Уладзімір Федасеенка: паміж былым і сучасным

ЁН НАРАДЗІЎСЯ ў звычайнай беларускай вёсцы. І з самага дзяцінства яго акружала прырода, якую ён ніколі не пераставаў вывучаць і спасцігаць. «Для таго каб па-майстэрску адлюстраваць прыроду словам, трэба адчуваць і любіць яе, як нешта жывое», — лічыць пісьменнік Уладзімір Федасеенка.

Як сялянскі хлопчык са жлобінскай вёскі Мормаль стаў пісьменнікам.

ЁН НАРАДЗІЎСЯ ў звычайнай беларускай вёсцы. І з самага дзяцінства яго акружала прырода, якую ён ніколі не пераставаў вывучаць і спасцігаць. «Для таго каб па-майстэрску адлюстраваць прыроду словам, трэба адчуваць і любіць яе, як нешта жывое», — лічыць пісьменнік Уладзімір Федасеенка.

ДАВЕДКА «БН»

Аўтар шматлікіх апавяданняў і такіх раманаў, як «Дубовая града» (1985), «Віхры на скрыжаваннях» (1970),

«Пасля смерчу» (1975),

«Мутныя росы» (1999),

член Саюза пісьменнікаў,

кавалер ордэнаў Чырвонай Зоркі, Вялікай Айчыннай вайны І ступені, узнагароджаны медалямі «Партызану Вялікай Айчыннай вайны І і ІІ ступені», Францыска Скарыны.

Ганаровы грамадзянін Жодзіна

і проста добразычлівы чалавек

Уладзімір Канстанцінавіч 22 красавіка адзначае 85-годдзе.

Нарадзіўся Уладзімір Федасеенка ў вёсцы Мормаль Жлобінскага раёна. Пасля васьмі класаў пачаў пісаць вершы, але саромеўся каму-небудзь іх паказваць. Пачалася вайна — і ўсё жыцце пайшло, здавалася, зусім іншым шляхам. На гэты час трэба было забыцца на вершы — не было ні алоўка, ні паперы, ні вольнага часу. З пачатку ліпеня 1941 года пятнаццацігадовы юнак стаў разведчыкам Жлобінскага знішчальнага батальёна. Аднойчы, пры выкананні даручанага задання, трапіў у палон. Пісьменнік успамінае: «Калі я ішоў у разведку, на дарозе спыніў немец. Наставіўшы на мяне аўтамат, загадаў падняць рукі і паказаў, куды ісці. Каля дарогі, на полі, ляжалі забітыя, а тыя фашысты, якія выжылі ў начной сутычцы, капалі зямлю. Мне немец паказаў на невялікую яму — і я зразумеў, што ўжо не ўратавацца, бегчы не было куды, вакол — голае поле. Аднак у гэты момант пад’ехала легкавушка, з якой выйшаў генерал. Усе немцы кінуліся да яго, а я так і застаўся стаяць з паднятымі рукамі. Калі генерал агледзеў наваколле, мяне пасадзілі ў машыну і павезлі ў месца, куды я накіроўваўся ў разведку. На допыце казаў, што ішоў да цёткі. Мяне пасадзілі да іншых палонных. Аднойчы, калі нас перавозілі ў іншае месца, машына перагрэлася. Мяне паслалі набраць вады са студні. Пакуль немцы не бачылі, кінуўся бегчы з усіх ног у бок лесу. Так здолеў уцячы з палону…»

З 1941 года Уладзімір Федасеенка стаў партызанам атрада «Смерць фашызму», а з вясны 1943-га — камандзірам дыверсійнай групы партызанскага атрада імя Жукава брыгады імя Панамарэнкі. У лістападзе 1943 года быў паранены. Пасля лячэння вярнуўся на малую радзіму. «Дом не захаваўся — яго спалілі немцы, бацька быў на фронце, а маці з меншымі дзецьмі — у эвакуацыі. Дапамогі чакаць не было адкуль, — успамінае Уладзімір Канстанцінавіч. — Атрымоўваў грошы за медалі, 35 рублёў у месяц, але трэба было вучыцца ці ўладкоўвацца на працу».

Будучы пісьменнік вырашыў ажыццявіць задуму дзяцінства — стаць мараком. Паступіў у Гомельскі рачны тэхнікум, але да мора было далёка, таму ўладкаваўся ў Гомельскі абкам камсамола.

— Аднойчы мне спадабалася прыгожая дзяўчына. Мы з ёю пасябравалі, хадзілі на канцэрты, вечарыны. Але я разумеў, што трэба дабіцца большага ў жыцці, каб ствараць сям’ю. Узяў камандзіроўку і паехаў у Мінск. Здаў экзамены ў юрыдычны інстытут…

Пачалася вучоба ў ВНУ, праўда, працягвалася нядоўга. Праз год з’явілася магчымасць паступіць у Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ, але туды не бралі студэнтаў. Таму Уладзімір Федасеенка забраў дакументы з інстытута.

«Аднойчы, калі я ўжо закончыў партыйную школу, выклікаў мяне Пётр Машэраў і прапанаваў стаць загадчыкам сектара маладзёжнага друку ЦК ЛКСМБ. Я, безумоўна, згадзіўся, — расказвае пісьменнік. — На гэтай пасадзе працаваў два гады, пасля чаго зноў Пётр Міронавіч прапанаваў стаць сакратаром абкама камсамола ў Маладзечна. Але я адмовіўся, сказаў, што хачу пісаць і мяне могуць узяць загадчыкам аддзела ў «Мінскую праўду».

Тады Машэраў прапанаваў заняць пасаду адказнага сакратара і намесніка рэдактара газеты «Піянер Беларусі». Менавіта адсюль і пачынаецца шлях Уладзіміра Федасеенкі як пісьменніка. Больш пяцідзесяці гадоў Уладзімір Канстанцінавіч прысвяціў творчай працы. У некаторых творах ён зноў і зноў вяртаецца да ваеннай тэматыкі, не ўпускаючы ніводнага пражытага моманту, пачуцця, эмоцыі. Яго творы — гэта напамін пра былыя гады, ваеннае ліхалецце, пасляваенныя цяжкасці.

Зараз Уладзімір Федасеенка жыве ў Мінску разам з жонкай Лізаветай Аркадзьеўнай. Яго сын Аляксандр стаў доктарам — працуе загадчыкам аператыўнай хірургіі ў Другім радзільным доме.

На пытанне «Што вы можаце пажадаць маладым пісьменнікам?» Уладзімір Канстанцінавіч адказаў: «Хачу пажадаць не толькі пісьменнікам, а і ўсім людзям: павагі і любові адно да аднаго».

Кацярына ДУБОЎСКАЯ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter