Удзячнасць назаўжды

Тысячы людзей прайшлі “Дарогай памяці”, пракладзенай у Брэсцкай крэпасці да плошчы Цырыманіялаў
Тысячы людзей прайшлі “Дарогай памяці”, пракладзенай у Брэсцкай крэпасці да плошчы Цырыманіялаў. Пад бліскавіцы кадраў ваеннай кінахронікі і фільма “Бессмяротны гарнізон”. Нашы землякі, госці з Расіі, краін СНД і далёкага замежжа па клічы сэрца наведалі святое для ўсіх месца, каб ушанаваць памяць чырвонаармейцаў, якія гераічна змагаліся тут. Абаронцаў Радзімы, якія сталі грудзьмі на шляху ворага 75 гадоў назад, 22 чэрвеня 1941-га. 



Роўна а 4-й гадзіне раніцы ля Вечнага агню пачаўся традыцыйны мітынг-рэквіем “Свечка памяці”, а ў 5.30 на Кобрынскім умацаванні грымнулі стрэлы ваеннай рэканструкцыі “Уварванне”. З’ехалася рэкордная колькасць удзельнікаў: больш за 500 чалавек. Гэта клубы ваенна-гістарычнай рэканструкцыі з 26 рэгіёнаў Расіі, амаль з усіх абласцей Беларусі, а таксама Украіны, Эстоніі, Латвіі, Казахстана, Японіі, ЗША, Ізраіля, Балгарыі, Іспаніі, Францыі, Польшчы. На тэатралізаваным паказе былі ўзноўлены знакавыя эпізоды абароны Брэсцкай крэпасці.

Успомнілі пра герояў, ушанавалі іх памяць і ў іншых гарадах. У Гродне ў 4 гадзіны раніцы апусцілі ў Нёман 22 яловыя вянкі з запаленымі лампадкамі. Ініцыятарам маладзёжнай патрыятычнай акцыі “Ніхто не забыты, нішто не забыта” выступіла гарадская арганізацыя БРСМ. У акцыі ўдзельнічалі не толькі актывісты маладзёжнага руху, але і многія гродзенцы, а таксама дэлегацыя з суседняй Украіны. 

У Гомелі з 6 раніцы пачалося ўскладанне кветак да месцаў абароны горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў улетку 1941-га. Некалькі аўтобусаў з моладдзю і прадстаўнікамі грамадскіх аб’яднанняў утварылі своеасаблівы караван памяці. Галоўныя прыпынкі — месцы найбольш бязлітасных баёў: у вёсцы Пакалюбічы і пасёлку Касцюкоўка. Менавіта тут салдаты і апалчэнцы Гомеля стрымлівалі танкі Гудэрыяна. 

Акцыя “Свечка памяці” прайшла ў 4 раніцы ў Докшыцах і Оршы. Затым мерапрыемствы, прысвечаныя 75-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай, перамясціліся ў аграгарадок Копці Віцебскага раёна, дзе адбылася цырымонія перапахавання астанкаў воінаў Чырвонай Арміі.

У Магілёве на мемарыяльным комплексе “Буйніцкае поле” прайшоў мітынг-рэквіем. У Буйнічах адбылося асвячэнне месца для будаўніцтва храма Нараджэння Іаана Хрысціцеля.

Аляксандр Міцюкоў 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter