Удзячнасць ад усяго сэрца

Працу медыкаў у нас раней чамусьці не было прынята хваліць. Ці то саромелiся выказваць свае эмоцыі, ці то настолькі прывыклі да даступнай меддапамогі, што ўспрымалi яе як належнае. Часцей у працы медыкаў шукалi заганы, а многiя нават давалi волю суб’ектыўным пачуццям: не так доктар паглядзеў, не тое сказаў, лечыць па-свойму, а не так, як у інтэрнэце напісана...





Таму словы падзякі людзям у белых халатах, якія зараз гучаць усё часцей, мяне, шчыра кажучы, вельмi радуюць. 

I не толькi таму, што выказваюць іх i на дзяржаўным узроўні, і звычайныя грамадзяне — мы з вамі. Падстава для прызнання заслуг, на жаль, не самая радасная: нас аб’яднала пандэмія, усіх непакоіць здароўе — уласнае, блiзкiх, знаёмых. А яшчэ баімся, што захварэюць тыя, ад каго гэтае здароўе залежыць. I cёння мы разумеем, што нашы медыкі — як на франтавой перадавой. Таму i падтрымка сапраўды народная.

Дапамогу прапануюць усе грамадскiя аб’яднанi, арганізацыi рознай формы ўласнасці, дабрачынныя фонды, звычайныя грамадзяне. Многiя пералічваюць сродкі на спецыяльныя дабрачынныя рахункі. Першы такі рахунак па просьбе не-абыякавых бізнесменаў, рэзідэнтаў ПВТ, прамысловых прадпрыемстваў і грамадзян, гатовых унесці свае ахвяраванні, адкрыла Міністэрства аховы здароўя. Справаздача аб выкарыстаннi выдаткаваных сродкаў — у вольным доступе. Ёсць падобны рахунак і ў Беларускага саюза жанчын. Нядаўна дабрачынны рахунак для дапамогі медыцынскім работнікам у барацьбе з каронавiрусам адкрыў Віцебскі гарвыканкам. Сабраныя сродкі пойдуць на харчаванне медперсаналу, набыццё неабходных сродкаў індывідуальнай абароны, лекавых прэпаратаў, вырабаў медыцынскага прызначэння. І такіх рахункаў ужо дзясяткі, калі не сотні.

Дабрачынныя акцыі па зборы сродкаў множацца ў геаметрычнай прагрэсіі. Да іх далучаецца ўсё больш міністэрстваў і ведамстваў. Напрыклад, супрацоўнікі міліцыі ўдзельнічаюць у дабрачыннай акцыі «Міліцыя — урачам». Сабраныя сродкі пойдуць на закупку сродкаў для ўстаноў аховы здароўя ў рэгіёнах. Савет Рэспублікі перадаў сродкі індывідуальнай абароны медперсаналу РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў перадалі ўрачам 6-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска сродкі індывідуальнай абароны — 610 камбінезонаў і 610 рэспіратараў. Сродкі індывідуальнай абароны і медыцынскае абсталяванне закупляюць дабрачынныя фонды, некамерцыйныя арганізацыі і валанцёры. Вялiкі дзякуй усiм!

Паралельна з матэрыяльнай iдзе i маральная падтрымка. Напрыклад, больш за 700 байцоў 38-й Брэсцкай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой Венскай Чырванасцяжнай брыгады выстраілася на пляцы, каб з вышыні чыталася фраза # ДЗЯКУЙдоктар. Такім чынам дэсантнікі падтрымалі ўсіх медыкаў, якія змагаюцца з пандэміяй каронавiруса ў Беларусі і ва ўсім свеце. А беларускія артысты аб’ядналіся ў 8-гадзінным дабрачынным анлайн-марафоне, каб падтрымаць медработнікаў краіны. На сценах гандлёвага цэнтра ў Гродне з’явілася праекцыя са словамі падзякі ўрачам, якія змагаюцца з небяспечнай інфекцыяй, на розных мовах. Нядаўна па ўсёй краіне з лёгкай рукі БРСМ і РУП «Белпошта» стартаваў марафон #CпасибоМедикам. Кожны жыхар краіны можа адправіць паштоўку з віншаваннямі ў любую медустанову. У першы ж дзень акцыі было аформлена больш за тысячу падзячных лістоў і паштовак!

Словамi шчырай падзякi лiтаральна фантаніруе інтэрнэт. Цяперашнія сацыяльныя сеткі, як і ўся віртуальная прастора, — суцэльны палёт фантазіі інтэрнэт-карыстальнікаў. У іх — гонар і спачуванне, неспакой, удзячнасць, упэўненасць. 

Галоўнае, што мы адзіныя ў адным: у складаных умовах удзел кожнага грамадзянiна мацуе агульную справу. Таму я ведаю: згуртаванасць і ўзаемная падтрымка дапамогуць нам справіцца з пандэміяй. Разам мы пераможам!

misnik@sb.by

Фота БЕЛТА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter