Асцярожна: у краiне ўжо з'явiлiся першыя пацярпелыя ад баршчэўніку Сасноўскага

Укол парасонам

У Мінску працягваюць весці баі з баршчэўнікам Сасноўскага: поспехі ёсць, але поўную вікторыю пакуль святкаваць рана. Між тым ужо звяртаюцца па медыцынскую дапамогу першыя пацярпелыя, якіх апякла ядавітая расліна. Карэспандэнт «Р» разбіралася ў цяжкасцях барацьбы з баршчэўнікам.

Галоўнае — не дапусціць цвіцення!

Расліна інвазіўная, гэта значыць, завезеная на нашы землі. Радзімай яе лічыцца цэнтральная частка Паўночнай Амерыкі. У саўгас «Лошыца» баршчэўнік завезлі ў сельскагаспадарчых мэтах: расліна дае шмат зялёнай масы, яе планавалі нарыхтоўваць на сілас. Аднак хутка высветліліся дзве рэчы: малако кароў, якіх кармілі баршчэўнікам, горкае, а пазбавіцца агрэсіўнай расліны не так проста.

— Адзін парасонік баршчэўніку дае да 1000 насення, — расказвае Анжаліка Пузанкова, кіраўнік службы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб’ектаў гарадской гаспадаркі УП «Мінскзелянбуд». — Засухі не баіцца: ён валодае доўгім каранём, які здольны глыбока знаходзіць вільгаць.

Ад прыгожай і нават апетытнай на першы погляд расліны церпяць і людзі, і навакольнае асяроддзе. Агрэсіўны баршчэўнік Сасноўскага выцясняе і заглушае ўсё навокал. Яго сок выклікае сур’ёзныя апёкі: ён утрымлівае рэчыва, якое трапляе на скуру нават пры лёгкім дотыку і робіць яе вельмі адчувальнай да ўльтрафіялету. Пад уздзеяннем сонечнага святла і атрымліваюцца апёкі. Небяспечныя ўсе часткі расліны: лісце, сцябло, плады. Гояцца апёкі доўга, могуць пакінуць плямы і рубцы. Апёк баршчэўнікам адносіцца да хімічных, таму звыклыя супрацьапёкавыя сродкі не дапамогуць. 

Зразумела, такому агрэсару ў горадзе не месца. Між тым на сённяшні дзень ён расце на 138 гектарах. Асноўныя плошчы размешчаны ўздоўж ракі Лошыцы на тэрыторыі Ленінскага, Кастрычніцкага, Мінскага раёнаў. 

На пустцы побач з домам № 8 па вуліцы Асаналіева адзінокія парасткі баршчэўніку трапляюцца па суседству з унутрыдваровым праездам, а ніжэй і бліжэй да ракі яго проста цэлыя зараслі.

Асабліва шмат небяспечнай расліннасці на берагах ракі Лошыцы.

— Галоўнае — не дапусціць цвіцення баршчэўніку! — Анжаліка Пузанкова ведае ўсе акалічнасці барацьбы з агрэсарам. — Таму зараз актыўна змагаемся з гэтым пустазеллем. Ужываем два спосабы: хімічны і механічны. Адзінкавыя расліны выдаляем механічным спосабам: косім, выкопваем. 

Па заказе «Мінскзелянбуда» навукоўцы распрацавалі некалькі прэпаратаў. Адзін з іх можна выкарыстоўваць толькі на пустках, таму што ён выпальвае ўсе расліны наогул. Для апрацоўкі газонаў ідуць сумесі, якія ўздзейнічаюць менавіта на баршчэўнік. Пры апырскванні атрута ўбіраецца ў лісты і па сцябле даходзіць да карэння. 

Некалькі гадоў таму баршчэўнік у Мінску рос на 248 гектарах, сёння плошчы скараціліся амаль удвая, таму, на думку Анжалікі Васільеўны, вынікі барацьбы нядрэнныя:

— Кожную вясну даследуюцца тэрыторыі, якія займае баршчэўнік,  высвятляецца, дзе можна прымяніць хімічныя сродкі, а дзе варта абысціся механічнымі. Ужо апрацавана 14 гектараў у Кастрычніцкім раёне, «прахімічана» 11 з 16 гектараў у Заводскім. Праўда, эфект бачны не адразу, расліна жаўцее і высыхае паступова. Дарэчы, у гэтым годзе хімічная апрацоўка пачалася пазней, чым звычайна, з-за надвор’я. Няма сэнсу прымяняць сродкі пры тэмпературы паветра ніжэй за +8 градусаў: у такіх умовах адсутнічае актыўны абмен паміж лісцем і каранямі. Нельга прымяняць хімікаты і ў час дажджу.

Апёкі ад баршчэўніка гояцца доўга

Але святкаваць перамогу над зялёным драпежнікам яшчэ рана, бо кожнае з яго насення захоўвае ўсходжасць на працягу 10 гадоў. Добра, што насельніцтва ўжо ведае аб небяспечных якасцях расліны і асцерагаецца яе.

— Масавага паступлення пацярпелых ад апёкаў баршчэўнікам у гэтым сезоне не было, — распавялі ў апёкавым аддзяленні Мінскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. — Здарылася літаральна 2—3 выпадкі, хворым назначылі амбулаторнае лячэнне. Павелічэнне колькасці апёкаў не прагназуем: ужо агароды пасадзілі, траву пакасілі.

nevmer@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter