Уладарыла муза

«Жнівеньскі зарапад» — такую назву мела літаратурнае свята, што прайшло ў Добрушы і было прысвечана Году кнігі...

«Жнівеньскі зарапад» — такую назву мела літаратурнае свята, што прайшло ў Добрушы і было прысвечана Году кнігі.

 Арганізатары — раённы аддзел культуры і калектыў цэнтральнай бібліятэкі — нездарма назвалі яго фестывалем. На кніжнай выставе, падрыхтаванай бібліятэкарамі з нагоды свята, у паэтычна-музычным фэсце апрача 15 пісьменнікаў-землякоў, прымалi ўдзел выхаванцы школы маладога літаратара, што дзейнічае пры абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі, члены літаратурных аб’яднанняў Гомельскага, Добрушскага, а таксама расійскіх Злынкаўскага і Навазыбкаўскага раёнаў.

Удзельнiкаў шчыра віталі са сцэны Палаца культуры імя Куйбышава начальнік райаддзела культуры Рыгор Козыраў, настаяцель Свята-Мікалаеўскага храма айцец Аляксей. Дарэчы, кіраўнік культурнай сферы Добрушчыны не толькі зычыў творцам часцей сустракацца з музай, але і сам задаў тон літаратурнаму «марафону», прачытаўшы пародыі і афарызмы з уласнай кнігі «Подсмотрено у жизни». Затым эстафету перахапілі госці свята: са сваімі новымі творамі пазнаёмілі слухачоў драматург і празаік Васіль Ткачоў, паэты Міхась Башлакоў, Іван Бісеў, Тамара Кручэнка, Міхась Болсун, Вольга Астапенка і іншыя аўтары. З музычнай імпрэзай на свяце выступілі члены навазыбкаўскага клуба «Гитарные посиделки». Дарэчы, у тым, што літаратурная Муза — родная сястра МУЗыкі, пераканалі прысутных і самадзейныя кампазітары гамяльчанкі Валянціна Каралёва і Ліна Кастэнка, якія падаравалі фестывальшчыкам песні, напісаныя на словы пісьменнікаў-землякоў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter