Удзельнікаў ЦТ будзе крыху менш

Колькасць удзельнікаў ЦТ гэтага года складзе каля 100 тысяч

Нягледзячы на багацце майскіх свят, ёсць тыя, каму не да адпачынку. Хлопцы і дзяўчаты, якія збіраюцца паступаць у ВНУ і ССНУ, праводзяць гэтыя дні ва ўпартай вучобе. І, акрамя таго, рэгіструюцца для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні.

За паўтара няпоўных тыдня, расказалі ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў, дакументы на ўдзел ва ўступных выпрабаваннях гэтага года падалі каля 25 тысяч абітурыентаў, што менш, чым у мінулым годзе, на 5 тысяч. І ў цэлым, па словах дырэктара РІКВ Мікалая Фяськова, чакаецца, што колькасць удзельнікаў ЦТ гэтага года будзе крыху менш леташняй і складзе каля 100 тысяч супраць 113 тысяч у 2013 годзе.

Прычына гэтага, як і раней, дэмаграфічная «яма», але ні ў якім разе не зніжэнне папулярнасці вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі. Мікалай Фяськоў нагадаў, што з пачатку тэсціравання (а гэта 2002 год) да 90 працэнтаў ад колькасці выпускнікоў школ падаюць заявы для ўдзелу ў ЦТ. Разам з тым у агульным ліку ўдзельнікаў выпускнікі гэтага года складаюць усяго каля паловы, астатнія — тыя, хто скончыў школу ў мінулыя гады, а таксама выпускнікі ССНУ і ПТВ.           

Заявы паступаюць без вялікага ажыятажу з боку абітурыентаў, але дастаткова інтэнсіўна. Гэта пацвярджаюць і ў галоўнай ВНУ краіны — Бел-дзяржуніверсітэце, дзе, дарэчы, ужо для ўдзелу ў ЦТ, як і на гэты перыяд у мінулым годзе, зарэгістравалася больш за 2 тысячы чалавек. Як паведамілі ў ВНУ, у ліку прадметаў — лідараў па колькасці жадаючых праверыць свае веды — фізіка. Яе пажадалі здаваць 16 працэнтаў ад ліку зарэгістраваных.

Намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі БДУ Вячаслаў Малафееў адзначыў, што ў ліку тых, хто зарэгістраваўся, — шмат беларусаў — грама-дзян Расіі і Казахстана. Акрамя таго, з гэтых краін паступае нямала званкоў ад патэнцыяльных удзельнікаў ЦТ гэтага года. Хлопцы і дзяўчаты цікавяцца тэрмінамі ўступных выпрабаванняў і рэзервовым днём, бо з-за ўласных іспытаў, у прыватнасці АДЭ, на адзiн з экзаменаў ЦТ з’явіцца не змогуць.

Па словах Вячаслава Малафеева, такі інтарэс з боку прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Расіі і Казахстане абумоўлены той вялікай працай, якую правёў БДУ ў гэтым годзе. Спецыялісты ВНУ наведалі шэраг адукацыйных выстаў у Казані, Сургуце, Мурманску і іншых гарадах. «Спадзяёмся, гэта дасць свой вынік», — падкрэсліў Вячаслаў Малафееў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter