Удзячнасць вучняў — галоўная ўзнагарода

У ліцэі БДУ ўрачыста ўшанавалі лепшых настаўнікаў краіны

Напярэдадні Дня настаўніка ў ліцэі БДУ прайшла ўрачыстая цырымонія ўшанавання прадстаўнікоў гэтай найважнейшай прафесіі. Лепшым першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Радзькоў уручыў ганаровыя граматы і падзякі.

Ён таксама агучыў віншаванні Прэзідэнта педагагічным работнікам.

Аляксандр Радзькоў звярнуўся да педагогаў з просьбай дапамагчы знайсці правільныя рашэнні ў развіцці адукацыі. Паводле яго слоў, сёння сістэма адукацыі рухаецца ў правільным кірунку. «Мы ўвялі калісьці тэсціраванне і не памыліліся, — кажа ён. — Гэта працуе. Моладзь гэта прыняла, ёй гэта цікава. Значыць, мы не толькі прафесійна спрацавалі, але і «злавілі» новы тып задач. Гэта новы крок у развіцці адукацыйных тэхналогій».

У сваю чаргу міністр адукацыі Сяргей Маскевіч адзначыў, што няма іншай такой прафесіі, акрамя прафесіі педагога, дзе ад асобы чалавека так шмат залежыць. І падкрэсліў: «Сёння мы маем права ганарыцца сваёй працай. З 50 удзельнікаў міжнародных прадметных алімпіяд гэтага года 44 вярнуліся дадому з ўзнагародамі. Прааналізаваўшы склад нашых каманд, мы ўбачылі: гэта не толькі мінчане, але і прадстаўнікі рэгіёнаў. Значыць, працуе сістэма, працуе кожны педагог. Усе яны, а гэта больш за 200 тысяч чалавек, заслугоўваюць узнагароды. Але, мне думаецца, лепшае, што можа быць для настаўніка, — гэта удзячнасць бацькоў і вучняў».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter