да сельскай інтэлігенцыі. Тата быў дырэктарам школы, мама– настаўніца. Вядома, яны разумелі, што музыка развівае асобу, нездарма ж у музычную школу аддалі. Пасля трэцяга класа я сабраўся кінуць заняткі музыкай, нават ноты здаў у бібліятэку, настроіўшыся на тое, што вучыцца не буду. Памятаю, бацька, ужо нябожчык цяпер, тады сказаў: “Калі не здольны, кідай”. Пасля гэтых слоў я і задумаўся, маўляў, як гэта я не здольны… Музычную школу скончыў і змяніў адукацыйны напрамак — паступіў у Педагагічны інстытут імя А.М. Горкага. А жонка пайшла ў музыцы далей: скончыла музычнае вучылішча, потым кансерваторыю. Але што цікава, сувязь мая з музычным мастацтвам працягнулася не толькі праз жонку, яна, відаць, была наканавана. Гэта я не так даўно зразумеў, калі разважаў аб супадзеннях у нашым жыцці. Будынак тэатра адкрыў­ся 10 сакавіка 1939 года. А 10 сакавіка — дзень майго нараджэння. Пра тое, што гэтыя дзве даты паміж сабою неяк узаемазвязаныя — аб тым я нават не задумваўся. І што стану генеральным дырэктарам Вялікага тэатра, падумаць было неймаверна.

У сцэне са спектаклю “Паяцы” — саліст Вялікага тэатра Расіі Сяргей Маскалькоў (Тоніа) і заслужаная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна (Нэда)
У сцэне са спектаклю “Паяцы” — саліст Вялікага тэатра Расіі Сяргей Маскалькоў (Тоніа) і заслужаная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна (Нэда)

— А цяга да лідарства ў дзяцінстве была?

— Вядома, была. У школе я — старшыня савета атрада, потым — старшыня савета піянерскай дружыны, пасля — сакратар камітэта камсамола школы, пасля — сакратар гаркама камсамола ў Светлагорску, а далей — больш, дайшоў да сакратара Цэнтральнага камітэта камсамола Беларусі…

— Чым растлумачыце такую вялікую цікавасць да оперы ў Беларусі ў нашы дні ў параўнанні з мінулым? Опера ж — мастацтва элітарнае, не такое і простае для разумення. 

— Значыць, беларуская публіка дацягвае да гэтага ўзроўню. Да таго ж мы ствараем вельмі добрую аснову для таго, каб людзі да нас ішлі. Публіка ходзіць на імёны і на назвы. А мы прыцягваем і шмат імёнаў, і назваў. Гэтыя два складнікі і даюць магчымасць збіраць нам поўныя залы гледачоў. 45 прэм’ер толькі за пяць гадоў, якія карыстаюцца папулярнасцю! Гэта, пагадзіцеся, не так мала. 

— Вам даводзіцца шмат ездзіць за мяжу. Хто з сусветных оперных зорак вам запомніўся і чым, акрамя сцэнічнага выступлення?

— Паездкі ў мяне, як правіла, звязаныя з падпісаннем пагадненняў, мемарандумаў. Але гэта і знаёмства з замежным мастацтвам, якое садзейнічае разуменню, ці ў тым напрамку і мы рухаемся. З такімі ўжо вялікімі зоркамі за мяжой мне сустракацца не даводзілася. З Марыяй Гулегінай пазнаёміўся ў Беларусі, яна сюды прыязджала. Таксама я вельмі рад свайму знаёмству і сяброўству з прыма-балерынай Нінай Ананіяшвілі. Дзякуючы гэтаму сяброўству у нас нарадзілася некалькі цікавых праектаў, у тым ліку і “Балетнае лета ў Вялікім”, і выступленне грузінскага балета. І пастаноўка балета “Лаўрэнсія”. Ніна — цудоўны чалавек, яна не толькі таленавітая, але і простая ў зносінах, абаяльная. Я рад свайму сяброўству з Андрысам Ліепай, зоркай высокага ўзроўню. Яго спектаклі ўзбагацілі наш рэпертуар. Можна і іншыя прозвішчы называць. Сустракаўся я і з кіраўніком Венскай оперы Дамінікам Мейерам, меў зносіны з ім, можа, і супрацоўніцтва наладзіцца. І хоць у нас і розныя інтарэсы, і розныя сферы, і прынцыпы, і падыходы, нешта агульнае можа быць. Узяць хоць бы Міжнародны Калядны конкурс вакалістаў, я ж ідэю з яго правядзеннем пераняў, калі быў у складзе міжнароднага журы на конкурсе вакалістаў у Францыі, у невялікім мястэчку Бардо. Двойчы там быў. А ўжо пасля першага візіту зразумеў, што нам такіх конкурсаў не хапае, што гэта важна і прэстыжна для краіны, а таксама і для людзей, перш за ўсё — вакалістаў. Дарэчы, у свеце конкурсы праходзяць для маладых выканаўцаў ва ўзросце да 30 гадоў. А да нас у большасці сваёй прыязджалі ўжо вядомыя оперныя спевакі да 35-38 гадоў. У свеце нічога падобнага няма. Калі вы заўважылі, у журы было і шмат дырэктараў тэатраў. Напрыклад, Ханс-Іахім Фрай з Аўстрыі, Ален Нона з Канады, Тадэй Едэр з Львова, Март Мік з Эстоніі… Са многімі я даўно знаёмы.

— Адкуль вытокі вашага сяброўства з Тадэем Едэрам? Ён так цёпла пра вас гаварыў на прэс-канферэнцыі перад пачаткам Каляднага форуму…

— З Тадэем мы знаёмыя шмат гадоў. Упершыню ён прыехаў у Мінск на вечар памяці Зіновія Бабія, калі я толькі стаў дырэктарам тэатра. Памятаю, як Тадэй выходзіў на сцэну, добра гаварыў пра Бабія, бо гэта быў выдатны тэнар, легенда оперы, пачынаў у Львове… Потым мы падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве. А затым я запрасіў Тадэя на Першы Калядны форум, потым на Другі і на Трэці… Цяпер ён кожны год сюды прыязджае. Ды і я неяк у адпачынку быў праездам у Львове, таксама сустракаліся. Так і завязалася наша сяброўства. І з іншымі звязаны сяброўствам. Узяць, скажам, Бахціяра Якубава з Ташкента. Разам мы арганізавалі абменныя паездкі: нашы салісты туды паехалі, іх — сюды… А гісторыя сяброўства з Азербайджанскім тэатрам пачалася з дзён культуры Беларусі ў Азербайджане. Я тады яшчэ ў Міністэрстве культуры працаваў і ўзначаліў беларускую дэлегацыю. І — як адчуваў, што жыццё маё будзе звязана з тэатрам оперы і балета: папрасіў прымаючы бок звадзіць мяне ў Азербайджанскі тэатр оперы і балета. Там і пазнаёміўся з Акіфам Туранавічам Мелікавым, дырэктарам тэатра. Таксама сяброўства завязалася. І нашы салісты оперы і балета сталі туды ездзіць, азербайджанцы — да нас. Прывозілі балет “Сем прыгажунь”. А потым мы паставілі “Сем прыгажунь” са сваёй харэаграфіяй і сцэнаграфіяй. І ў снежні 2014 года ездзілі з ім у Баку. І наша пастаноўка выклікала фурор. І калі сусветна вядомы кампазітар Арыф Мірзоеў падышоў да мяне і сказаў: “Вы паставілі тое, што калісьці было задумана Кара Караевым” (азербайджанскі кампазітар — Аўт.), мне было вельмі прыемна.

— Калі б у вас была магчымасць спяваць, каго з вядомых майстроў выбралі б ў парнеры па сцэне? І з кім з салістаў вашага тэатра палічылі б за гонар спець?

— О! Такіх шмат. Пазнаёміўся я аднойчы са знакамітым тэнарам Петэрам Дворскім. Адзін час ён быў шэфам Браціслаўскай оперы, гэта адбылося пасля таго, як сам ён перастаў пасля 50 гадоў спяваць, ва ўзросце для опернага спевака даволі маладым. Лёсы оперных выканаўцаў па-рознаму складаюцца. Голас — такая штука, якая можа знікнуць. Я яго спеў слухаў у запісах. Голас неверагоднай прыгажосці. Петэр Дворскі спяваў са многімі сусветнымі зоркамі. Марыя Гулегіна пра яго гаварыла, што Дворскі — яе самы любімы Альфрэд у “Травіяце”. З нашых артыстаў з кім бы хацеў спець? Ды з большасцю. Насця Масквіна, Аксана Волкава, Стас Трыфанаў, Валодзя Пятроў, Валодзя Громаў, Ніна Шарубіна, Ілья Сільчукоў, наш “брыльянтавы” барытон… А Эдзік Мартынюк! Такіх шыкоўных тэнараў яшчэ пашукаць трэба. А артыстызм які! Ды ён кульбіты можа на сцэне рабіць і пры гэтым спяваць! А Юра Гарадзецкі, у яго такі цёплы, рэдкі тэмбр голасу. Трупа Вялікага тэатра вельмі моцная, многія нам могуць пазайздросціць. І пра многіх, у тым ліку і пра артыстаў балета, можна гаварыць доўга. Вось паглядзіце, які зорны час цяпер перажы­вае Саша Чыжык. Цудоўная балерына. Яна многія асноўныя партыі сёння танцуе. А Люда Хітрова! Таксама цуд…

— Вы сказалі, што публіка ідзе на імёны. Таму і запрашаеце салістаў з іншых тэатраў?

— І таму таксама. Акрамя таго, гэта творчы ўзаемаабмен, у якім выканаўцы — нашы і прыезджыя — самаўдасканальваюцца. Бо ўсё добрае, паўтаруся, пазнаецца ў параўнанні. І калі беларуская публіка бачыць, што нашы выканаўцы маюць моцныя, яркія галасы, то яна, вядома ж, будзе імі ганарыцца. 

— Якія ў оперных зорак райдары? Чаго яны патрабуюць, калі вы іх запрашаеце спяваць у тым ці іншым спектаклі? Змаглі б падарыць мінчанам Хварастоўскага ці Нятрэбку?

— Нашы зоркі, якіх мы запрашаем, не патрабуюць нічога звышнатуральнага. А беларуская гасціннасць вядомая. Мы заўсёды сустрэнем у аэрапорце, арганізуем і пражыванне ў выдатным гатэлі “Беларусь”, і харчаванне... Падчас Каляднага форуму кагосьці размяшчалі ў гатэлі “Мінск”, кагосьці ў гатэлі “Вікторыя”. Члены журы жылі ў “Беларусі”. І з транспартам нам дапамагалі нашы партнёры. Марыя Гулегіна, калі прыязджала, жыла ў “Свіслачы”, цяпер гэта “Grand Plaza”. Ні да сцэны, ні да грымёрных у прыезджых артыстаў ні разу не было прэтэнзій. І калі яны пакідаюць Мінск, выказваюць толькі словы падзякі. І Хварастоўскі ў нас не раз бываў. На “Славянскі базар” прыязджаў… Але ці ёсць неабходнасць ствараць ажыятаж вакол вядомых імёнаў? Зала ў нас не такая ўжо вялікая… І потым, фінансы нам патрэбныя на ажыццяўленне новых праектаў.

— А тых, хто прыязджаў на конкурс вакалістаў, дзе рассялялі?

— Тэатр не займаецца рассяленнем канкурсантаў. Дарогу, харчаванне і пражыванне вакалісты аплачваюць самі. Такая сусветная практыка ўдзелу ў конкурсах. Дарэчы, канкурсанты яшчэ і ўступны ўзнос плацяць. А ў тых, хто ўвайшоў у паўфінал, ужо ёсць бонусы — харчаванне. Што прыемна, ні аднаго пакрыўджанага канкурсанта я не сустрэў. Усе, ад’язджаючы, дзякавалі. Для ўсіх вакалістаў мы прадаставілі ўваходныя білеты на спектаклі Каляднага форуму. І члены журы, тыя, якія былі ў нас упершыню, таксама выказвалі падзяку, гаварылі, што нічога падобнага яны не сустракалі ў іншых краінах.

— Які праект для вас самы любімы ў вашым тэатры? Або ўсе любімыя?

— Праекты як дзеці ў сям’і: усе любімыя. Гэта і Вялікі баль у Вялікім тэатры, вечары Вялікага ў рэзідэнцыі Радзівілаў, Рускія сезоны, Міжнародны Калядны оперны форум і конкурс вакалістаў, які нядаўна завяршыўся. Не сумняваюся, ён стане традыцыйным. І Балетнае лета ў Вялікім… А як можна не любіць наш часопіс “Партер”? Або недаацэньваць новы праект “Вялікая энцыклапедыя Вялікага тэатра Беларусі”? Гэта ж шэдэўр! 

— Раскажыце пра піяры вашых праектаў?

— Кожны праект, безумоўна, трэба раскручваць. І кожнае імя. З дапамогай рэкламы, тэлебачання ды іншых сродкаў масавай інфармацыі. А як інакш? Некаторыя нашы праекты ўжо ў гэтым не маюць патрэбы. Да прыкладу, на Навагодні баль ужо ў верасні няма білетаў. Ды і Калядны форум таксама раскручаны. І вечары ў рэзідэнцыі Радзівілаў. Але напярэдадні кожнага з гэтых праектаў мы ўсё роўна імкнёмся задзейнічаць усе магчымыя сродкі масавай інфармацыі для таго, каб пра іх нагадаць. 

— Якія прэм’еры чакаюць нас у 2015 годзе? Чым збіраецеся ашаламіць публіку?

— Мы ўжо столькі ашаламлялі, што гэтая задача перад тэатрам цяпер не стаіць. Важна выпускаць якасную прадукцыю. Што датычыцца прэм’ер, то чакайце оперы “Царская нявеста” і “Кармэн”, балет Эйфмана “Ганна Карэніна”…

— Колькі людзей у вас у падначаленні? І ці падабаецца вам быць дырэктарам Вялікага тэатра? Што адчуваеце, калі прыходзіцца выходзіць на сцэну, як гэта было пасля Гала-канцэрта? Вы выйшлі і сказалі: “Вось і ўсё!”

— Больш за тысячу чалавек працуе ў тэатры. Адзін толькі сімфанічны аркестр — 150 чалавек. Балет — 120, салісты оперы — 70, хор — 70. І мастацка-пастановачная служба… І сваё грамадскае харчаванне ў нас ёсць. І невялікая адміністрацыйна-кіраўнічая служба…. А служыць у тэатры і тэатру — падабаецца апрыёры. Наогул, мне працаваць падабаецца, дзе б ні працаваў. Прызнаюся, на сцэну я выйшаў не без задавальнення. Паколькі пераважным пачуццём у той момант было пачуццё выкананага доўгу. Таму і радасць вялікую я адчуваў. Бо ўсё было зроблена так, як задумана.

Гутарылі Валянціна і Іван Ждановічы
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter