Пакатацца на брычцы, пагуляць у балотны футбол і патаньчыць ля замка запрашаюць беларускія фестывалі гэтым летам

Уік-энд з каларытам

Лета раней было часам насычанай працы: сенакосы, агароды, выпас жывёлы, нарыхтоўка грыбоў ды ягад. Але знаходзілі нашы продкі і магчымасць весела адпачыць. На гэты перыяд прыпадала вельмі шмат народных абрадаў, фэстаў, кірмашоў. Многа свят з нацыянальным каларытам праводзіцца летам і ў наш час. Вы яшчэ паспееце на іх трапіць.

Што: Вішнёвы фестываль

Дзе: г. Глыбокае, Віцебская вобласць

Калі: 18—22 ліпеня


Глыбокае даўно называюць “вішнёвай сталіцай Беларусі”. І калі раней хтосьці спрабаваў з гэтым паспрачацца, то пасля таго як тут пачалі ладзіць Вішнёвы фестываль, такіх ахвотнікаў не стала. Лісточкі і ягады на скульптурнай кампазіцыі “Глыбоцкая вішня” аж зіхацяць ад дотыку шматлікіх рук. У горадзе ёсць загс, які ладзіць “вішнёвыя вяселлі”, і нават Вішнёвая Каралева. Менавіта яна запрашае на афіцыйным сайце Глыбоцкага райвыканкама прыняць удзел у фестывалі, які пройдзе сёлета з 18 па 22 ліпеня.

Асноўныя падзеі адбудуцца ў Глыбокім 21 і 22 ліпеня. У праграме гэтых дзён — этнавечарына, конкурс баяністаў, “вішнёвае вяселле”, канцэрт замежных калектываў і, вядома, традыцыйнае шэсце ад тэматычнай скульптуры да цэнтральнай сцэны з удзелам той самай Вішнёвай Каралевы.

Што: VIII Міжнародны кулінарны фестываль “Мотальскія прысмакі”

Дзе: аг. Моталь, Іванаўскі раён, Брэсцкая вобласць

Калі: 12—13 жніўня


Вось ужо восьмы год гасцінныя жыхары Моталя запрашаюць пачаставацца мясцовымі стравамі ўсіх жадаючых. Ім ёсць чым здзівіць гасцей. Яшчэ ў часы атрымання Магдэбургскага права ў 1555 годзе Моталь славіўся самабытнай кухняй і шчырымі гасціннымі умелымі людзьмі: яны і жнуць, і ткуць, і печы кладуць, і размаўляюць на каларытнай мове, і гатуюць дзіўныя прысмакі. Тут і мяса ў хлебе, і каша ў гарбузе, і таркаванка з сушанымі яблыкамі, і рулька, вытрыманая ў печы некалькі гадзін. У Мінску вы такога не пакаштуеце!

Сёлета ў праграме фэсту — выстава-продаж “Горад майстроў”, тэатралізаванае прадстаўленне “Мотальская зборня”, выстава-агляд “Мотальскі кірмаш запрашае” з дэгустацыяй страў народнай кухні, “Мотальскія забаўлянкі”, канцэрты з удзелам фальклорна-этнаграфічных дзіцячых і маладзёжных калектываў, фаер-шоу і іншае. Навінкай фестывалю стане велаквэст “Па кулінарных сцяжынках мотальскіх прысмакаў”.

Што: свята “Пад знакам Лялівы”

Дзе: в. Крэва, Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць

Калі: 19 жніўня


Шмат падзей памятаюць руіны Крэўскага замка. Адна з іх — падпісанне ў яго сценах 14 жніўня 1385 года вельмі важнай для Вялікага Княства Літоўскага Крэўскай уніі. Сёння гэты гістарычны факт знайшоў адлюстраванне не толькі ў школьных падручніках, але і ў мастацкім свяце “Пад знакам Лялівы”. Ляліва — прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 350 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы.

Падчас свята ўспомняць таямніцы гісторыі, якая чынілася ў сценах некалі непарушнага Крэўскага замка, правядуць майстар-класы па народных танцах, песнях і гульнях, арганізуюць выступленні народных калектываў, пачастуюць стравамі беларускай кухні. Цэнтральнай падзеяй фэсту стане фестываль-кірмаш “Кераміка Крэва”, дзе госці змогуць даведацца пра традыцыі беларускіх рамеснікаў, навучацца вырабляць сувеніры з гліны, а таксама набудуць керамічны падарунак на памяць.

Што: Ганненскі кірмаш

Дзе: г. п. Зэльва, Гродзенская вобласць

Калі: 25 жніўня


Кірмашы ў Зэльве праводзяцца з XVI стагоддзя, калі ўдава былога гаспадара мястэчка Ганна Улініч атрымала ад караля Аляксандра Ягелончыка прывілею на іх правядзенне. Ужо ў ХVІІІ стагоддзі пра зэльвенскія кірмашы ведаў увесь свет. Яны былі аднымі з буйнейшых у Еўропе і саступалі па сваёй значнасці толькі знакамітым Лейпцыгскім. Тысячы купцоў і рамеснікаў з’язджаліся сюды з усёй Рэчы Паспалітай і іншых краін. З 2001 года, калі Ганненскі кірмаш атрымаў новае дыханне, Зэльва зноў стала збіраць вытворцаў і гандляроў.

Раней у Зэльве прадавалі пераважна коней. Будуць яны ў цэнтры ўвагі і на сёлетнім кірмашы. Кожны жадаючы зможа пракаціцца на павозцы або брычцы. Будуць арганізаваны выстава-продаж караваяў, кірмаш рамёстваў і “Горад майстроў”, разгорнецца падвор’е сельскагаспадарчых арганізацый. Аматараў добрай музыкі чакаюць выступленні калектываў з Беларусі, Літвы і Польшчы, для дзяцей — атракцыёны, а для прыхільнікаў народнай культуры — разнастайныя абрады.

Што: Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў

Дзе: г. Гродна

Калі: 26 жніўня


Штогод у раёне шлюза Дамброўка разгортваецца маштабная open air-праграма з удзелам гасцей з Беларусі, Польшчы і Літвы. Фестываль, накіраваны на пашырэнне міжнародных культурных сувязей і развіццё нацыянальных культур трох народаў, аб’ядноўвае канцэрты самабытных музыкантаў і фальклорных калектываў, выстаўкі-кірмашы народных майстроў, кулінарныя майстар-класы і дэгустацыі нацыянальных страў. У праграме свята не толькі традыцыйныя, але і нестандартныя віды адпачынку. Да прыкладу, сёлета гасцям прапануюць пагуляць у балотны футбол і сплавіцца па рацэ на самаробных суднах.

ГЭТА ЦІКАВА     

Не лапцем адзіным

У Арэнбургу — хусткі, у Туле — пернікі... А чым знакамітыя нашы рэгіёны? Прадстаўляем топ-3 месцаў, дзе можна навучыцца ўнікальным беларускім рамёствам

У гарадскім пасёлку Дрыбін Магілёўскай вобласці пакажуць, як зрабіць валёнкі. Кажуць, шапавалы з’явіліся тут у сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Так яны спрытна і ўмела валялі шапкі, рукавіцы, валёнкі, што слава пра іх дайшла аж да Амерыкі. Каб іншыя майстры не падгледзелі дрыбінскіх сакрэтаў, мясцовыя шапавалы распрацавалі нават сваю мову — “катрушніцкі лемязень”, у якой было каля тысячы слоў, зразумелых толькі дрыбінскім майстрам. Сёння ў Дрыбінскім гісторыка-этнаграфічным музеі можна не толькі расшыфраваць той “лемязень”, але і паспрабаваць сябе ў ролі шапавала.

• У гарадскім пасёлку Сапоцкін Гродзенскага раёна навучаць дэкарыраваць велікодныя яйкі. І не банальна фарбаваць іх цыбульным шалупіннем, але старанна распісваць традыцыйным спосабам. Сапоцкінскія гаспадыні наносяць з дапамогай цвіка і гарачага воску ўзор у выглядзе птушак, кветак, яловых галінак. Пасля гэтага апускаюць яйка ў фарбавальнік звычайна чорна-карычневага колеру. Фарбавальнік робяць з настою альховай кары, альховых шышак ці кары дуба. Носьбіты традыцыі нясціпла кажуць, што Фабержэ такая тэхналогія і не снілася. За майстар-класам можна звяртацца ў адчынены зусім нядаўна Музей пісанкі.

• У вёсцы Неглюбка Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці можна пераняць унікальную тэхналогію ткацтва і вышыўкі. Шматлікія вырабы мясцовых майстрых — ручнікі, посцілкі, настольнікі, фіранкі, накутнікі і іншыя прадметы інтэр’ера — вызначаюцца высокімі мастацкімі якасцямі, адметнай паліхроміяй і складанасцю арнаментацыі. На жаль, неглюбскія тэкстыльныя традыцыі знаходзяцца пад пагрозай знішчэння. Але ім стараюцца даць новае жыццё праз удзельнікаў гурткоў ткацтва. Навучыцца вырабляць знакамітыя ручнікі і іншыя тэкстыльныя вырабы сёння можна ў Неглюбскім сельскім цэнтры ткацтва і Неглюбскай СШ.

Міла Кавалёва

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter